Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз пачынае праграму магістэрскіх стыпэндый для краін-суседзяў


Эўракамісія на конкурснай аснове прадстаўляе стыпэндыі выпускнікам унівэрсытэтаў краін-суседзяў для навучаньня ў ЭЗ з атрыманьнем ступені магістра ў галіне эўрапейскіх дасьледаваньняў.

Як падае БЕЛТА са спасылкай на прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі, да сфэры эўрапейскіх дасьледаваньняў належаць права, эканоміка, палітыка, адміністрацыя і кіраваньне ў ЭЗ, гісторыя эўрапейскай інтэграцыі і міждысцыплінарныя дасьледаваньні.

Асноўная мэта праекту, як сьцьвярджаецца ў паведамленьні, – падвысіць узровень прафэсійных навыкаў выпускнікоў ВНУ з Алжыру, Армэніі, Азэрбайджану, Беларусі, Эгіпту, Грузіі, Ізраілю, Іярданіі, Лібану, Лібіі, Малдовы, Марока, Палестынскай аўтаноміі, Расеі, Сірыі, Тунісу і Ўкраіны, каб пашырыць іх веды аб палітыцы Эўразьвязу ў розных галінах і ўнесьці ўклад у паляпшэньне дачыненьняў паміж ЕС і краінамі-суседзямі.

Эўрапейская камісія плянуе прадставіць каля 30 стыпэндый, якія ўключаць фінансаваньне выдаткаў на рэгістрацыю, пераезд і пражываньне.

Па выніках карэкціроўкі бюджэту Эўразьвязу на 2010 год Эўрапейскім парлямэнтам было выдзелена 960 тыс. эўра на падтрымку стыпэндый па гэтым праекце. Кожны грант прадстаўляецца адной сумай, максымальны памер стыпэндыі ня можа перасягаць 24 тыс. эўра на год.
XS
SM
MD
LG