Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шклоўшчына: “Дняпроўскі рубеж” з грудам гною


Магілёўскія ўлады заявілі, што ўсе воінскія пахаваньні Другой усясьветнай вайны да 9 траўня ўпарадкаваныя. Іх паводле афіцыйных крыніцаў у рэгіёне больш за 1400. У Шклоўскім раёне, аднак, ня ўсім памятным мясьцінам з брацкімі магіламі дзяржаўнай увагі хапіла.


Міхаіл Кучарэнка
З ініцыятарам узьвядзеньня мэмарыялу «Дняпроўскі рубеж» ля вёскі Новыя Стайкі краязнаўцам Міхаілам Кучарэнкам аглядаем ягонае дзецішча. Мэмарыялу тры гады. Салдацкія акопы асунуліся. Сям-там дашчаныя іх апоры пагнілі. За пяцьдзесят мэтраў ад акопаў зьвезены з фэрмаў груд гною. Ля памятнага знаку ні кветкі, ні вянку. Пад’езду да мэмарыялу няма.

Леташнім кукурузным полем ідзем да памятнага знаку палеглым салдатам васямнаццатай казанскай стралковай дывізіі. Улетку 1941 году іх на беразе Дняпра загінула больш за сем тысяч. Ля мармуровага чорнага знаку на чырвоным камяні мінулагоднія вянкі раскіданыя па ўзгорку. Сёлетніх няма.

Памятны знак на мэмарыяле «Дняпроўскі рубеж». На заднім пляне — груда гною.
Салдацкія акопы асунуліся. Дашчаныя іх апоры пагнілі.
Памятны знак палеглым салдатам 18-й казанскай дывізіі. Леташнія вянкі раскіданыя па ўзгорку. Сёлетніх няма.

«Гэта вось наша сёньняшняя ўлада. Яна ўся вось у гэтым стане помніка. Калі б яны памяталі, хто за іх паміраў у 1941 годзе, то дзярма б дзьве тысячы тон на апорны пункт аддзяленьня, адноўлены з такімі цяжкасьцямі, мазгоў бы відаць хапіла не вывальваць», — зазначае краязнавец.

Зь Міхаілам Кучарэнкам едзем у вёску Новае Брашчына за дванаццаць кілямэтраў ад райцэнтру. Непадалёк ад яе брацкая магіла партызанаў брыгады «Чэкіст». Дабрацца да магілы машынай нельга. Даводзіцца ісьці з паўгадзіны нядаўна ўзараным полем. На магіле неахайна пастаўленыя некім вянкі:

Партызанскі надгробак не шкадуе час. Цэгла разбураецца і адстае ад надгробка.

«Магіла не ўпарадкаваная. Цэгла даўно згніла. Помнік стаіць на чэсным слове. Тут жа не салдаты Чырвонай арміі, якія нарадзіліся недзе на Далёкім Усходзе, тут жа ляжаць свае, землякі. З чатырнаццаці пахаваных прозьвішчы ўказаныя дзесяці. Вось гэта й ёсьць 65-тая гадавіна. І ўдзячныя нашчадкі».

«Помнік партызанам трымаецца на чэсным слове»

Едзем далей да вёскі Гаваракі. Гэта яшчэ зь пяць кілямэтраў у глыб раёну. Тут брацкая магіла. У ёй пахаваны герой Савецкага Саюзу старшы сяржант Аляксандар Бажанаў. Ён з гранатай кінуўся пад танк. Абэліск па-над магілай расфарбаваны ў вясёлыя колеры. Фарба ня сьвежая. Тры вянкі, адзін зь іх сёлетні:

Брацкая магіла з героем Бажанавым расфарбаваная ў вясёлыя колеры.

«Тое, што робіцца на ягонай магіле, відавочна не адпавядае ягонаму статусу Героя Савецкага Саюзу. Помнік пачынае хіліцца. Дае трэшчыны. Яго не краналі гады чатыры ці нават пяць. Лупіцца фарба на ім. Здуру ўзялі барэльеф салдата й расфарбавалі. Ён цяпер як мэдальён. Дабрацца сюды старому чалавеку немагчыма, каб пакланіцца праху героя».

Помнік герою можа застацца без чырвонай зоркі.
Разбураецца й падмурак абэліску.

Міхаіл Кучарэнка цьвердзіць, што неаднойчы зьвяртаўся да шклоўскіх уладаў, каб тыя зьвярнулі ўвагу на разбурэньне брацкіх магілаў. Замест чаканага спрыяньня рэгулярна атрымлівае чыноўніцкія адпіскі — усё дагледжана. За свае грошы краязнавец набывае кветкі й штогод да 9 траўня аб’яжджае забытыя магілы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG