Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторыя аднаго цуду: Віктар Асьлюк


Віктар Асьлюк. Здымак Арцёма Канцавога.

Віктар Асьлюк. Здымак Арцёма Канцавога.

Тое, што Беларуская Майстроўня трыццаць гадоў таму ўзьнікла й дзейнічала на філфаку БДУ, зусім ня значыць, што студэнты гэтага факультэту складалі ў ёй большасьць. Актыўных і сталых майстроўцаў зь ліку філёлягаў не было й дзясятка. Бадай, болей было мастакоў, якія прыходзілі сюды з Тэатральна-мастацкага інстытуту. Але ж майстроўцы зь філфаку тут ня толькі зьбіраліся на сходы, але й цэлымі днямі вучыліся. І, натуральна, клікалі на свае імпрэзы аднакурсьнікаў. Такіх пакліканых, якія прыходзілі, таксама было няшмат. Прычым, яны выразна не аддзялялі майстроўскіх справаў ад навучальнага працэсу. Хоць бы ўжо таму, што ўсё адбывалася ў адных сьценах. Прынамсі, такое ўражаньне ад свайго ўласнага майстроўства засталося ў знакамітага сёньня кінарэжысэра Віктара Асьлюка.



Асьлюк: “Справа ў тым, што я -- з позьніх. І калі для кагосьці 17-18 гадоў гэта было ўжо многа, дык для мяне -- як 13-14. Мы прыйшлі на філфак на першы курс, і сярод нас былі старэйшыя хлопцы, такія як Сокалаў. Яшчэ ня Воюш, але ўжо Сокалаў”.

Дубавец: Гэта 1979 год. Вясковыя хлопцы паступаюць у сталічны ўнівэрсытэт і адначасова трапляюць у нефармальнае асяродзьдзе, ня надта аддзяляючы фармальную сфэру ад нефармальнай.

Асьлюк: “Я быў аднакурсьнікам Сокалава. Але Сокалаў на пяць гадоў старэйшы за мяне. І ў Майстроўню мяне прывёў Сокалаў. Мяне й Мішку Бортніка. Сокалаў тады жыў каля камвольнага камбінату. Была першая восень пасьля бульбы. І ён прывёз нас дадому. Там ён адкрыў нейкую канапу, дастаў адтуль забароненую літаратуру, выдадзеную ў Амэрыцы, і -- паказаў. Мы былі настолькі дурныя, што нічога не зразумелі. А ён усё чакаў рэакцыі. Відаць, рэакцыя была занадта нэўтральная. Ну, паглядзелі, ну, і добра. Тое самае, як калісьці ў інтэрнаце паказвалі дваццаць даляраў...
Віктар Асьлюк на філфаку БДУ, 1982 год.

Дык вось я пра што. Пра тое, што нас вялі. Сокалаў нас прывёў, а яшчэ адзін чалавек, які павёў далей, гэта быў Вінцук. І першае, куды яны павялі нас, гэта быў Верхні горад. Я помню восень, Сокалаў быў, Вінцук, здаецца, Запрудзкі, Бортнік быў, я быў. Яшчэ нейкія дзяўчаты былі. І мы пайшлі ў Верхні горад, да дому Ваньковічаў, тады яшчэ старога будынку. І хадзілі, чыталі вершы. Я не чытаў, таму што саромеўся. Сокалаў чытаў. І ў прынцыпе гэта было іхнае выхаваньне нас”.

Дубавец: Выглядае, што Вячорку, Сокалава й Запрудзкага маладзейшыя студэнты-філёлягі, якіх тыя прывялі ў Майстроўню, успрымалі ледзьве не як выкладчыкаў, а паходы ў Верхні горад -- ледзьве не як дадатковыя заняткі. І нэафіты -- як старанныя вясковыя дзеці -- з аднолькавым імпэтам засвойвалі ўсе гэтыя навукі, якія несла ім невядомае датуль сталічнае жыцьцё.

Асьлюк: “Я не прыходзіў з Тэатральнага ці з БПІ, я быў на філфаку. І таму ўсе людзі, якія былі там, яны былі зьвязаныя са мной вучобай. І таму з Сокалавым у мяне свая гісторыя, зь Вінцуком свая гісторыя, больш далёкая. І так з усімі людзьмі, якія там былі. Калі сустракаешся, усё роўна ўспамінаеш самае, як высьвятляецца, важнае. Таму што ўсё, што было першы раз, яно было там.

“ЦАР МАКСІМІЛЯН”

Cяржук Сокалаў-Воюш і Сяргей Запрудзкі на прэм’еры “Цара Максіміляна”, філфак БДУ, 1981 год.

Цалкам натуральна пасьля гэтага ў 1980-м годзе пачала арганізоўвацца Майстроўня. Для мяне быў подзьвіг – выхад на сцэну. Мне ў “Цары Максіміляне” далі ролю Рыцара. Бортніку, здаецца, таксама далі ролю, можа, Анікі. І вось мы тады рэпэтавалі на філфаку і езьдзілі па школах, і дзецям паказвалі гэта. Я помню гэтыя школы, часам праяжджаю іх і згадваю – вось тут я першы раз выйшаў на сцэну. Гэта акторскі подзьвіг, бо я і сцэна – гэта было як дзень і ноч. Таму што калі потым, празь дзесяць гадоў, я паступіў у Тэатральны інстытут, для мяне галоўны выбар паміж дакумэнтальным і мастацкім кіно залежаў ад таго, што ў дакумэнтальным кіно ня трэба было на сцэну выходзіць. Але я памыляўся. Трэба было выходзіць.

Я быў актор дрэнны. Тое самае, я быў, відаць, дрэнны ў “Цары Максіміляне”. Я як успомню, дык мне аж сорамна. Але... але гралі. Я памятаю, я нешта крычаў. Я ж Рыцар быў! Мы ўсе крычалі на гэтай п’есе. Гэта была экспрэсія. Гэта кашмар быў, я так думаю...

Можна сказаць, што я быў для Майстроўні нічога, а для мяне яна нечым была. Таму што нейкае такое прыроджанае нацыянальнае пачуцьцё было з самага дзяцінства, і гэта натуральна”.

“ВЫЗВАЛЕНЬНЕ” АД МОВЫ


Дубавец: Нешта здарылася з гэтым прыроджаным нацыянальным пачуцьцём у пачатку 1970-х. Прычым, здарылася ня толькі ў вёсцы, а татальна па ўсёй Беларусі. Штосьці такое адбылося з нацыяй, што яна перастала трымацца сваёй мовы. Ясна, што русіфікацыя не спынялася ні да гэтых падзеяў, ні пасьля іх. Але пасьля іх яна стала набываць пагрозьлівы й незваротны характар. Што ж гэта такое было?

У Беларусі афіцыйна зьявілася працэдура “вызваленьня ад беларускай мовы”. Школьнікі-дзеці вайскоўцаў ці небеларусаў маглі не хадзіць на гэтыя ўрокі.

Тут трэба згадаць, што ўрокі беларускай мовы й без таго не карысталіся аўтарытэтам. Рэдкія выключэньні здараліся толькі дзякуючы энтузіязму сапраўдных настаўнікаў. Што да масавага ўзроўню, дык ён быў ніжэйшы за ўсякія ўзроўні. Нам проста прышчапляліся грэблівыя адносіны да беларушчыны. І калі ў менскай школе настаўніца дазваляла нам на ўроку мовы слухаць новыя альбомы заходніх гуртоў (толькі ня вельмі гучна), а сама сыходзіла па сваіх справах, гэта быў яшчэ не найгоршы варыянт.

Вэрця Лазоўская: “Урокі
Вэрця Кандраль (Лазоўская). Фота Арцёма Канцавога.
беларускай мовы былі самыя нешанаваныя. Мы вельмі не любілі выкладчыцу. Яна хадзіла ў падраных панчохах, падраны сарафан... Падлеткі на гэта ўсё вельмі чуйна рэагуюць. Яна была з вусамі, яна па-беларуску размаўляла на трасянцы, так брыдка, што не было павагі да гэтага чалавека, і не было павагі да прадмета”.

Дубавец: Словам, напачатку 1970-х стала можна “вызваляцца” ад беларускай мовы. Тут сам гэты афіцыйны тэрмін – вызваленьне -- нёс у сабе вялікі эмацыйны зарад, быццам ад чужацкага ярма, беларусы маглі “вызваліцца” ад роднай мовы. Памятаю, я таксама, разважыўшы, што мой бацька мае дачыненьне да міліцыі, а гэта значыць, чалавек вайсковы, заявіў пра сваё жаданьне “вызваліцца”. І тады адбылося самае дзіўнае, у сёньняшнім кантэксьце проста немагчымае. Бацька адказаў мне, што я беларус, і павінен вывучаць родную мову. Болей гэтая тэма ў сям’і не падымалася ніколі. Дакладней, падымалася, але ўжо з адваротных пазыцыяў, калі мне казалі, што я нацыяналіст і недастаткова люблю Расею.

Нешта здарылася з пакаленьнем нашых бацькоў тады, напачатку 1970-х, калі яны раптам пачалі страчваць сваё прыроджанае нацыянальнае пачуцьцё. Прычым зьява гэтая ў маім менскім выпадку нічым не адрозьніваецца ад выпадку Віктара Асьлюка.

“МУСІЦЬ”


Асьлюк: “У тыя гады ў нас не было расейскай мовы. У тых месцах, дзе я жыў, трасянка пачала ўзьнікаць у 1970-я гады. А ўсе тыя бабы, што былі вакол мяне, гаварылі абсалютна нармальна. Ніколі не было “магазіна”, толькі крама. І заўсёды я гэтыя словы ведаў. Потым пачалі ламаць. Мы пераехалі ў Глуск, і я пайшоў у расейскую школу, там іншых не было.

Адкуль пераехалі? Вёска была дваццаць кілямэтраў ад Глуску,
Я з тых месцаў, дзе нарадзіліся Фёдар Янкоўскі і Яўхім Кіпель.
я з тых месцаў, дзе нарадзіліся Фёдар Янкоўскі і Яўхім Кіпель. Мая баба па прозьвішчу таксама Кіпель. І яны з адной вёскі. Як я думаю, яны там усе сваякі былі.

І вось мы пераехалі ў Глуск, і я пайшоў у тую школу. І гэта быў страшны пэрыяд для мяне. Маці й бацька спалохаліся, што я ня буду ведаць беларускай мовы, і пачалі мне паказваць тэксты, для іх гэта чамусьці было важна. А ў школе мяне пачалі ламаць. Мяне пачалі зваць “Мусіць”. Бо я ўвесь час казаў “мусіць”, а ў Глуску так не гавораць. Гэта мястэчка, і яно ўжо русіфікаванае было, і само габрэйскае. Але я ўвесь час казаў “мусіць” -- і ўсе сьмяяліся.

1973 ГОД


Мая маці тады й цяпер -- зусім розныя людзі. Калі для яе ў 1960-я гады гэта было натуральна, то ўжо ў канцы 70-х, калі я вучыўся на беларускай мове, яна не разумела гэтага. Маці казала – я беларускую мову не люблю, яна нейкая такая вясковая. І таму для мяне важна ведаць, што ў тыя гады мая маці лічыла, што гэта важна – ведаць беларускую мову. Як так, дзіця ня будзе ведаць беларускую мову? – яна казала, я гэта помню.

А потым... Русіфікацыя, яна не дзесяцігодзьдзямі ішла, яна ішла гадамі, хутка. І мы бачым вынікі гэтага. І маці сказала -- а нашто гэта ўсё, трэба гаварыць па-гарадзкому”.

Дубавец: “Вызваленьне” ад роднай мовы ў грамадзкай сьвядомасьці быццам зьнітавалася зь іншым вызваленьнем – ад фашызму. Калі й як гэта адбылося?

У допісе Франца Сіўка, які быў апублікаваны ў газэце “Літаратура і Мастацтва” ў 1986 годзе й выклікаў шырокі розгалас, называецца канкрэтная дата. 19 ліпеня 1973 году Вярхоўны Савет СССР зацьвердзіў “Асновы заканадаўства Саюзу ССР і саюзных рэспублік аб народнай асьвеце”. Вось калі шлюз адкрыўся. І рынуліся бацькі й дзеці “вызваляцца”. Самы апошні бар’ер прыстойнасьці быў зьняты. Настала свабода ня быць беларусамі, а быць нікім. Для фізычнага цела, бясконца запалоханага самымі разнастайнымі небясьпекамі, быць нікім – як ахоўны колер, што павінен сьведчыць – мяне няма. Як у дзіцячых хованках.

Так беларусы ступілі на прыступку сваёй эвалюцыі ўніз, туды, дзе большую ролю адыгрываюць інстынкты, і сярод іх – статкавы інстынкт. Менавіта ён цяпер раскрыўся ва ўсю сілу. “Вызвалялі” ўсе, хто мог, найперш вяршкі грамадзтва – начальства й інтэлігенцыя, тыя, хто дыктуе астатнім моду. А тыя, хто “вызваліць” ня мог, глядзелі на сваю нямоднасьць асуджана й ціхенька клялі гэтую сваю долю і гэтую беларускую мову, калхозную, грубую, “няздатную выказаць нічога вялікага”.

Такім чынам, 73 год. Фатальны, быццам перагорнутае адлюстраваньне 37-га. Новы этап этнацыду беларусаў.
Менск сапраўды ня быў у поўнай меры беларускім горадам. Але ж і суседняя Вільня літоўскай не была ўвогуле.
Часам гэты працэс тлумачаць урбанізацыяй. Але сама па сабе урбанізацыя – толькі прылада для іншых задач. Менск сапраўды ня быў у поўнай меры беларускім горадам. Але ж і суседняя Вільня літоўскай не была ўвогуле. Абедзьве сталіцы актыўна засяляліся прыежджымі прадстаўнікамі дзьвюх сялянскіх нацыяў – беларускай і літоўскай. Тагачасны кіраўнік Беларусі Машэраў прыйшоў на пасаду ў 1965 годзе і давёў колькасьць беларускіх школ у Менску да нуля. Для параўнаньня, кіраўнік Літвы Бразаўскас прыехаў у Вільню ў 1962-м. У сваім нядаўнім інтэрвію-споведзі ён сказаў, што пабачыў горад сумны і абсалютна нелітоўскі. Стаяла задача зрабіць яго літоўскім. За 50 гадоў Бразаўскас сваю задачу выканаў. Напэўна ж нейкую задачу выконваў і Машэраў. Але не сваю.

Зь іншага боку, у Беларусі прыроджанае нацыянальнае пачуцьцё, забытае бацькамі, праявілася ў дзецях. І вось трыццаць гадоў таму зьявілася Майстроўня, зародак нацыянальнага руху. Нічога падобнага ані ў Літве, ані ў іншых рэспубліках не было. Напэўна, і Віктар Асьлюк, калі б апынуўся ў літоўскіх умовах, ніколі б ня стаў тым, кім стаў – знаным кінарэжысэрам.

БЕЛАРУСЫ АРУЦЬ І АРУЦЬ


Асьлюк: “Самапрэзэнтацыя... Я мог бы назваць імя й нацыянальнасьць альбо прафэсію й нацыянальнасьць. Але ў кожным выпадку назваў бы нацыянальнасьць.

Такое пытаньне задалі Анджэю Вайду. Яго спыталі – адным словам, хто вы такі? Ён сказаў: паляк. Я б таксама сказаў, што я беларус. Пры ўсіх маіх недахопах і невыразнасьцях (тое, што для нашай нацыі характэрна) я прэзэнтаваўся б перш за ўсё беларусам. А ўсё астатняе потым. Гэта можа гучаць патасна, бо Вайда мае на гэта права, я, можа, менш маю права. Але, калі зьвязваць з прафэсіяй, я б так вызначаў. Бо для мяне ўсе драмы й няўдачы нашай гісторыі й нашай сучаснасьці – гэта асабістая драма. У іншых умовах я пэўна рабіў бы іншае. І былі б іншыя магчымасьці. А зараз я як сапраўдны беларус зьліваюся з гэтай мясцовасьцю, з гэтым жыцьцём і хачу выжыць. І выжываю так, як я гэта магу. Я кажу пра прафэсію.
Кадр з фільма Віктара Асьлюка “Рабінзоны Мантсінсаары” (2009).

Гэта для мяне важна і чым далей, тым становіцца важней. Бо трыццаць гадоў – а мы гаворым пра Майстроўню – гэта для некаторых усё жыцьцё. Гэта самае галоўнае. А ўсё астатняе – гэта нішто. Кар’ера, напрыклад.

У мяне дастаткова вопыту, каб зразумець, што кар’еру можна зрабіць. Можна зрабіць на скандале, можна зрабіць на адмаўленьні... Для гэтага трэба проста выбраць сваю біяграфію і быць сьмелым. Ну, напрыклад, для кар’еры, магчыма, патрэбная адсутнасьць сям’і. І ты проста кідаеш яе й едзеш на два гады ў тундру. Ці ўвогуле кідаеш яе й едзеш у Галівуд. Многія тысячы людзей так робяць. Але калі ты становісься старэйшым, ты разумееш, што ў цябе ёсьць іншы шлях. І ты не такі сьмелы ці не такі дурны, каб паставіць усё на кар’еру.

Я вырашыў усё прасьцей, па-беларуску. Для мяне кар’ера магла б быць важнай, але я ў свой час
Кіно – гэта не зусім мастацтва. Гэта часам зусім не мастацтва.
падумаў, што гэта ня самае важнае. І як пайшло, так і йдзе. І так будзе ісьці, бо мы нічога ня ведаем. І потым, кіно – гэта не зусім мастацтва. Гэта часам зусім не мастацтва. Гэта проста прафэсія. І пра вельмі малую колькасьць людзей можна сказаць, што яны займаюцца мастацтвам у гэтай сфэры дзейнасьці.

Я спрабаваў, і я яшчэ паспрабую. Але абсалютна ўпэўнены, што ўсё, што я буду спрабаваць, будзе зьвязана зь Беларусяй. Хоць я цалкам разумею, што для майго кар’ернага росту зьмена краіны жыхарства была б лепшай. Але я на гэта не пайду.

Недзе я чытаў калісьці, чым беларуская вёска адрозьніваецца ад вялікарускай. Гэтыя прыехалі недзе там на Смаленшчыну ці Браншчыну, лес спалілі, поле пасеялі. Ай, нічога не расьце... Памянялі месца, жывуць далей. А беларусы аруць свой пясок і аруць. А тыя сьмяюцца: якія дурні! Там жа адзін пясок. А яны аруць і аруць, і жывуць і жывуць... І гэта мы даказалі, і ў нас эміграцыя не такая, можа быць, вялікая, бо ў нас людзі ўсё ж такі ў большасьці беларусы. Ня важна нават, што яны зараз размаўляюць на трасянцы ці на дрэннай расейскай мове. Аруць і аруць”.

Дубавец: Ня стану падрабязна прадстаўляць сёньняшняга Віктара Асьлюка – аўтара больш чым дваццаці фільмаў, ляўрэата разнастайных фэстываляў. Дастаткова сказаць, што дзякуючы яму многія ў сьвеце ня толькі даведаліся пра Беларусь, але й зразумелі ці адчулі асаблівасьць гэтай краіны й гэтага народу. Сам Віктар перакананы, што кінарэжысэрам яго зрабілі наш нацыянальны заняпад і ўдзел у Беларускай Майстроўні трыццаць гадоў таму.

МІША БОРТНІК


Я ня памятаю ўсіх абставінаў, як я паступова адышоў ад гэтага. Магчыма, гэта было зьвязана з тым, што на трэцім курсе Сокалава пачалі выклікаць у гэбэ. Тады ўвесь курс пачалі трэсьці й цягаць. Нас не цягалі. Цягалі пэўныя групы. Першую й другую не цягалі, а трэцюю й чацьвертую, дзе вучыўся Сокалаў... Можа быць, мы баяліся. Я ня помню.

Мы яшчэ езьдзілі ў Заслаўе, але пасьля трэцяга курсу ўжо толькі час ад часу ўдзельнічалі. На першым-другім курсе была гэтая актыўнасьць. А потым, відаць, многа людзей зьявілася. І калі напачатку нас было мала, а потым больш і больш, дык можна было так натуральна прыходзіць ці не прыходзіць. Я думаю, што і многія так рабілі, прыходзілі й сыходзілі. Потым ізноў, можа, вярталіся.

Я ня быў у вельмі блізкіх сяброўскіх адносінах з большасьцю людзей, якія былі ў Майстроўні. Вось Міша Бортнік, які быў са мною ў Майстроўні, ён памёр. Ён быў і застаецца маім самым лепшым сябрам. І застанецца. У мяне бліжэй не было, як паказала жыцьцё. Ён памёр два гады назад. Міша шмат зрабіў, ён быў дырэктарам школы, і да яго на пахаваньне прыйшло шмат людзей. І беларускамоўных. Я нават і не чакаў, што ён быў знаёмы зь імі.
Студэнты-філёлягі і журналісты на вайсковых зборах: Барыс Сачанка, Ігар Дзялендзік, Віктар Асьлюк, Міша Бортнік, Жора Паўловіч. Слонім, 1984 год.

На беларускім філфаку па-беларуску размаўлялі асобныя людзі. Вось у тым і выражалася мая беларуская натура, што калі я сустракаў Сокалава, я зь ім гаварыў па-беларуску, калі я сустракаў Андрэева Толю, я зь ім размаўляў па-расейску. І тут я ня ведаю, што тут спрацоўвае. Мы як ні выхоўваем свайго сына... Калі Ян жыў дома, як і Піліп зараз, яшчэ ў школу ня ходзіць, у яго абсалютна няма рускамоўнага атачэньня. Але вось Ян у школу ходзіць, у 23-ю гімназію, здаецца, беларуская гімназія, усё, але як сябры, адразу пачынае гаварыць па-расейску. І гэта ў мяне таксама было на філфаку. Але для мяне выбар паўстаў пазьней. Я чаму й пачаў з таго, што я -- позьні...

Гэта пытаньне выбару. Калі ты яшчэ не разумны, выбару яшчэ няма. А калі ты стаў больш дарослым, выбар ужо быў. І гэта выбар, што дзеці павінны гаварыць па-беларуску. І ў нас зараз па-беларуску гавораць і цесьць, і цешча, і дзеці. І людзі, якія прыходзяць у дом.

СУШЧЭНЯ


Майстроўня не магла зьнікнуць для мяне, бо я ўспамінаў пра яе, і сваёй жонцы расказваў, якая нашмат маладзейшая за мяне. Тады ёй было толькі восем гадоў. Канечне, тое, што мая жонка гаворыць па-беларуску, тое, што мае дзеці гавораць па-беларуску... Гэта ўсё ўплывае, гэта ўсё застаецца. І гэта вельмі важна, што адбываецца ў той час, калі павінна адбывацца.
Віктар Асьлюк - лейтэнант Савецкай Арміі, студзень 1985 году.

Я ня веру, што гэта можа адбыцца ў трыццаць гадоў – асэнсаваньне таго, што ты любіш, што ты ненавідзіш, чаго ты ня хочаш, чаго ты хочаш. Гэта павінна адбыцца ў свой час. І канечне, гэтыя хлопцы, гэтая суполка, яны зрабілі абсалютна на ўсё жыцьцё прышчэпку нармальных адносінаў да сваёй нацыі, свайго народу, свайго жыцьця -- так, як гэта павінна быць.

... Потым мы сустрэліся зь Вінцуком на плошчы ў 1996 годзе, калі быў рэфэрэндум. Мы доўга ня бачыліся. Мы пагаварылі. А потым празь некалькі гадоў, можа праз тры, Вінцук пасяліўся і стаў маім суседам. І нейкі час мой Янка і яго малодшая дачка сябравалі. Але зараз пасварыліся. Ужо даўно. Так што Вінцук жыве нада мной. У яго падлога, а ў мяне столь – у нас агульнае. У нас многа агульнага зь Вінцуком.

Я сапраўдны беларус. Як казаў мой знаёмы рэжысэр, які сам родам з Баранавіч, вучыўся-жыў у Кіеве, а зараз жыве ў Нямеччыне і ўдзельнічае сёлета ў галоўнай праграме Канскага фэстывалю, ён сказаў: “Ты – Сушчэня. З Быкава, з аповесьці “У тумане”. Быў бы маладзейшы, я цябе здымаў бы ў галоўнай ролі”.


Я думаю, што я не Сушчэня ўсё ж такі. Ён памыляецца. Гэта проста ў нас ва ўсіх ёсьць гэтая рыса. Мы беларусы, мы заўсёды аром”.
XS
SM
MD
LG