Лінкі ўнівэрсальнага доступу

25 гадоў таму ў Савецкім Саюзе афіцыйна стартавала антыалькагольная кампанія. 7 траўня 1985 году былі прынятыя пастанова ЦК КПСС «Аб мерах для пераадоленьня п’янства і алькагалізму» і аналягічная пастанова Саўміну СССР, у якой дадаўся пункт аб «выкараненьні» самагонаварэньня.


Партыйным, адміністрацыйным і праваахоўным органам прадпісвалася «рашуча і паўсюдна ўзмацніць барацьбу з п’янствам і алькагалізмам», прычым прадугледжвалася значнае скарачэньне вытворчасьці алькагольных напояў, колькасьці месцаў і часу іх рэалізацыі.

Так званы «гарбачоўскі сухі закон» быў запачаткаваны сынхронным зьяўленьнем ува ўсіх саюзных рэспубліках нарматыўных актаў, якія прадугледжвалі адміністратыўныя і крымінальныя пакараньні за парушэньне антыалькагольнага заканадаўства. Да выкананьня беспрэцэдэнтнай па сваім размаху задачы прыцягваліся прафсаюзы, сыстэма адукацыі і аховы здароўя, грамадзкія арганізацыі і творчыя саюзы. Дзяржава ўпершыню пайшла на асэнсаванае зьніжэньне прыбыткаў ад рэалізацыі алькаголю і стала рэзка скарачаць яго вытворчасьць. Як згадвае адзін з кіраўнікоў кампаніі «Беларускае пітво», якая вырабляе алькагольныя напоі, — Сяргей Дайнека, пад нож пайшлі ня толькі паўднёвыя вінаграднікі, але і беларускія гарэлачныя заводы:

Сьпее ўкраінскае віно.
«Безумоўна, нейкі станоўчы плён гэтая кампанія мела. Але ж, як заўсёды, усе такога кшталту кампаніі пачыналіся з аднаго, але заканчваліся зусім іншым вынікам. На жаль, пакуль гэтыя кампаніі працягваліся, у Беларусі шмат прадпрыемстваў былі ня проста закансэрваваныя ці прыпыненыя, а загубленыя. Мэтал, абсталяваньне рэзалі зваркай, выкідалі. Бессэнсоўна неяк усё адбывалася. Далі загад, як у нас часта атрымліваецца, і абы зрабіць. Хоць тады ўжо было зразумела: так радыкальна дзейнічаць нельга. І некаторыя проста не падпарадкоўваліся. У нас знаёмы дырэктар саўгасу на Берасьцейшчыне, дык яму таксама ў 1985 годзе перадалі завод і сказалі: даем месяц-два, трэба ўсё ўзарваць. А ён на свой розум усё пакінуў, сказаў: павесім замкі, паглядзім. Прастаяў гэты завод тры ці пяць гадоў, і зараз зноў працуе. То бок некаторыя людзі рызыкнулі не выконваць сумнеўныя загады, падумалі, што трэба пачакаць. І ў выніку выйгралі».

Бальшыня аналітыкаў сыходзіцца на думцы: найбольшай памылкай у тагачаснай кампаніі стала бяздумнае вынішчэньне вінаграднікаў у Закаўказьзі, а таксама на поўдні Ўкраіны і Расеі. Паводле некаторых зьвестак, было зьнішчана 30% вінаграднікаў. Нават падчас Другой усясьветнай вайны страцілі меней — 22%.

Падчас нядаўняга наведваньня знакамітага заводу марачных вінаў «Масандра» ў Крыме ўразіла, што мясцовыя вінаробы дагэтуль ледзьве не са сьлязьмі згадваюць тыя часы. Супрацоўніца заводу Вера Раманава расказвае, што былі зьнішчаныя ўнікальныя калекцыйныя гатункі вінаграду. Прыкладам, цалкам быў страчаны гатунак «Экім-кара», кампанэнт знакамітага за савецкім часам віна «Чорны доктар». Каб аднавіць вытворчасьць, запатрабавалася чвэрць стагодзьдзя. Дарэчы, некалькі гадоў таму прадукцыю «Масандры» прадэгуставаў і Аляксандар Лукашэнка, пра што сьведчаць і заводзкія насьценгазэты.

«На аднаўленьне запатрабаваліся гады. Бо ў 1980-я, як па ўсім Саюзе пакацілася антыалькагольная хваля, асобныя гатункі вінаграду былі страчаныя цалкам. Спатрэбіўся час, каб знайсьці ўмовы, аднавіць пасадкі. Пасаджаная лаза дае плён толькі празь некалькі гадоў. І нават калі атрымалі першую партыю, то для масавай вытворчасьці яна ўсё роўна была маленькая. Толькі з 2000 году ўдалося аднавіць гэтае віно, але яшчэ некалькі гадоў мы прапаноўвалі „Чорны доктар“ выключна ў сувэнірным афармленьні, таму што вельмі абмежаваны быў выпуск. Нарэшце ўпершыню ў мінулым годзе стала магчымым пастаўляць гэтае дэсэртнае віно ў шырокі продаж. „Чорны доктар“ ад „Масандры“ ўваскрос фактычна праз чвэрць стагодзьдзя».

Спробы супрацьстаяць антыалькагольнай палітыцы часам прыводзілі да трагічных вынікаў. Так, пасьля безвыніковых спробаў пераканаць маскоўскіх чыноўнікаў адклікаць загад на вынішчэньне вінаграднікаў скончыў жыцьцё самагубствам дырэктар Усесаюзнага НДІ вінаробства і вінаградарства прафэсар Павал Галадрыга.

Тым часам кампанія набірала абароты. Злоўленыя на падпітку мелі сур’ёзныя непрыемнасьці на працы, міліцыя патрулявала паркі, лясныя масівы і нават цягнікі дальняга сьледаваньня. Былі забароненыя банкеты, шырока пачалі прапагандавацца безалькагольныя вясельлі. Аднак практыка паказала, што людзі хутка знайшлі альтэрнатыву ў выглядзе самагонкі і розных таксычных рэчываў, пачасьціліся выпадкі атручэньняў.

Экспэрт у алькагольнай галіне Зьміцер Дайнэка кажа, што відавочныя перакосы ў самой арганізацыі апэрацыі «Цьвярозасьць» да станоўчага выніку наўрад ці маглі прывесьці ў прынцыпе:

Сяргей Дайнэка
«Галоўнае палягае ў тым, што нельга зусім забараніць ужываньне алькаголю. Бо фактычнай забаронай нічога дасягнуць нельга. Безумоўна, калі пачалі нішчыць абсталяваньне, высякаць вінаграднікі, то потым замест вінаградных напояў пачало ўжывацца нешта іншае. Таму тое, што расьце дзесяцігодзьдзямі, нельга так проста ўзяць і зьнішчыць. Так рабіць нельга, гэта абсалютна памылкова. Ну, і ўсе, у прынцыпе, прызналі, што гэта было перабольшаньнем. Так рабіць ня варта было. Адзінае, што сапраўды можна пэўнымі захадамі неяк абмежаваць доступ да алькаголю. Прыкладам, мы абсалютна падтрымліваем тое, што зараз нарэшце забаранілі ўжываць піва ў грамадзкіх месцах. Гэта трэба было ўжо даўно зрабіць, як заўсёды было забароненае ўжываньне алькагольных напояў. І датычна піва гэта таксама трэба было зрабіць».

Бальшыня ўдзельнікаў цяперашняга рынку алькагольнай прадукцыі ня вераць, што можна спыніць залежнасьць радыкальнымі захадамі. Неабходнасьць пэрыядычна выпіваць — у даўняй прыродзе чалавека. Але, як кажа кіраўніца аддзелу збыту віцебскага лікёра-гарэлачнага заводу «Прыдзьвіньне» Сьвятлана Ціханава, нават такой, здавалася б, пазачасавай рэчы ўласьцівая пэўная сэзоннасьць:

«Збыт нашай прадукцыі зьвязаны і з шэрагам аб’ектыўных фактараў. Відавочная пэўная заканамернасьць: студзень-люты — месяцы цяжкія, будзем так казаць, амаль што „мёртвыя“ для вытворцаў. Мабыць, доўга людзі адыходзяць пасьля Новага году. А ўжо потым, ад сакавіка ці красавіка, калі Вялікадні надыходзяць, тады ўжо адчувальнае ажыўленьне ў нашым гандлі. То бок — дзесьці ад 23 лютага, потым, натуральна, 8 сакавіка, пасьля — пасяўная, уборачная, Каляды — Новы год. Такая вось сэзоннасьць у нашых спажыўцоў і ў нашых продажах прысутнічае. Можа скласьціся ўражаньне, што наш прадукт нібыта запатрабаваны заўсёды, але часам „застой“ у спажываньні досыць адчувальны».

Шмат якія краіны дагэтуль змагаюцца з празьмернай алькагольнай залежнасьцю высокімі коштамі. Прыкладам, стаць п’яніцам у Швэцыі ці Нарвэгіі цяжка яшчэ і з той прычыны, што самая прымітыўная гарэлка стартуе ад 30-40 даляраў за бутэльку. Ці можна ўзяць на ўзбраеньне скандынаўскі досьвед беларусам? Цікаўлюся ў першага намесьніка генэральнага дырэктара гарэлачнага заводу «Менск Крышталь» Сяргея Машкова:
Пачнуць людзі гнаць самагонку, настойваць брагу, яшчэ штосьці. Труціцца пачнуць, паміраць. І што далей?


«Я адносна коштаў ня ведаю, гэта Міністэрства эканомікі плянаваньнем займаецца. Але ня думаю, што можа адбыцца нейкае радыкальнае падвышэньне. Акцыз падвышацца будзе, гэта так, бо такая магчымасьць закладаецца ў бюджэце. Што да кошту, то, мяркуючы па ўсім, будуць звычайныя карэктывы на некалькі працэнтаў. Дарэчы, звычайна адбываецца так: калі акцыз падвысіцца, то праз квартал ужо падвысіцца і цана. Але калі мы зараз пачнем уключаць такі непапулярны мэханізм — маўляў, давайце, хлопцы падымем кошты — то эфэкту ніякага ня будзе. Пачнуць людзі гнаць самагонку, настойваць брагу, яшчэ штосьці. Труціцца пачнуць, паміраць. І што далей? Усё гэта мы ўжо праходзілі…»

Адзін з ініцыятараў антыалькагольнай кампаніі ўзору 1985 году Міхаіл Гарбачоў потым сьцьвярджаў, што не настойваў на зьнішчэньні вінаграднікаў, а гэта былі крокі супраць яго. Але пры гэтым прызнаў: рэальнае зьніжэньне спажываньня алькаголю было самападманам, бо паралельна квітнела самагонаварэньне і нелегальная вытворчасьць гарэлкі на дзяржаўных прадпрыемствах. Дарэчы, пераход на самагонку спрычыніўся да зьяўленьня дэфіцыту цукру і танных цукерак. А гарэлка папоўніла і без таго доўгі сьпіс тавараў, якія трэба было «даставаць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG