Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генэральная пракуратура Кіргізстану накіравала ў Генпракуратуру Беларусі афіцыйны запыт на экстрадыцыю былога прэзыдэнта гэтай краіны Курманбека Бакіева. Паводле прад’яўленых абвінавачваньняў, Бакіеву пагражае пакараньне да 20 гадоў турэмнага зьняволеньня. Сьмяротнае пакараньне ў Кіргізстане скасаванае.


Начальнік арганізацыйна-інспэктарскай управы Генэральнай пракуратуры Кіргізстану Сумар Насіза паведаміў «Свабодзе», што ўсе дакумэнты на экстрадыцыю зь Беларусі былога прэзыдэнта Кіргізстану Курманбека Бакіева ў чацьвер былі падпісаныя і адасланыя ў Менск. Разам са зваротам у тэчку ўкладзеныя ўсе дакумэнты, якія патрабуюцца паводле Кішынэўскай канвэнцыі «Аб прававой дапамозе і прававых адносінах па грамадзянскіх, сямейных і крымінальных справах».

«Мы афіцыйны запыт зрабілі, учора генэральны пракурор падпісаў і накіраваў яго. Разам зь ім адасланыя копіі прад’яўленьня абвінавачаньня Бакіеву, копія рашэньня аб узяцьці пад варту, у дадатку таксама ўсе артыкулы Крымінальнага кодэксу, усё заверана пячаткай... Іначай, бяз гэтых матэрыялаў, нашыя калегі ў Менску ня будуць разглядаць».

Колькі часу зойме паштовая перасылка зь Бішкеку ў Менск, спадар Насіза не гатовы спрагназаваць. Тое, што як мінімум гэта зойме некалькі дзён — дакладна.

Крымінальная справа на Курманбека Бакіева была заведзеная ў рамках агульнага сьледзтва аб падзеях 7 красавіка ў Бішкеку, калі ахова Бакіева забіла 85 і параніла сотні чалавек. Бакіеў папярэдне абвінавачваецца па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу Кіргізстану, паведаміў спадар Насіза:

«Перавышэньне службовых паўнамоцтваў і забойства грамадзян. Прад’яўленае такое абвінавачаньне, таму што, паводле зьвестак сьледзтва, Бакіевым як галоўнакамандуючым вырашалася пытаньне
Прад’яўленае такое абвінавачаньне, таму што, паводле зьвестак сьледзтва, Бакіевым як галоўнакамандуючым вырашалася пытаньне аб прымяненьні зброі.
аб прымяненьні зброі».

Максымальнае пакараньне па прад’яўленых артыкулах — 20 гадоў зьняволеньня. Сьмяротнай кары ў Кіргізстане няма, таму яна ня можа пагражаць зрынутаму прэзыдэнту.

Першамайскі раённы суд Бішкеку вызначыў Курманбеку Бакіеву меру стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту.

Па фактах карупцыі, злоўжываньня ўладай, эканамічных злачынстваў Бакіева, а таксама па факце ягонага шматжонства ніякіх спраў пакуль не заведзена. Пракуратура Кіргізстану цяпер занятая расьсьледаваньнем гібелі людзей 7 красавіка ў Бішкеку. Але разам з тым вядзецца праверка і дзейнасьці як самога Бакіева, так і ягонага атачэньня, — паведаміў начальнік управы Генэральнай пракуратуры Кіргізстану Сумар Насіза.

Сумар Насіза не захацеў камэнтаваць заяву Аляксандра Лукашэнкі, што Бакіеў знаходзіцца пад ягонай асабістай абаронай. Спадар Насіза спадзяецца, што беларускія пракуроры разгледзяць іх запыт на выдачу Курманбека Бакіева і прымуць законнае рашэньне:

«Усе краіны СНД падпісалі Кішынэўскую канвэнцыю, за выключэньнем Узбэкістану, апошняй Расея ратыфікавала гэтую канвэнцыю. Але ў практыцы бывалі такія выпадкі, што мы атрымлівалі адмову. У свой час мы патрабавалі ў расейцаў выдачы Айдара Акаева, сына былога прэзыдэнта. Але расейцы нам адмовілі, афіцыйна напісаўшы, што гэта супярэчыць іх нацыянальным інтарэсам. Мы тры разы прасілі, і тры разы яны нам такі адказ далі».

У Генэральнай пракуратуры Беларусі адмаўляюцца камэнтаваць факт звароту наконт экстрадыцыі Бакіева да атрыманьня дакумэнтаў зь Бішкеку, зазначыў «Свабодзе» прадстаўнік гэтага ведамства Пётар Кісялёў:

«Ня буду я нічога камэнтаваць. Паступіць — тады будзе прадмет для размовы. А што казаць, калі ня ведаеш дакумэнту...»

На пытаньне, ці будзе пракуратура зьвяртацца ў гэтай справе па ўказаньні да Аляксандра Лукашэнкі, начальнік аддзелу Генпракуратуры Беларусі Пётар Кісялёў адказаў так:

«Мы ўсе падпарадкоўваемся прэзыдэнту. У шырокім сэнсе любая службовая асоба падпарадкоўваецца прэзыдэнту, але камэнтаваць ягоныя словы я ня буду, зьвяртайцеся ў ягоную прэсавую службу... Да нас жа ніякія дакумэнты не паступалі».

Афіцыйнай інфармацыі, дзе канкрэтна ў Беларусі знаходзіцца цяпер Курманбек Бакіеў, няма. Паводле неафіцыйных зьвестак, ён зь сям’ёй адпачывае ў дзяржаўнай рэзыдэнцыі «Плаўна» на тэрыторыі Бярэзінскага біясфэрнага запаведніку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG