Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністры фінансаў краінаў Эўразьвязу пасьля 11 гадзінаў абмеркаваньня прынялі беспрэцэдэнтны паводле памераў плян падтрымкі агульнаэўрапейскай валюты і стабілізацыі фінансавых сыстэм краін Зьвязу. На гэтыя мэты будзе выдаткавана 750 мільярдаў эўра, 110 мільярдаў эўра атрымае Грэцыя.

Міністры 16 краінаў эўразоны раіліся ўсю ноч, і толькі раніцаю сёньня рашэньне было прынятае. Стабілізацыйны пакет складаецца з 60 мільярдаў крэдытаў Эўракамісіі, 250 мільярдаў, якія дае Міжнародны валютны фонд, і 440 мільярдаў, якія забясьпечваюць урады краін Эўразьвязу.

Плян разьлічаны на 3 гады, ён прадугледжвае дапамогу найперш тым краінам, якія пакутуюць ад даўгавога крызісу – найперш Грэцыі, Гішпаніі, Італіі і Партугаліі. Грэцыі дастанецца 110 мільярдаў са стабілізацыйнага пакету, першую траншу Афіны атрымаюць ужо праз 9 дзён.

Эўракамісар у эканамічных і валютных пытаньнях Олі Рэн тлумачыць, што праблемы Грэцыі пагражаюць фінансавай стабільнасьці ўсёй эўразоны і ўсяго Эўразьвязу.

Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель патлумачыла неабходнасьць рашэньня, прынятага сёньня раніцаю, такімі словамі:

“Гэты пакет павінен умацаваць і абараніць нашу агульную валюту. Гэта беспрэцэдэнтны выпадак у гісторыі эўра і Эўразьвязу, мы абараняем нашу валюту ў экстраардынарнай сытуацыі. А нашым грамадзянам я хацела б сказаць: мы абараняем грошы нямецкага народу”.

Аднак гарантыі і дапамога даюцца пад пэўныя абавязкі тых, каму яны выдзяляюцца. У мінулы чацьвер парлямэнт Грэцыі прагаласаваў за праграму радыкальных захадаў для скарачэньня бюджэтнага дэфіцыту краіны.

Гэтае рашэньне выклікала хвалю пратэстаў, на мінулым тыдні на заклік прафсаюзаў дзясяткі тысяч людзей узялі ўдзел у акцыях пратэсту, якія суправаджаліся падпаламі будынкаў і аўтамашын.

Біржа адрэагавала нават на пляны выдзяленьня велізарнага пакету дапамогі: у мінулую пятніцу эўра падаражэў на тры цэнты – з 1 даляра 27 цэнтаў да даляра 30 цэнтаў.

Ангела Мэркель правяла перамовы з прэзыдэнтам ЗША Баракам Абамам, які абяцаў падтрымку эўрапейскаму пляну фінансавай стабілізацыі. Фэдэральная рэзэрвовая сыстэма ЗША возьме ўдзел у рэалізацыі гэтай праграмы.

Але выглядае, што найперш ад здольнасьці грэцкіх уладаў выканаць прынятую праграму “зацягваньня паясоў” залежыць, ці атрымае краіна абяцаную дапамогу, а ўрэшце і фінансавая стабільнасьць Эўропы.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG