Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Каваленка: “Улады баяцца майго чарговага сьцяга”


Сяргей Каваленка

Сяргей Каваленка

У Чыгуначным судзе Віцебску пачаўся разгляд справы сябра КХП БНФ Сяргея Каваленкі, якога вінавацяць у дробным хуліганстве. Актывіст перакананы: абвінавачаньне супраць яго сфабрыкавана, бо міліцыя мае загад «ізаляваць» яго пад арыштам на час сьвяткаваньня Дня Перамогі.

Мінулую ноч віцебскі сябра КХП БНФ Сяргей Каваленка правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня. Адтуль яго і прывезьлі ў суд, каб разглядаць складзеныя на яго ўчора міліцэйскія пратаколы.

Учора ўвечары міліцыя затрымала актывіста нібыта за пераход вуліцы ў неналежным месцы. Аднак у пастарунку на яго склалі пратакол за нецэнзурную лаянку. Сяргей Каваленка пэўны, што міліцыянты знарок шукалі падставаў, каб яго затрымаць:

«Гэта было прэвэнтыўнае затрыманьне перад так званымі сьвятамі 9 траўня. Улады баяцца маіх акцый у гэты дзень».

Падставы для падобных меркаваньняў ёсьць: абласная міліцыя грамадзкай бясьпекі асобна папярэдзіла праз газэты, што 9 траўня ў цэнтры гораду ўсталююць 26 кардонаў з мэталашукальнікамі, а таксама арганізуюць асабісты дагляд мінакоў. Іх ня пусьцяць на сьвяткаваньні са зброяй, алькагольнымі напоямі, а таксама — упершыню — " са сьцягамі і эмблемамі, за выключэньнем дзяржаўных сымбаляў і атрыбутыкі«.

Барыс Хамайда
Віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда згадвае, што прэвэнтыўныя затрыманьні ў Віцебску ўжо праводзіліся — да Сяргея Каваленкі прымянілі старую тактыку:

«Улады асьцерагаюцца, што ён можа нейкую акцыю зрабіць на адкрыцьці плошчы Перамогі. У 2007 годзе і ў дачыненьні да мяне было прэвэнтыўнае затрыманьне, падчас мясцовых выбараў. У пратаколе таксама напісалі, што я нецэнзурна лаяўся… Улады лічаць, што калі Каваленка „на нарах“ — усім спакайней, і бел-чырвона-белых сьцягоў на плошчы Перамогі ня будзе».

Сяргей Каваленка ніколі не аспрэчваў у судзе ўдзел у акцыях са сьцягамі. Але абвінавачаньне ў хуліганстве ён лічыць прыніжальным і паклёпніцкім. Таму ў судзе ён заявіў хадайніцтва, каб працэс перанесьлі, бо ён хоча наняць адваката. Судзьдзя Ўладзіслаў Шыкароў ня стаў пярэчыць, бо кожны падсудны мае права на абарону, і працэс перанесьлі на 25-га траўня.

Лідзія Каваленка
Маці Сяргея Каваленкі, спадарыня Лідзія, якая таксама прыйшла ў суд, лічыць, што ейны сын трапіў пад незаконны міліцэйскі перасьлед:

«Яны з майго сына зьдзекуюцца, высочваюць яго. Учорашняе затрыманьне — гэта ўвогуле тэрор, гэта правакацыя! Бо Сяргей за бел-чырвона-белы сьцяг, ён паважае апазыцыю, паважае Зянона Пазьняка. Бо ён любіць нашу радзіму Беларусь. І я ганаруся сваім сынам!»

Працэс над Сяргеем Каваленкам перанесены на 25-га траўня, але пэўнасьці наконт гэтай даты няма: 12-га траўня ў Кастрычніцкім райсудзе апазыцыянэра чакае разгляд крымінальнай справы, распачатай паводле падзеяў 7-га студзеня, калі Сяргей Каваленка на вачох у соцень мінакоў вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг на гарадзкой ёлцы ў Віцебску. Актывіста вінавацяць у злосным хуліганстве і супраціве міліцыянтам падчас затрыманьня, і яму пагражае за гэта да 5 год турмы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG