Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША занепакоеныя прысудам у “ваўкавыскай справе”


ЗША занепакоеныя прысудам, які быў вынесены Мікалаю Аўтуховічу і яшчэ тром удзельнікам працэсу паводле абвінавачаньня, якое зьвязана зь незаконным захоўваньнем зброі. Пра гэта гаворыцца ў заяве пасольства ЗША.


“Мы спадзяваліся, што беларускія ўлады выкарыстаюць гэтую магчымасьць, каб прадэманстраваць выкананьне належнай прававой працэдуры і незалежнасьць судовай сыстэмы. На жаль, існуюць прычыны сумнявацца ў належным правядзеньні гэтага працэсу ў тым, што тычыцца грамадзянскіх правоў Мікалая Аўтуховіча і астатніх удзельнікаў працэсу”, – гаворыцца ў заяве.

У сувязі з гэтым пасольства ЗША нагадвае, што “паляпшэньне адносінаў Злучаных Штатаў Амэрыкі зь Беларусьсю можа адбыцца толькі тады, калі беларускія ўлады прадэманструюць большую павагу асноўных правоў чалавека”.

6 траўня Вярхоўны суд абвясьціў прысуды ў справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў. Мікалай Аўтуховіч прыгавораны да пяці гадоў і двух месяцаў пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму, Уладзімер Асіпенка – да трох гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму, яшчэ двух абвінавачваных – былога работніка фірмы Аўтуховіча Аляксандра Ларына і падпалкоўніка міліцыі Міхаіла Казлова – асудзілі адпаведна да трох гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму і двух гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.

Аўтуховіч прызнаны вінаватым у перавозе і захоўваньні пяці патронаў да паляўнічай вінтоўкі, Асіпенка і Ларын – у захоўваньні і перавозе зброі і выбуховых рэчываў, Казлоў – у тым, што ведаў аб знаходжаньні на тэрыторыі школы-ліцэю № 1 Горадні гранатамёта, але не паведаміў пра гэта.
XS
SM
MD
LG