Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канадзкі суд адмовіў Менску ў дэпартацыі былой прастытуткі


29-гадовая беларуская грамадзянка Ганна Клочак, якая знаходзіцца ў міжнародным вышуку, атрымала часовы від на жыхарства ў Канадзе і такім чынам пазьбегла дэпартацыі на радзіму.

Колішнюю менскую прастытутку расшукваюць беларуская міліцыя і Інтэрпол. Яе вінавацяць у крадзяжы. Падрабязнасьцяў справы журналістам Toronto Sun даведацца не ўдалося.

Ганна Клочак прыехала ў Канаду пяць гадоў таму. Яна зьвярнулася да мясцовых уладаў з просьбай даць ёй статус уцякачкі. Аднак прадстаўнікі міграцыйнай службы адмовілі ёй.

У 2009 годзе Клочак падлягала высылцы ў Беларусь, але яна абскардзіла гэтае рашэньне ў Фэдэральным судзе Канады. У выніку судзьдзі прызналі рашэньне міграцыйных чыноўнікаў "юрыдычна памылковым".

Як заявіў судзьдзя Джэймс O'Рэйлі, Ганна Клочак мела ўсе падставы для таго, каб папрасіць прытулку. Знаходзіцца на радзіме, дзе яна "была вымушаная займацца прастытуцыяй пад прымусам крымінальных элемэнтаў", для яе было і застаецца небясьпечным. Для асобы, якая абвінавачваецца ў крадзяжы, у выпадку вяртаньня ў Беларусь існуе рызыка "жорсткага або незвычайнага пакараньня".

O'Рэйлі таксама дадаў, што прадстаўнікі канадзкіх міграцыйных службаў праігнаравалі фактычныя зьвесткі адносна сытуацыі ў беларускіх турмах. Яны палічылі, што знаходжаньне ў беларускіх вязьніцах не нясе пагрозы жыцьцю і здароўю. Насамрэч беларускія турмы перапоўненыя, заразныя хваробы ў іх — звычайная рэч, зьняволеныя слаба забясьпечваюцца мэдычнай дапамогай, харчаваньнем. Тыя, хто спрабуе скардзіцца, зазнаюць шантаж і пагрозы.

Паводле судзьдзі фэдэральнага суду Канады, чыноўнікі не ўлічылі той рызыкі, зь якой можа сутыкнуцца маладая беларуска ў выпадку дэпартацыі. Менавіта таму суд прыняў рашэньне даць Клочак часовы дазвол на знаходжаньне ў Канадзе. Бліжэйшым часам беларуская грамадзянка ізноў зьвернецца да міграцыйных службаў адносна наданьня ёй статусу ўцякачкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG