Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналісты адразу некалькіх украінскіх тэлеканалаў заявілі пра вяртаньне палітычнай цэнзуры. Гэты факт стаўся чарговым знакам таго, як Украіна за кароткі час прэзыдэнцтва Віктара Януковіча пачала імкліва мяняцца, ставячы пад сумнеў дэмакратычныя заваёвы Аранжавай рэвалюцыі.


«Хроніка пікіруючага бульдозэра» — так назваў сьпіс падзеяў першых тыдняў праўленьня Януковіча вядомы ўкраінскі журналіст Андрэй Шаўчэнка. У сваёй публікацыі на сайце «Ўкраінскай праўды» ён сабраў толькі факты: сумнеўнае фармаваньне ўрадавай кааліцыі, публічнае адмаўленьне Януковічам Галадамору як генацыду ўкраінскага народу, працяг на 25 гадоў знаходжаньня расейскага флёту ў Севастопалі, прызначэньне міністрам адукацыі Дзьмітрыя Табачніка, якога лічаць украінафобам, вяртаньне на пасады адыёзных фігур кучмаўскага пэрыяду, узнагарода Януковічам Фідэля Кастра, спыненьне справы аб атручваньні Юшчанкі, шматлікія эканамічныя і палітычныя саступкі Расеі… Сьпіс гэты на некалькі старонак і сумная выснова Андрэя Шаўчэнкі наступная:

«Гэта ня проста два месяцы, якія зьмянілі краіну, гэта махавік, які раскручваецца і бязьлітасна трушчыць усе, што мы лічым Украінай. Гэта машына часу, якая паводле адчуваньняў адкінула нас у 2004 альбо нават у 1991 год».

Некаторыя палітолягі ўжо называюць гэты працэс «беларусізацыяй Украіны».

Кіеўскі журналіст Міхаіл Білэцькі перш за ўсё зьвяртае ўвагу на зразумелы беларусам працэс «інтэграцыі» Ўкраіны з Расеяй:

«У вочы адразу кідаецца, што вельмі актыўна йдзе збліжэньне на «расейскім фронце. У стратэгічным пляне гэта ня надта добра, бо гэта абмяжоўвае нашыя манэўры ў эўрапейскай інтэграцыі, якая ўжо вельмі істотна запаволілася».

Апрача таго спадар Білэцькі кажа, што зьявіліся спробы ўраду звузіць сфэры выкарыстаньня ўкраінскай мовы.
Свабода слова ва Ўкраіне, якой так ганарыўся прэзыдэнт Юшчанка, за некалькі месяцаў пастаўленая пад сумнеў.


Зь ліку самых апошніх падзей ва Ўкраіне — усталяваньне помніка Сталіну ў Запарожжы і калектыўныя заявы журналістаў тэлеканалаў «1+1» і СТБ пра ўвядзеньне ўласьнікамі тэлеканалаў палітычнай цэнзуры на карысьць уладаў. Свабода слова ва Ўкраіне, якой так ганарыўся прэзыдэнт Юшчанка, за некалькі месяцаў пастаўленая пад сумнеў. З заклікам не дапусьціць гэтага ўжо выступіла міжнародная арганізацыя «Рэпарцёры бязь межаў».

Адкрыцьцё помніка Сталіну ў Запарожжы
Пакуль што клясычнай цэнтралізаванай цэнзуры ва Ўкраіне няма, кажа спадар Білэцькі:

«Таго, што калісьці было, што ў нас называлася „тэмнікамі“, якія галоўныя рэдактары атрымлівалі са сьпісам тэм, якія тэмы трэба асьвятляць, а якія — не, то можна сказаць, што гэтага яшчэ няма. Цэнтралізавана».

Міхаіл Білэцькі кажа, што за два месяцы прэзыдэнцтва Віктар Януковіч стварыў сваю вэртыкаль улады — паводле лякалаў Пуціна ці Лукашэнкі, дайшоўшы да ўзроўню раёнаў, дзе цяпер кіруюць набліжаныя да яго альбо Партыі рэгіёнаў людзі:

«Гэта закранула мясцовую міліцыю, падатковую інспэкцыю і ўсё-ўсё-ўсё… Фактычна адбылася такая глябальная кадравая рэвалюцыя».

Ці ёсьць ва ўкраінскім грамадзтве сілы супрацьстаяць аўтарытарным тэндэнцыям?

«Мне падаецца, што яшчэ ня створаныя ўмовы для хвалі народнага абурэньня. І самае галоўнае, што калі апазыцыя будзе зацыклівацца на момантах, зьвязаных з уласным лідэрствам і ўласным сьледам у гісторыі, як гэта робіцца цяпер, то ў прынцыпе ня будзе адзінага каардынуючага цэнтра, які вёў бы тлумачальную працу».

Міхаіл Білэцькі выказвае спадзеў, што і для Януковіча ды яго людзей ёсьць пэўная мяжа, якую ён не пераступіць — дзяржаўны сувэрэнітэт Украіны. А тым часам Януковіч ужо загадаў падрыхтаваць праект зьменаў ў Канстытуцыю краіны, а вядомыя прадстаўнікі ўкраінскай інтэлігенцыі заклікалі ствараць Народны камітэт выратаваньня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG