Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларускія партызаны сарвалі ўсясьветную хімічную вайну


Андрэй Кірылавіч Маркавец

Андрэй Кірылавіч Маркавец

Андрэю Маркаўцу 84 гады, ён жыве ў Асіповічах. Тры гады таму пасьля наведваньня ў Менску параду Перамогі вэтэран захаладзіўся і доўга хварэў, таму больш на парады ня езьдзіць.

Але згадаць ёсьць пра што. Як партызан Андрэй Маркавец узрываў нямецкія цягнікі і аднойчы спрычыніўся да дывэрсіі, якая стала вядомаю на ўвесь сьвет. Як артылерыст Андрэй Маркавец быў паранены пад Варшавай, браў Бэрлін і братаўся з амэрыканскімі салдатамі на Эльбе.

Перамогу Андрэй Маркавец сустракаў тройчы: першы раз на пачатку траўня 1945 году, калі за Бэрлінам фронт спыніўся і паўзу ў баях салдаты сустрэлі "салютам" з усёй зброі ў неба. Але назаўтра баі аднавіліся.

Другі раз перамогу адзначылі 9 траўня, калі даведаліся, што Кейтэль падпісаў капітуляцыю. Але Жукаў загадаў наступаць далей, каб заняць больш нямецкай тэрыторыі. Зноў лілася кроў, бо асобныя часткі нямецкіх войскаў здавацца на жадалі. Таму сапраўдную перамогу яны сустрэлі толькі на Эльбе, калі сустрэліся з амэрыканскімі войскамі.

Як беларускія партызаны сарвалі ўсясьветную хімічную вайну? Ці магла Чырвоная Армія дапамагчы варшаўскім паўстанцам? Чаму параненыя недалечанымі ўцякалі на фронт? Навошта амэрыканскія салдаты зрывалі з савецкіх камсамольскія значкі? За што пасьля вайны зьнялі партрэты Жукава? Расповеды пра вайну Андрэя Кірылавіча Маркаўца запісаў на відэа наш карэспандэнт Алег Грузьдзіловіч.

Як беларускія партызаны сарвалі ўсясьветную хімічную вайну?

"У нас быў выпадак. Мы ўтрох з камандзірам аддзяленьня ўзарвалі вайсковы эшалён. Гэта было пад Калінкавічамі. І быў загад абавязкова ўзяць нешта ў доказ, нейкі трафэй. І вось камандзір аддзяленьня загадаў узяць аднаму з нашых, Бабіна яго было прозьвішча, ня бегчы адразу назад, а ўзяць нешта. І ён прынёс такі невялікі балён. Кажа, вось парассыпалася нешта, а што гэта, ніхто ня ведаў. Мы і пабеглі. Праўда, калі беглі, дык немцы адкрылі вялікую страляніну і ранілі камандзіра аддзяленьня, але ён выжыў. Прыйшлі ў атрад і аддалі той балён. А ў нас у атрадзе быў немец, камісар атраду. Ён прачытаў, што напісана на тым балёне, і аказалася, што гэта быў атраўляючы газ. Па рацыі зьвязаліся з камандаваньнем, дык прыслалі адмыслова самалёт і пераправілі балён за лінію фронту. І тады Тэлеграфнае агенцтва Савецкага Саюзу зьвярнулася да ўсясьветнай супольнасьці, што фашысты рыхтуюць хімічную вайну супроць СССР, і ў якасьці доказу прадэманстравалі балён з газам, які ўзялі на пэўнай тэрыторыі. Пасьля гэтага выступіла ўся кааліцыя — Англія, ЗША, французы ды іншыя, хто дапамагаў, — з грозным папярэджаньнем Гітлеру, што калі ён разьвяжа хімічную вайну, тады будзе зьнішчана ўсё нямецкае насельніцтва. І немцы адмовіліся ад гэтых плянаў. А ці яны былі? Дык інакш навошта трэба было везьці да лініі фронту гэты газ? Гэта быў 1943 год. Напэўна, у жніўні ці верасьні".




Ці маглі дапамагчы варшаўскім паўстанцам?

"Безумоўна маглі, безумоўна. Чаму? Хай яны адкажуць, тыя таварышы, якія тады камандавалі. Я памятаю, як да нас на лінію фронту прыходзіў нейкі вялікі военачальнік, бо ў яго шапка была вялікая, каракулевая. І пагоны з бляскам, не такія, як звычайна. Блізка я яго ня бачыў, але бачыў, як яны каля батарэі ішлі, відаць, мясцовасьць ад нас вывучаў. А хто гэта быў — Жукаў ці Ракасоўскі? Але зь ім шмат было афіцэраў. І войскі тады былі гатовыя наступаць, і было чым страляць. Але чаму не стралялі, чаму ня кінуліся дапамагаць... ня ведаю. Ведаю, што немцаў, якія былі на правым беразе Віслы, выгналі ўжо пасьля таго, як у Варшаве падавілі паўстаньне. А мы пачалі наступаць толькі 14 студзеня, у 4 гадзіны раніцы.

А яшчэ, калі мы стаялі там пад Варшавай і ўсё не вызвалялі, дык Войска Польскае падышло, занялі побач з намі пазыцыю. І вось я стаю ноччу ў дазоры і паляк побач, і ён мне нешта кажа, што нам зямлі дадуць шмат. Ён казаў, што па 20 гектараў дадуць. Вы будзеце жыць багата, казаў. А потым кажа: вы стралялі нам у сьпіну ў 39-м годзе. "Нядобра рабілі!" І я кажу, сапраўды дрэнна рабілі, бо калі немец пайшоў на Польшчу, дык Чырвоная армія не пайшла дапамагаць палякам, абараняць Польшчу, а пачала сапраўды, як ён казаў, у сьпіну страляць і забіраць тую Заходнюю Беларусь і Заходнюю Ўкраіну. А можна ж было адбіць немцаў, разьбіць іх на чужой зямлі, а пасьля таргавацца, каму тую Заходнюю Беларусь і Заходнюю Ўкраіну аддаваць ці падзяліць. Так не зрабілі, а дапамаглі немцам разьбіць Войска Польскае, зьнішчыць дзяржаву цалкам. З двух бакоў напалі — канечне, палякі не былі ў стане справіцца. І адкрылі немцу дарогу на Расею, на гэны Савецкі Саюз. Вось такі Сталін быў галоўнакамандуючы, такі ў яго быў розум. Але тады ж усе крычалі: "Да здраўствуе наш дарагі Сталін!" Ажно кончылася вайна, і нікому ніякіх гектараў не давалі. Ідзі ў калгас і працуй колькі хочаш".




Чаму параненыя салдаты са шпіталя ўцякалі на фронт?

"Прывязалі мне руку і яшчэ адна сястрычка трымала, а гэтыя дактары ўдвох працавалі. З дапамогай стамескі вырвалі гэты ашчэпак. У мяне кашуля была, бялізна, дык мяне як вадой абліло, уся кашуля стала мокрай, гэтак я ўпацеў. Гэты ашчэпак з рукі дасталі, а той, што паміж рэбраў, ня сталі, адклалі на потым, і з нагі таксама не чаплялі. Палажылі, а потым другі ашчэпак дасталі, трэці. І ўсё без наркозу. Побач нагу раненаму пілавалі, звычайнай нажоўкай з адной ручкай. Жах! Потым чалавек ачуняў і крычаў, каб яго прыстрэлілі. І другія крычалі, каб прыстрэлілі. Пасьля таго як я паляжаў крыху, адправілі мяне на кухню чысьціць бульбу. Сяджу я, чышчу бульбу разам зь іншымі чырвонаармейцамі і чую, як дамаўляюцца, што будуць уцякаць. Навошта, пытаюся? А таму, кажуць, што ты ў сваю частку ўжо не патрапіш, а пашлюць цябе ў пяхоту, адкуль ня вернесься. А мы хочам у сваю частку. Кажу, і мяне вазьміце. Давай. Яны прыгатавалі сухары, а я ж нічога не прыгатаваў, але пабег за імі, як дурань, зь перавязанай рукой. А потым у адным месцы пераходзілі дарогу, ужо за Варшавай, адзін крычыць на мяне, каб лажыўся. Бачу, яны хаваюцца, і я хаваўся. А чаму, пытаюся. А нас, кажуць, калі зловяць, дык залічаць у дэзэрціры, а гэта альбо расстрэл, альбо штрафная рота. Тады я зразумеў, чаму трэба хавацца. А там, аказваецца, вазілі снарады і можна было патрапіць. І далей мы ўжо беглі не па дарозе, а на ўскрайку. І праз два ці тры дні я дабег да свайго палку. Пыталіся, дзе полк стаіць. Тады называлі ня полк, а "гаспадарка". Знайшоў сваю батарэю. Прынялі без дакумэнтаў, мяне ж ведалі. Толькі спыталіся: хіба ты жывы? Ну, ваюй далей".




Чаму на Эльбе амэрыканскія салдаты зрывалі ў чырвонаармейцаў камсамольскія значкі?

"Каманду страляць не даюць, а мы бачым, што перапраўляюцца са зброя на наш бераг ракі. Неяк страшна стала, усё чакаем, калі дадуць каманду. Мы б іх шрапнэльлю шмат там паклалі. Пэўна думалі, што гэта немцы, а насамрэч гэты былі амэрыканскія салдаты. У немцаў таксама ў некаторых былі штаны не галіфэ, а клёш. Гэта аказаліся чорнаскурыя амэрыканцы, якія служылі ў войску. Калі яны падышлі бліжэй, я ўпершыню ўбачыў, што могуць быць такія чорныя-чорныя людзі. Зубы белыя, як пабеленыя фарбай, вакол вачэй белае, далоні белыя, а астатняе ўсё чорнае. Рукавы ў іх закатаныя, кашулі не так як ў нас, пад рамень, а навыпуск, як цяпер ў нас афіцэры ходзяць, у чаравіках ці паўчаравіках. І яны пачалі бегаць па нашай тэрыторыі. Мы спачатку напрагліся, што вы, маўляў, робіце? Але ніхто нас не разумее, размовы ў нас не атрымалася. І яны пачалі ў нас зрываць значкі, мэдалі. Таксама глядзелі, якая ў нас зброя, гэта ж цікава. Якая ў нас вопратка пабачылі, што брудная, старая, якія ў нас абмоткі на нагах. Як нам было цікава паглядзець, што яны такія чорныя, дык яны глядзелі, як мы апранутыя. Яны свае плашч-палаткі рассьцялілі, пакідалі на іх рамяні, сыгарэты. Тут нашы хлопцы таксама не разгубіліся, асабліва старэйшыя, пачалі ў іх сыгарэты красьці. Гэта было. Бралі іхныя сыгарэты, цукеркі, шакалядкі. Але яны зусім не крыўдзіліся. Яны пазалазілі на нашу палутарку ды пачалі на ёй скакаць. Я стаяў з боку і бачу, як рэсора прагнулася, крычу: "Вы што! Зламаеце машыну!" На мяне ніхто нават увагі не зьвярнуў. Але пацешыліся і зьлезьлі з машыны.

Два дні мы гэтак разам пабылі. Тады ім далі каманду, пастроілі, пасадзілі ў аўтамабілі і яны з'ехалі. А мы – пешшу. Прысьцягнулі пушкі да сваіх лашадак і пешшу.

Такім чынам падарункаў мы адзін аднаму не рабілі. Бо не маглі. Мы не ўмелі размаўляць на іх мове, а яны на нашай. А зрывалі яны гэта на сувэніры. У мяне мэдалю не было, дык ўзялі ў мяне камсамольскі значок. Проста сарвалі і ўсё!"




За што пасьля вайны зьнялі партрэты Жукава?

"Старшыя афіцэры, у якіх былі аўтамабілі ці хаця б конь, яны бралі трафеі. Але толькі не шэрагоўцы і не сяржанты, нават не камандзіры ўзвадоў. Гэтым бедалагам нічога не дазвалялася. Нават быў загад нічога не браць у рукі нямецкага. Але былі такія, хто парушаў гэты загад і каго каралі. Самога Жукава пакаралі, Георгія Кантанцінавіча. Казалі, што ягоная жонка ў Дрэздэне ўзяла карціны і яго зьнялі з камандуючага групай войск ў Германіі. Гэта праўда ці не, ня ведаю. У той час я ўжо быў старшыной батарэі, ў нас ў пакоях, дзе спалі салдаты, віселі партрэты Жукава. І тут загадалі зьняць гэтыя партрэты. Я іх зьняў, але не зьнішчыў. Салдацікі занесьлі ў капцёрку, я іх там схаваў і яны, магчыма, там дагэтуль стаяць.

Наш камандзір батарэі нічога не браў, нічога не было ў яго нямецкага. Праўда, калі ўжо скончылася вайна, возьмем гады 47-ы, 48-ы, 49-ы, 50-ы., яны атрымлівалі добры заробак нямецкімі грашыма. Я і то атрымліваў 150 марак – вялікія грошы. Самыя прыгожыя чаравікі мужчынскія каштавалі 40 марак, строй каштаваў 300 марак – добры строй, з бавоўны, па ўсіх правілах. І афіцэры куплялі за свае грошы. Вось ў нас была крама ваенторга, а побач з гарнізонам былі нямецкія крамы і там яны куплялі, ў іх грошай хапала. Куплялі што жадалі. Ровар дык ровар. У іх жа ровары былі не такія, як ў рускіх, што на яго глядзець жахліва. У іх ровар такі, што усім захочацца. І я хацеў яго набыць, і мог бы, але мне сказалі, што будзеш ехаць праз мяжу – не прапусьцяць. А як яны правозілі? Вось у нас намесьнік камандзіра палка па артылерыі, калі яго дэмабілізавалі, запрасіў мяне дапамагчы яму рэчы пакаваць. Дык у яго дываноў было некалькі, можа з дзесятак, і ровар быў. Але ён узяў вагон, дакладней, яму далі вагон на станцыі, і туды ён загружаў сваё багацьце. А я яму толькі дапамагаў, я і яшчэ некалькі такія, як я. Крыху было нават крыўдна, што нам нічога, а ім давалі вагон. А ў вагон ён грузіў, што хацеў. Нават, як кажуць, аўтамабілі грузілі..."




Як бяззбройныя немцы завод "Карл Цэйс" ад Чырвонай арміі ўратавалі

"Стаялі мы ў нямецкім горадзе Ена, дзе ёсьць славуты завод оптыкі "Карл Цэйс". Я быў там, бачыў, як алеем на станках шліфуюць шкло. У адзін час мы гэты завод спрабавалі вывезьці, але немцы зрабілі з людзей жывую сьцяну, а нам не дазволілі біць немцаў. Пастаялі-пастаялі мы і здаліся. А да таго нам быў загад грузіць станкі і вывозіць, а куды, мы загаду не атрымалі яшчэ. Нам толькі быў загад пагрузіць на машыны і прыгатавацца. Пачалі грузіць, а яны акружылі нас і ўсё. І жанчыны, і дзеці, і сталага веку – усе немцы. Увесь горад. Яны кажуць: а дзе мы будзем працаваць? Там жа людзі працавалі на заводзе. І другое, яны, відаць, аказаліся большымі патрыётамі, чым мы думалі. Я так мяркую. Яны ў нас каменьне не кідалі, але далі зразумець, што будуць стаяць на сьмерць. І сапраўды, як гэта?.. Ды сам Сталін загадваў бы мне расстраляць, я б не страляў польскіх палонных, як гэты фашыст зрабіў. Я б міма страляў. Як гэта, забіваць чалавека ваеннапалоннага? Ёсьць жа дамовы міжнародныя, што з палоннымі трэба абыходзіцца па-чалавечы. Аднак Гітлер вунь што рабіў з нашымі палоннымі, і Сталін гэтак сама паступіў з палякамі, паказаў прыклад, колькі тысяч забіў. А калі б мяне забілі за невыкананьне загаду? Ну і Бог са мной. Я б сам сябе забіў, чым ў дзіця страляць ці ў невінаватага чалавека. Як гэта? Я вось за сваё жыцьцё два ці тры разы бачыў, як расстрэльваюць, дагэтуль па начах уздрыгваю. У сьне думкі нейкім кругам ідуць і зноў да гэтага прыходзяць, да гэтых успамінаў...Гэтак і з тымі немцамі. Мы яшчэ выбіралі, які станок нам адвінціць і паставіць на машыну – а тут немцы паўсталі. Зрабілі сьцяну, што нават не бачна, колькі іх там ў глыбіню: дзесяць ці дваццаць радоў. Ну і едзь на іх. І мы не паехалі. "

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG