Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нарэшце пасьля доўгай зімы прыйшлі па-сапраўднаму цёплыя дні. Сонца сьвеціць, кветкі цьвітуць. Колькасьць жа людзей ува ўсім сьвеце, якія ў гэтай сувязі адчуваюць сябе кепска, штогод большае.

Прычына – паліноз (у народзе – сянная ліхаманка), алергічнае захворваньне на пылок розных расьлінаў. Праяўляецца ў яно ў чханьні, кашлі, насмарку, сьлёзацячэньні, высыпаньнях на скуры. Адзін з самых непрыемных відаў сэзоннай алергіі – алергічная астма. Хвароба выкліканая тым, што алерген (пылок) трапляе ў дыхальныя шляхі, імунная сыстэма пачынае рэагаваць на гэта моцным скарачэньнем цяглічных тканак, узьнікае бранхіяльная спазма, а дыхальныя шляхі напаўняюцца густой сьлізьзю. Разбуральны эфэкт алергічнай астмы ў тым, што яна становіцца хваробаю на ўсё жыцьцё, у шэрагу выпадкаў пры адсутнасьці кваліфікаванай мэдычнай дапамогі настае сьмерць.

Як сьцьвярджаюць прадстаўнікі Нямецкага таварыства алерголягаў, найбольш небясьпечнымі для так званых сэзонных алергікаў зьяўляюцца позьнія вёсны, калі расьліны расьцьвітаюць не паступова, то бо ў прызначаны для кожнага віду час, а ўсе разам. У выніку паветра напаўняецца даволі агрэсіўнай для алергікаў пылковай сумесьсю. Акрамя таго, цяперашняя экалёгія, зьмены ў клімаце істотна ўплываюць на мутацыю расьліннага сьвету. Штогод зьяўляюцца чарговыя “алергенавыя сюрпрызы”. Напрыклад, сёлета схільныя на сэзонную алергію людзі будуць найбольш пакутаваць ад бярозавага пылку.

Паводле кіраўніка алергічнага цэнтру ў бэрлінскай клініцы Charité прафэсара Карла Крыстыяна Бэргмана, сёлета лекаваньне ад так званай “бярозавай алергіі” выдзелена ў асобны кірунак. Як паказалі дасьледаваньні, ад 1999 году назіраецца відавочнае павелічэньне сярэднегадавой колькасьці бярозавага пылку. Фактычна гэты пылок плавае ў паветры найбольшую колькасьць часу у годзе. З-за свайго мікрапамеру (ён удвая больш тонкі за чалавечы волас) бярозавы пылок лёгка трапляе ў арганізм чалавека. Сёлета ён асабліва моцна будзе раздражняць вочы, нос і лёгкія. Самых непрыемных наступстваў трэба чакаць пры высокай вільготнасьці паветра, асабліва ў дождж. У такіх умовах алерген схільны выклікаць найцяжэйшыя прыступы астмы. Спэцыялісты раяць алергікам праводзіць як мага менш часу на паветры ў такую пару, заўсёды мець пры сабе прызначаныя лекарам антыгістамінныя прэпараты або такі гармон, як картызон, а пры неабходнасьці выклікаць хуткую дапамогу. Як падкрэсьлівае прафэсар Бэргман, вышэйназваныя прэпараты значна палягчаюць самаадчуваньне чалавека, аднак, тым ня менш, не вылечваюць алергіі.

У нямецкіх клініках даволі пэрспэктыўным лекаваньнем алергічных захворваньняў лічыцца імунатэрапія. Тэрапія павінна ажыцьцяўляцца пэўнымі курсамі ў так званых нарастальных дозах. Сярод прэпаратаў – індывідуальна падабраныя антызапаленчыя наркатычныя сродкі, якія ўзьдзейнічаюць на пашырэньне бронхаў. У клінічных умовах у такога хворага рэгулярна бяруцца аналізы крыві, праводзіцца дыягностыка дыхальнага рэфлексу. Дарэчы, апошнім часам большасьць астматыкаў навучылася вымяраць частату дыханьня дома пры дапамозе спэцыяльнага апарату Peak-Flow-Meter. Ён такі ж просты ў выкарыстаньні, што і таномэтар.

Тым часам група навукоўцаў з Каралеўскага коледжу ў Лёндане лічыць, што эфэктыўнае лекаваньне тых, хто пакутуе на сэзонную алергію, магчымае толькі пры ўзмацненьні ключавога элемэнту імуннай сыстэмы, які адказвае за алергічную рэакцыю. Досьледы на мышах даказалі, што пасьпяховыя вынікі магчымыя шляхам рэгуляцыі Т-клетак тыпу CD4+, прычым ня толькі ў выпадках лекаваньня розных відаў алергіі, але і пры аўтаімунных захворваньнях, уключна з расьсеяным склерозам. Паводле кіраўніка групы Марка Ларша, зьяўленьня вакцыны трэба чакаць пра чатыры-пяць гадоў.

У сваю чаргу Японія вырашыла змагацца з сэзоннай алергіяй (асабліва ў пару цьвіценьня сакуры) з дапамогаю пэўных мэлёдыяў, устаноўленых на мабільных тэлефонах.

Паводле кампаніі-вынаходніцы Japan Ringing Tone Laboratory, алергіку цяпер замест таго, каб ратавацца насоўкаю, трэба дачакацца моманту, калі зазвоніць яго мабільнік і паднесьці слухаўку да носа. Тады гук пазбавіць арганізм пылку – алергену. “Упершыню знойдзены спосаб кіраваньня Т-клеткамі ў мэтах уплыву на ход алергічных рэакцыяў”, – лічаць японцы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG