Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Вэтэрану адзінае, што могуць — плот пафарбаваць


Вэтэран вайны Іван Фёдаравіч Паўлючэнка

Вэтэран вайны Іван Фёдаравіч Паўлючэнка

У 60-я гады вэтэран вайны Іван Фёдаравіч Паўлючэнка быў даволі вядомым чалавекам у Веткаўскім раёне. Жыў ён у вёсцы Глухаўка — непадалёк ад мястэчка Сьвяцілавічы. Быў вядомым калгасным чабаном, езьдзіў нават у Маскву на ўсесаюзную Выставу дасягненьняў народнай гаспадаркі.

У 1959 годзе яго абралі дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР у Сьвяцілавіцкай выбарчай акрузе.

Але гады бяруць сваё. І калі ў спадара Івана памерла жонка і ён застаўся адзін, яго забрала ў Гомель дачка Тамара.

Жыве вэтэран разам з дачкою й унукамі ў невялікім прыватным дамку ў, бадай, самым праблемным мікрараёне Манастырок. Сёлета сядзібу зноў апанавала паводка. Вада дагэтуль стаіць у гародзе, аточваючы хату з двух бакоў:

Дачка Тамара
«Цэлае мора! Вада з Сажа сюды набегла. У падвале да падлогі чвэрць мэтра не дайшла. Сёлета не было, а папярэднія гады вада была нават у хаце».

85-гадовы вэтэран кажа, што паводка прымушае яго ўспамінаць, як фарсіравалі рэкі ў вайну — на плытах, бярвеньні і бог ведае яшчэ на чым.

І нязьменна ў гэтых пераходах з салдатамі была «саракапятка», наводчыкам якой да кантузіі быў Іван Паўлючэнка.

Цяпер былы артылерыст марыць толькі пра сухую кватэру. Кажа, калі б улады далі хаця б аднапакаёўку, то, можа, дажыў бы й да векавога юбілею:

«Жывецца так, на паўбяды. І можна было б жыць. Калі б далі кватэру, то, напэўна, дажыў бы яшчэ да ста гадоў».

Дачка вэтэрана Тамара, таксама ўжо пэнсіянэрка, на кватэру нават не спадзяецца:

«Ладна ўжо, не кватэра — хоць бы дапамаглі яму газ правесьці. У нас ад дома й да вугла вуліцы не закальцаваны газ — няма цэнтральнай трубы. Нейкіх 200 мэтраў. Як жа так! У вёсках робяць, а гэты кавалачак ня могуць закальцаваць. Якую зьніжку зрабілі, аформілі. Бацька кантужаны, ня чуе, але ён даўно пра газ казаў».

Спадарыня Тамара апавяла, што ня так даўно хадзіла камісія з аддзелу сацыяльнай абароны Савецкага раёну Гомеля, пыталася пра патрэбы вэтэранаў. Дачка папрасіла прывезьці для бацькі хаця б дроў, бо ў хаце пячное ацяпленьне, гарачай вады няма. Камісія адказала, што з дровамі яны не дапамогуць: маўляў, у лясьніцтва трэба зьвяртацца. Адзінае, што могуць, — плот пафарбаваць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG