Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Не было чым абараняцца. Не было чаго есьці”


У Беларусі пачынаюцца працяглыя ўрачыстасьці з нагоды 65-й гадавіны перамогі ў Другой усясьветнай вайне. Як жывецца сёньня тым нямногім былым салдатам, што дажылі да гэтай даты? Нашы карэспандэнты ў рэгіёнах гутарылі з франтавікамі пра іх цяперашняе жыцьцё і пра той бок вайны, які ня любіць згадваць афіцыйная прапаганда.


МАГІЛЁЎШЧЫНА


Грашовай дапамогі хопіць, каб адзін раз па лекі наведацца

Жыве ў Асіповічах 84-гадовы вэтэран Андрэй Кірылавіч Маркавец, былы мінёр.

Перадусім непакоіць былога франтавіка паўсядзённая няўвага да праблемаў ягонага пакаленьня:

«Я дрэнна бачу. Не магу грошы палічыць. У краму не магу схадзіць. Лекары сказалі, што цяпер ніякага лекаваньня няма. Жыві як давядзецца. Чамусьці прэзыдэнты ўсялякія едуць за мяжу лячыцца. Вэтэранаў жа не павязуць туды. Дзьвесьце пяцьдзесят тысяч выплацілі. Калі добрыя лекі, то гэта адзін раз схадзіць у аптэку. Лекі дужа дарагія».

Ваяваць Андрэй Кірылавіч пайшоў добраахвотнікам у свае няпоўныя сямнаццаць гадоў, у 1943-м. Фашысцкую акупацыю цяперашні вэтэран пасьпеў зьведаць таксама.

Мы іншы раз нават кралі ў амэрыканцаў цыгарэты, бо нам давалі толькі махорку.
«У нас было гэта — ноччу партызаны, днём немцы. Калі б я сядзеў дома, то мяне б прыстрэлілі б».

Перамогу спадар Маркавец адзначаў на Эльбе разам з амэрыканцамі. З тэхнікі Чырвонай арміі, адзначае ён, саюзьнікі часам сьмяяліся.

«У нас яны ўбачылі „Газ АА“. Машына такая была. У яе фанэрныя дзьверы. Што яна можа на фронце? Але — няхай такіх машынак было б больш, а то ўсё на сабе цягалі. У амэрыканцаў жа „Форды“, „Доджыкі“. Яны высокія хлопцы, дужыя. Мы ў іх цыгарэты, папраўдзе кажучы, кралі. У нас цыгарэтаў не было. Махорка толькі».

Былы франтавік кажа, што цяпер улада стараецца замаўчаць няўдачы савецкага войска. Пра выключную ролю, напрыклад, «Лініі Сталіна» у абароне Беларусі ён ня ведае:

«Гэта сорамна прызнацца, што немцаў было ў некалькі разоў менш, а яны дайшлі да Масквы й Сталінграду. Дык дзе гэтая лінія была? Не было чым абараняцца. Не было чаго есьці».

У 84-гадовага вэтэрана пытаюся: чаму пераможаная Нямеччына жыве лепш за пераможцаў?

«Яны найперш задавальняюць патрэбы чалавека. У нас жа зь першага дня сканчэньня вайны зноў узяліся за ўзбраеньні. Трэба, каб паляпшалася жыцьцё народу нашага. А калі я прыду ў аптэку і там скажуць, што гэта толькі для вэтэранаў — я такой дапамогі не люблю».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Вэтэран са Слоніму адмовіўся ўдзельнічаць у маскоўскім парадзе

Сёньня ў Слоніме, што на Гарадзеншчыне, тутэйшы вэтэран, які ваяваў з 1943 году, Мікалай Лакцюшын заявіў, што адмаўляецца ўдзельнічаць у парадзе, які прызначаны на 9 траўня ў Маскве. Аргумэнты заяўніка выслухаў Міхал Карневіч.

Адмовіўся браць удзел у парадзе Перамогі Мікалай Лакцюшын з прычыны чыноўніцкай валакіты. Вось што ён сам распавядае:

Лакцюшын: «Я адмовіўся таму, што 10 разоў адмянялі паездку, потым ізноў прызначалі. Мне гэта надакучыла, і астатні раз я сказаў, што нікуды не паеду, бо ніякай праграмы ніхто не паказаў, самастойна трэба было дабірацца ў Менск, там недзе зьбірацца на вакзале. Нас плянавалі 7 чалавек ад Беларусі. Потым патэлефанавалі, што паездка адмяняецца, маўляў, едуць толькі дыпляматы. Потым ізноў выклікалі ў райвыканкам і кажуць зноў, што трэба ехаць. Нават герой Савецкага Саюзу, які адзіны ў вобласьці — Лебедзеў — таксама адмовіўся ехаць. Я вырашыў, што буду сьвяткаваць на месцы».

Са слоў Мікалая Лакцюшына, на вайну ён быў прызваны ў 1943 годзе. Спачатку трапіў у мотастралковую брыгаду, якая знаходзілася ў Сталінградзе. Там прайшоў курс маладога байца, а потым быў адпраўлены ў мінамётнае падразьдзяленьне. Ваяваў у Польшчы й Нямеччыне. Узнагароджаны 22 мэдалямі і 3 ордэнамі.
Чаму пераможаныя ў Другой сусьветнай вайне немцы жывуць лепш, чым пераможцы — народы былога Савецкага Саюзу? Гавораць гарадзенскія мінакі.

Спадар: «Ну, можа, у нас лёс такі проста? Напэўна, мэнталітэт народу ўсё-ткі выяўляецца. Немцы, яны заўжды былі на высокім узроўні. Больш я вам нічога не скажу».

Спадар: «Я ня ведаю — чаму яны так кепска жывуць… Яны нармальна жывуць, на мой погляд, нядрэнна. Пытаньне складанае. У мяне бацька ваяваў, даўно памёр, але цяпер, я вам скажу, жыцьцё ўсё лепшым становіцца. Канечне, адразу нічога ня зробіш, але ў параўнаньні з тым, што было, лепей».

Студэнт: «Чаму жывуць горш? Наагул, гісторыя розная ў народаў. Эўропа столькі гадоў столькі рэсурсаў атрымлівала з калёній. Таму я ня думаю, што можна параўнаць гісторыю беларускага народу і народаў Эўропы — там унікальнае месца і клімат іншы, іншыя ўмовы».

Спадар: «Нічога не памяняецца. Пакуль не даюць вязьням фашызму зарэгістраваць ініцыятыўную групу, каб адстойваць свае правы і тыя ільготы, якія ў іх адабралі, то няма чаго тут казаць. Ды калі беззаконьне на кожным кроку, ці нават не беззаконьне, а, скажам, перавышэньне ўлады нашых мясцовых князькоў».

Маладзён: «Камунізм вінаваты».

Студэнт: «Таму што яны разумнейшыя за нас».

Другі студэнт: «Мне здаецца, у іх, можа, зямля лепшая, чымсьці ў нас у Беларусі, і фільмы яны навучыліся добрыя здымаць…»

Трэці студэнт: «Пры ўладзе чалавек нядобры…»

Другі студэнт: «У іх палітыка іншая ў Нямеччыне, лепшая. А ў нас палітыкі няма нармальнай».

Студэнт: «За ўсе гады вайны беларусы працавалі на немцаў, усё славяне рабілі, усё, што ў іх было. Адпраўлялі з нашай тэрыторыі людзей у ссылку ў Нямеччыну, і яны там працавалі на іх».

Іншы студэнт: «За пяцьдзясят год, нават болей, краіна нічога не рабіла, адрозна ад немцаў. Немцы працавалі, а мы на месцы стаялі, таму так…»

Малады спадар: «Ня ведаю, здаецца, жывуць нармальна вэтэраны. А ўвесь народ, мне здаецца, таксама нармальна жыве…»

Спадар: «Прычына — сыстэмная. Мы семдзесят гадоў займаліся невядома чым. Два ці тры пакаленьні павінны зьмяніцца зараз, тады магчыма, што мы да чагосьці дойдзем. Карацей, павінен зьмяніцца мэнталітэт грамадзтва, а бяз гэтага нічога ня будзе. Мы тэхналягічна ад іх адсталі, у нас ні парлямэнцкай культуры няма, нічога. У нас не ствараюцца ўмовы для разьвіцьця тэхналёгій — я сам інжынэр па адукацыі. У нас патэнтнае права не працуе. Яны жывуць за кошт патэнтаў, а мы дагэтуль жылі за расейскія нафту і газ».
XS
SM
MD
LG