Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грэцыя ўсё ж спадзяецца зарабіць на турыстах. У тым ліку і на беларускіх


Пасьля таго як 9 траўня Міжнародны валютны фонд (МВФ) ухваліў выдзяленьне Грэцыі крэдыту ў памеры 30 мільярдаў эўра, жарсьці ў краіне крыху суцішыліся. Прынамсі, цягам выходных такіх эксцэсаў, якія мелі месца на пачатку мінулага тыдня, не назіралася. Ці могуць падзеі ў Грэцыі нейкім чынам адрэзанаваць на Беларусі?

Паводле аб'ёму міждзяржаўнага таваразвароту Грэцыя не ўваходзіць нават у першую дваццатку стратэгічных партнэраў Менску. У 2008 годзе краіны нагандлявалі ўсяго на 18 мільёнаў даляраў, прычым беларускі экспарт складае ўсяго 2 мільёны даляраў, а адмоўнае сальда перавысіла аж 14 мільёнаў даляраў.

З улікам крызіснага 2009-га і ў зьвязку з фатальнай эканамічнай сытуацыяй у самой Грэцыі нават гэтыя сьціплыя лічбы могуць істотна зьменшыцца. Аснову беларускай прысутнасьці ў Грэцыі складаюць кандытарскія вырабы, піламатэрыялы, пушная ды футравая сыравіна, штучныя ніткі. У Беларусь пастаўляліся садавіна, тытунёвая сыравіна, алюмініевы профіль.

Грэцыя, апынуўшыся ў цяжкім бюджэтным крызісе, з-за немагчымасьці рэфінансаваць на рынках 300-мільярдны доўг афіцыйна зьвярнулася па фінансавую падтрымку да МВФ і Эўразьвязу. Пакет дапамогі зацьверджаны ў памеры 110 мільярдаў эўра, першыя 9 мільярдаў павінны паступіць у бюджэт да 20 траўня. Востры фінансавы крызіс стаў прычынай масавых хваляваньняў, якія на мінулым тыдні прывялі да чалавечых ахвяраў: разьюшаны натоўп падпаліў адзін з афінскіх банкаў, у пажары загінулі тры супрацоўнікі ўстановы. Былі спаленыя і разгромленыя дзясяткі аўтамабіляў, крамаў і будынкаў у цэнтры сталіцы.

Эканаміст Леанід Злотнікаў кажа, што наўрад ці можна праводзіць наўпроставыя паралелі паміж Беларусьсю і Грэцыяй. Але трэба памятаць, што Менск гэтаксама трапіў у крэдытную залежнасьць, атрымаўшы ад МВФ больш як 3,5 мільярда даляраў фінансавай дапамогі. Пры гэтым беларускі бок выказаў зацікаўленасьць у атрыманьні новай пазыкі. Праўда, прэтэндаваць на дапамогу будзе досыць складана — урад аб'ектыўна не пасьпявае за патрабаваньнямі фонду:

Леанід Злотнікаў
"Калі беларускі ўрад ня будзе выконваць свае абавязкі наконт скарачэньня спажываньня, то высновы могуць быць для нас несуцяшальныя. Найперш гэта тычыцца скарачэньня гандлёвага балянсу. Па-другое, калі ня будзе лібэралізацыі эканомікі, каб дасягнуць гэтага скарачэньня дэфіцыту гандлёвага балянсу, каб зрабіць эканоміку больш эфэктыўнай, то МВФ можа прыйсьці да высновы, што Беларусі нічога не дапаможа, ніякія вонкавыя ўліваньні. Тады могуць крэдыты ня даць".

Вядома, ня варта забывацца і на турыстычны складнік, які для бюджэту Грэцыі мае істотнае значэньне. Адпачынак у антуражы антычнай гісторыі прыцягвае на ўзьбярэжжы Іянічнага і Эгейскага мораў мільёны турыстаў, у тым ліку і беларусаў.

У сярэднім штогод зь Беларусі ў Грэцыю выяжджае крыху больш за тысячу чалавек. Супрацоўніца турыстычнага агенцтва Марыя Крупнікава кажа, што не дадаюць імпэту і пэрыядычныя хваляваньні грэкаў, незадаволеных эканамічнай палітыкай сваіх уладаў. І хоць звычайна мітынгі адбываюцца ў вялікіх гарадах, лішні раз рызыкаваць нікому ня хочацца.

Апроч таго, адпуджвае досыць высокі кошт адпачынку — ад 1000 эўра ў 3-зоркавым гатэлі. Ёсьць складанасьці і з запаўненьнем дакумэнтаў, бо ў Менску няма грэцкага консульства. Гэта азначае, што да звыклых 60 эўра за візу трэба дадаць 30 эўра за кур'ерскія паслугі. На сям'ю з чатырох чалавек сума выходзіць адчувальная:
да мяне турысты з намерам адпачыць у Грэцыі пакуль нават і не зьвярталіся ...

"Я паглядзела, якія дакумэнты зараз патрабуе Грэцыя, дык ніяк ня скажаш, што зрабіць гэта элемэнтарна. Да таго ж візы беларусам даводзіцца адкрываць у Маскве. І праблема ў тым, што грэкі не бяруць зьвестак пра нерухомасьць, каб пераканацца ў платаздольнасьці заяўніка, а патрабуюць справаздачу толькі пра чысты грашовы прыбытак. Калі ангельцам яшчэ можна дадаткова даць зьвесткі пра кватэру, машыну, нерухомасьць, то ў гэтым выпадку такое не праходзіць. Таму, прыкладам, да мяне турысты з намерам адпачыць у Грэцыі пакуль нават і не зьвярталіся".

Спадарыня Ала, прадстаўніца яшчэ адной менскай турфірмы, кажа, што многія беларусы ўсё ж спадзяюцца на "абвал" коштаў на курортах Грэцыі. Але пакуль што тэндэнцыя для патэнцыйных курортнікаў не аптымістычная:
да мяне турысты з намерам адпачыць у Грэцыі пакуль нават і не зьвярталіся ...

"Заўсёды трэба мець на ўвазе, што нейкая краіна можа "стрэліць" таннай прапановай. Гэта можа быць і Грэцыя, калі чакаеш, што Грэцыя шалёна дарагая. Усё залежыць ад канкрэтнага моманту, таму людзі ў пэўным чаканьні. І ўсё ж назіраецца тэндэнцыя на ўздым коштаў. Нават калі сачыць за раньнім браніраваньнем на эўрапейскія краіны, параўноўваючы зь мінулым годам, то такая тэндэнцыя ёсьць. Усе, прыкладам, чакалі падзеньня цэн на Грэцыю, паколькі ў іх крызіс, іншыя праблемы, але Грэцыя вельмі стабільна ўтрымлівае свае кошты. І нават плянку запасу ўзяла зь мінулага году".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG