Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Залескі: “Беларускі рубель — ня рынкавы паводле сваёй сутнасьці”


Падзеньне курсу эўра на сусьветных фінансавых рынках адбываецца на тле рэзкага росту курсу даляра адносна нацыянальных валют. У Беларусі суадносіны даляра і беларускага рубля застаюцца амаль што стабільнымі. Чаму так адбываецца?


Цягам двух мінулых дзён эўра ў Беларусі патаньнела на 72, а даляр падаражэў толькі на 4 беларускія рублі. Чаму гэтак адбываецца, цікаўлюся ў эканаміста і палітыка, старшыні партыі БНФ Аляксея Янукевіча:

Аляксей Янукевіч
«Насамрэч дастаткова цяжка рабіць нейкі эканамічны аналіз, каб ён быў праўдзівым. Бо фінансавая інфармацыя ў Беларусі, як і шмат якая іншая, даступная ня ў поўнай меры. Але адной з падставаў, чаму так адбываецца, на маю думку, можа быць штучнае ўтрыманьне курсу даляра з боку ўраду, зьвязанае як з атрыманьнем нейкіх крэдытаў, таксама і зь нейкімі іншымі маніпуляцыямі на фінансавым рынку, якія могуць ажыцьцяўляць блізкія да ўраду бізнэсоўцы альбо тыя бізнэсоўцы, якія могуць мець доступ да такой інфармацыі».

Заўважная стабільнасьць курсу даляра адносна беларускага рубля вытлумачваецца хутчэй не эканамічнымі, а палітычнымі прычынамі, мяркуе эканаміст, намесьнік старшыні АГП Леў Марголін:

Леў Марголін
«Тут усё ж ёсьць, як кажуць, вялікая палітыка, бо калі і даляр, і эўра будуць даражэць, то тады насельніцтва пачне забіраць свае дэпазыты ў рублях і пераводзіць іх у валюту, а гэта ня надта добра для нашай дзяржавы. Таму яны робяць нейкія захады, каб трымаць валюту, і зьмяншаюць уліковую стаўку Нацыянальнага банку. Але гэта таксама мае адваротны бок, бо патрабуе дадатковых выдаткаў валюты. Пытаньне — ці яе хопіць, бо ў бліжэйшыя месяцы буйных паступленьняў валюты не чакаецца. Хіба нешта будзе прададзена з маёмасьці».

Міхась Залескі
Эканаміст Міхась Залескі мяркуе, што стан курсу валют у Беларусі — вынік адміністрацыйнага ўплыву на беларускі валютны рынак:

«Па вялікім рахунку, кошт валюты адлюстроўвае давер да эмітэнта гэтай валюты, а таксама суадносіны даверу спажыўцоў і прамысловага рынку. У нас, паколькі ўсё гэта цэнтралізавана рэгулюецца ў большай ступені, то не заўсёды адлюстроўвае сапраўдны стан рэчаў. Хоць агульная тэндэнцыя захоўваецца: эўра і даляр зьмяняюцца паводле рынкавых абставінаў, а беларускі рубель — ён ня рынкавы паводле сваёй сутнасьці».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG