Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асуджаны экс-пракурор Сьнягір: “Адабралі ўсё, нават нацельны крыжык”


Міхаіл Сьнягір

Міхаіл Сьнягір

Вярхоўны суд Беларусі паставіў кропку ў гучнай справе экс-пракурора Менскай вобласьці Міхаіла Сьнегіра і былога дырэктара фірмы «Забудова» Міхаіла Кудзелкі. Справа Сьнегіра і Кудзелкі разглядалася амаль 9 месяцаў за зачыненымі дзьвярыма ў суцэльнай інфармацыйнай цішыні.


Нават сваякоў падсудных на працэс не дапусьцілі. У выніку былы пракурор Менскай вобласьці Міхаіл Сьнягір атрымаў 7 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці. Сьнягір прызнаны вінаватым у хабарніцтве, службовых злоўжываньнях і незаконных дзеяньнях з боепрыпасамі. Былы дырэктар вядомай будаўнічай фірмы «Забудова» Міхаіл Кудзелка асуджаны на 3 з паловай гады без канфіскацыі маёмасьці. Кудзелка прызнаны вінаватым у дачы хабару і злоўжываньнях службовым становішчам. Сваякі асуджаных не хавалі эмоцый, калі судзьдзя Аляксей Рыбакоў зачытаў выніковую частку прысуду.

Судзьдзя Рыбакоў: «…пасьля азнаямленьня яны маюць права прынесьці заўвагі на пратакол».

Сваякі асуджаных: «Што 9 месяцаў рабіў суд?»

Судзьдзя Рыбакоў: «Судовае паседжаньне абвяшчаецца закрытым».

Сваякі асуджаных: «Ганьба! Ганьба пракуратуры і суду ганьба! Вы добра ведаеце, што гэта сфабрыкаваная справа. Сьведкі гэта даказалі. Вы закрыліся і ўсё закрылі».

Міліцыянт: «Пакідаем залю!»

Карэспандэнт: «Спадар Сьнягір, вы нешта скажаце для мэдый?»

Гэта мафія, якая мяне перасьледавала, схавала сюды.
Міхаіл Сьнягір: «Ганьба! Гэта мафія, якая мяне перасьледавала, схавала сюды. Нават апошні нацельны крыжык адабралі. Забралі кватэру, закрэсьлілі ўсё, што зрабіў для дзяржавы за 30 гадоў працы. Дзякуй дзяржаве, што гэтак ацаніла маю працу заслужанага юрыста і гэтак далей».

Выказаўся і Міхаіл Кудзелка: «Справа сфабрыкаваная. Час рассудзіць і ўсё паставіць на месцы».

У лістападзе 2008 году Аляксандар Лукашэнка загадаў зьняць з пасадаў Міхаіла Сьнегіра і намесьніка генпракурора Мікалая Купрыянава ды прыцягнуць іх да крымінальнай адказнасьці ў сувязі з гісторыяй аб элітнай кватэры Сьнегіра па вуліцы Грыбаедава. Неўзабаве Сьнегіра зьнялі з пасады і арыштавалі. Пазьней у ягонай справе пачаў фігураваць загарадны катэдж, які, паводле сьледзтва, ён будаваў на падстаўных асобаў. Частку будаўнічых матэрыялаў, як вырашыў суд, Сьнегіру даў у якасьці хабару Кудзелка. Сёньняшнім рашэньнем Вярхоўнага суду катэдж і кватэра ў элітным доме на вуліцы Грыбаедава ў Сьнегіра забраныя. Сын асуджанага Вадзім кажа, што сям’я ні дня не жыла ў гэтай кватэры, якую бацька набыў цалкам законна. Што да катэджу на беразе Менскага мора, Сьнягір-старэйшы яго не будаваў аднаасобна, а толькі ўдзельнічаў у аздабленьні дому. Вось што Вадзім Сьнягір мяркуе адносна таго, чаму справу зрабілі закрытай:

«Каб ніхто ня ведаў, пра што казалі на працэсе. У нас ёсьць лісты бацькі, напісаныя падчас суду. Ён піша, што нічога не даказана: больш
Ён піша, што нічога не даказана: больш за 130 сьведак, і ніхто нічога не пацьвердзіў.
за 130 сьведак, і ніхто нічога не пацьвердзіў. Што гэта за закон, калі можна выселіць людзей з кватэры, якая для іх адзінае месца жыхарства?»

Сястра Міхаіла Кудзелкі Валянціна Навамлынцава перакананая, што яе брат не вінаваты і што ён стаў ахвярай замовы, але чыёй, ёй невядома:

«Я далёкая ад гэтага. Толькі я чула, што Аляксандар Рыгоравіч сказаў, каб судзілі па справядлівасьці. А як гэта рабілася, я ня ведаю».

Абаронцы Сьнегіра і Кудзелкі адмовіліся ад камэнтару на той падставе, што яшчэ не ўзгаднілі свае пазыцыі адносна прысуду з падабароннымі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG