Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Кацярына Садоўская – ў шпітальным калідоры пад наглядам


Кацярына Садоўская

Кацярына Садоўская

Праваабаронца Кацярына Садоўская знаходзіцца ў другім клінічным шпіталі, яе ахоўваюць дзьве супрацоўніцы міліцыі.


Шпіталь наведала яе нявестка, а таксама лідэры прадпрымальніцкага руху Алесь Макаеў і Ігар Леднік. Ім не дазволілі перадаць Кацярыне Пятроўне раздрукоўкі з інтэрнэт-сайтаў з інфармацыяй аб учорашніх затрыманьнях каля Вярхоўнага суду, якія прайшлі пасьля агалошваньня прысуду Мікалаю Аўтуховічу.

Спадарыню Садоўскую затрымалі па дарозе на вуліцы Леніна. Супрацоўнікі міліцыі паведамілі яе сяброўкам, што Кацярына Пятроўна нібыта лаялася матам, і гэта стала падставай для яе затрыманьня. Пры гэтым міліцыянты казалі жанчынам, што сьведкі ім непатрэбныя.

У міліцыі праваабаронцы стала кепска, і яе забрала хуткая дапамога ў другі клінічны шпіталь. Кацярына Садоўская знаходзіцца зараз у аддзяленьні рэўматалёгіі.

Спадарыня Садоўская мае шэраг праблемаў са здароўем. Яшчэ перад тым, як яна трапіла ў жаночую калёнію паводле артыкулу аб зьнявазе судзьдзі, яна перанесла складаную анкалягічную апэрацыю. Нявестка Кацярыны Садоўскай паведаміла карэспандэнту Радыё Свабода, што пасьля таго, як праваабаронца выйшла на волю, ёй зрабілі яшчэ некалькі апэрацый.

Макаеў і Леднік не выключаюць, што супраць Кацярыны Садоўскай міліцыя вырашыла распачаць новую крымінальную справу. Учора праваабаронца перадавала міліцыянтам артыкул, калісьці надрукаваны ў газэце "Свабода", і прасіла прызначыць кіраўніку дзяржавы псыхіятрычную экспэртызу.

У шпіталі ў Садоўскай забралі мабільны тэлефон. Праваабаронца ляжыць у шпітальным калідоры. Яе ахоўваюць дзьве жанчыны. Адна зь іх – старэйшы лейтэнант па справах непаўналетніх Сьвятлана Маўчан. Другая жанчына, маёр па званьні, адмовілася прадставіцца.

Нагадаем, што 6 траўня ўсе затрыманыя ўдзельнікі пікету каля будынку Вярхоўнага суда атрымалі позвы ў суд на 12 траўня. І толькі Кацярына Садоўская знаходзіцца дагэтуль пад аховай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG