Лінкі ўнівэрсальнага доступу

9 траўня. Справа тэхнікі?


Канстанцін Чарнец
Канстанцін Чарнец

«Мірнае неба» над Менскам неспакойнае. Ужо які дзень яно грукоча й скуголіць — ідзе рэпэтыцыя авіяцыйнай часткі сьвяточнага параду. Калі нейкі зьнішчальнік пранясецца бы перад самым бальконам, мімаволі ўцісьнешся ў фатэль, а дзеткі ў двары зьляку ціўкнуць вераб’інымі галаскамі. Сёлета асьцярога нават мае некаторыя падставы: нешта ўжо вельмі грандыёзнае рыхтуецца для адзначэньня імпрэзы. І вось, на вуліцы Сурганава гарыць бронетранспарцёр, а зь Берасьця праз Кіеў у Маскву абяцаюць пусьціць «цягнік Памяці». Вельмі шмат магутнага жалеза задзейнічана.


Імпрэза Дня перамогі на памяці ўсіх, хто засьпеў савецкую эпоху, — гэта, найперш, дэманстрацыя ваеннай тэхнікі й салдацкай дысцыпліны. Гэта дзень патэтычных прамоваў, вытрыманых у прыўзьнятым тоне і выкананых у нехлямяжым стылі. А яшчэ гэта — выстаўленьне на ўсеагульны агляд першых асобаў дзяржавы, што аглядаюць гэты суладны струмень тэхнікі, дысцыпліны й немудрагелістага пафасу з вышыні трыбунаў. У якім складзе, калі й дзе паказваецца на публіцы тая або іншая асоба, цікавым чынам адлюстроўвае суадносіны, як сказаў бы Набокаў, «цудоўных, нябачных шахматных сілаў» верхавіннай палітыкі.

Калі прэзыдэнт ЗША Барак Абама ня едзе ў Маскву, то наймацнейшыя розумы аналітыкаў неадкладна бяруцца асэнсоўваць: што б гэта значыла? Ці ўжо ня дзеля партрэтаў Сталіна на плякатах? Тады чаму Ангела Мэркель і Нікаля Сарказі не баяцца сустрэцца позіркамі з генэралісімусам і едуць? Чаму найбліжэйшыя суседзі: спрадвечны прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка й найноўшы прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч — аддаюць перавагу не традыцыйнаму славянскаму застольлю «на траіх», а зацішнаму сьвяткаваньню ў роднай хатцы, «па-сямейнаму», так сказаць? Генэральны сакратар Рады Эўропы Торнб’ёрн Ягланд, прэзыдэнт «русафобскай» Эстоніі Томас Хендрык Ільвэс і нават галава «фашысцкай» (з звычайнага расейска-патрыятычнага пункту гледжаньня, натуральна) Латвіі Валдзіс Залтэрс — усе яны будуць у Маскве, а свае, мала- і бела- «рускія» людзі ўхіляюцца!

9 траўня — гэта тое сакральнае, што перажыло ўсе выгіны ідэалягічнага дыскурсу апошніх дваццаці гадоў. Не ўшанаваць Расею (фундуш якой у перамогу краін антыгітлераўскай кааліцыі бясспрэчны) зь сьвятам яе славы, яе гонару — на гэта адважыцца мала хто, а калі й адважыцца, то зь нейкім адчувальным значэньнем: ужо вельмі балесна рэагуе рускае патрыятычнае пачуцьцё на такія рухі.

Сытуацыя з прэзыдэнтам Абамам хутка становіцца больш зразумелай: яго прамовы 9 траўня чакае адзін з найстарэйшых «афраамэрыканскіх» унівэрсытэтаў Амэрыкі — Гэмптанскі. І вось, абавязак перад суграмадзянамі аказваецца важнейшым за аблічча «сябра Расеі». Зразумела — чалавек паднявольны, студэнты чакаюць, абяцанка была. Нават перапрашаў у расейскага кіраўніцтва з тае нагоды.

Вось з двума іншымі высокімі гасьцямі — пытаньне танчэй. Зразумела, што «мы самі з вусамі», а таксама са сталёвай бронетэхнікай і бравымі жаўнерыкамі. Зразумела, што важна прадэманстраваць незалежнасьць ад Масквы нават у справе гэтай даўно ўжо гістарычнай перамогі. Але каму? Дык сваім жа… Тым, для каго сьвяточныя парады й ідэалягічныя нарады, штучнае надвор’е ў Кіеве й урачыстыя амністыі на Беларусі. Масква вытрывае сьвяткаваньне паасобку, суцешыцца з Мэркель і Сарказі. Нашыя будні — вось будзе сапраўднае сьвята на тым рагу!

Калі я бачу чараду цяжкіх браніраваных машынаў на цэнтральным праспэкце майго (няхай ня вельмі ўтульнага й ня дужа цікавага) горада; калі я чую грукат нябачных зьнішчальнікаў у вышыні, я выразна адчуваю: ой, як мала што залежыць тут ад мяне, якая незалежная дзяржаўнасьць паўсюль наўкол!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG