Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У "Доме літаратара" Леанід Дранько-Майсюк і Васіль Варонін


Новая перадача сэрыі "Дом літаратара". Эфір 1 траўня


КНІГАГЛЯД


ВАСІЛЬ ВАРОНІН: "У ЛЕТАПІСАХ – НАШЫ ПЕРШЫЯ ПАДАНЬНІ І АНЭКДОТЫ"

Часопіс "ARCHE" выдаў у якасьці дадатку да свайго нумару 9 за мінулы год том "Летапісы і хронікі Беларусі". Ён будзе цікавы ня толькі прафэсійным гісторыкам і аматарам даўніны, але і тым, хто цікавіцца помнікамі мастацкага слова. З укладальнікам унікальнага выданьня, маладым дасьледнікам беларускага Сярэднявечча Васілём Вароніным гутарыць Валянціна Аксак.

Валянціна Аксак: "Спадар Варонін, у 1997 годзе ў выдавецтве "Беларускі кнігазбор" выйшла кніга "Беларускія летапісы і хронікі", і вось цяпер мы маем кнігу "Летапісы і хронікі Беларусі", якую вы ўклалі і падрыхтавалі да друку. Скажыце, калі ласка, чым адрозьніваецца ваша выданьне ад "кнігазбораўскага"?

Васіль Варонін: "Выданьне "Беларускага кнігазбору" было камплектавана самымі рознымі помнікамі беларускага й ня толькі беларускага летапісаньня, ды, па вялікім рахунку ня толькі летапісаньня. У тым томіку былі надрукаваныя летапісы, пачынаючы з "Аповесьці мінулых часоў" і заканчваючы беларускімі гарадзкімі хронікамі, у прыватнасьці Віцебскай і Магілёўскай. Так што ў тым выданьні прадстаўлены даволі шырокі пералік разнастайных па сваім характары твораў. Што ж датычыцца гэтага новага выданьня, то яно складаецца цалкам, за выключэньнем дадатку, зь летапісаў і хронік эпохі Вялікага Княства Літоўскага. Гэта значыць, што храналягічна яны ахопліваюць XIV-XVIII стагодзьдзі. Гэта і агульнадзяржаўныя летапісы, і рэгіянальныя, плюс да іх у дадатку зьмешчаны шэраг вельмі істотных і ў значнай ступені новых твораў, якія ў нас рэдка вывучаюць як творы айчыннага летапісаньня. У прыватнасьці, праз сто гадоў апублікаваны вельмі важны ўрывак Смаленскага летапісу, які генэтычна зьвязаны зь беларуска-літоўскім летапісаньнем. Апрача яго ў дадатку зьмешчаны ўрыўкі з летапісаньняў украінскага, гэта значыць валынскага і галіцкага паходжаньня, наўгародзкага, пскоўскага, якія важныя для прадстаўленьня падзей з айчыннай гісторыі".

Аксак: "У прадмове да гэтага выданьня вы пішаце, што прадстаўленыя тут тэксты – гэта творы гісторыка-літаратурныя, і некаторыя зь летапісцаў бясспрэчна валодалі літаратурнымі здольнасьцямі. Паводле жанру як бы вы вызначылі гэтыя тэксты? Ці гэта дакумэнтальна-мэмуарная проза ці можа быць нават гістарычная белетрыстыка?"

Варонін: "Гэта вельмі розныя паводле жанру творы, творы вельмі спэцыфічныя, таму што пісаліся яны ў розных умовах, рознымі аўтарамі, у розныя эпохі і таму яны дастаткова моцна паміж сабой адрозьніваюцца. У тым ліку, дарэчы, і мовай, бо шэраг твораў напісаны па-польску і на лаціне".

Аксак: "Дасьледчыкі лічаць, што летапісы – гэта першыя літаратурныя творы. А ці можаце вы прывесьці адзін ці два фрагмэнты, якія праілюструюць гэтую думку, якія пакажуць, што гэта сапраўды – помнікі мастацкага слова?"

Варонін: "Цэлы шэраг летапісаў зьяўляецца помнікамі гістарычна-літаратурнага, а ў некаторых выпадках у большай ступені літаратурнага характару. Напрыклад, у беларуска-літоўскім летапісаньні вельмі важнае месца займае легендарная частка, якая трактуе, напрыклад, легенду пра прыбыцьцё продкаў літоўцаў зь Італіі. Менавіта гэтая частка ў большай ступені зьяўляецца літаратурным творам, чым творам гістарычным, бо з пункту гледжаньня гісторыка гэтыя зьвесткі казачнага характару. Яны, бясспрэчна, маюць цікавасьць для аматараў прыгожага пісьменства. Зь ліку твораў гісторыка-літаратурнага характару вельмі цікавай зьяўляецца "Хроніка Быхаўца", якая на сёньняшні дзень прадстаўляе найбольш поўны звод беларуска-літоўскага летапісаньня. Яна была напісана не ў адзін час і не адным чалавекам, і некаторыя яе фрагмэнты ўяўляюць цікавасьць зь літаратурнага пункту гледжаньня. Напрыклад, апісаньне славутай бітвы пад Клецкам 1506 году. У гэтай хроніцы сустракаецца і шэраг гістарычных паданьняў ці хутчэй анэкдотаў, якія напісаны не бяз гумару. Ёсьць тут і цэлы пласт запісаў, якія распавядаюць пра гістарычныя падзеі ў форме анэкдотаў з яркай вобразнасьцю. Я думаю, што гэтыя фрагмэнты будуць цікавыя аматарам падобных твораў".


АЎТАР І ТВОР


ЛЕАНІД ДРАНЬКО-МАЙСЮК: "У ВІЛЬНІ ГЛЫБЕЕ ДЫХАНЬНЕ"

Вільня ў беларускай літаратуры займае адметнае месца. Ніводзін айчынны горад ня можа пахваліцца такой колькасьцю прысьвечаных яму твораў, колькі іх прысьвечана цяперашняй сталіцы Літоўскай Рэспублікі. Гэта, аднак, не спыніла Леаніда Дранько-Майсюка – аўтара лірычнага эсэ "Ў Вільні і больш нідзе", апублікаванага летась у часопісе "Дзеяслоў". З паэтам, натхнёным Вільняй, сустрэўся Міхась Скобла.

Міхась Скобла: "Леанід, ведаю, што ты апошнім часам часта наведваеш Вільню. І гэтыя вандроўкі не спыніліся і пасьля публікацыі твайго віленскага эсэ. Што ты шукаеш у гэтым горадзе?"

Леанід Дранько-Майсюк
Леанід Дранько-Майсюк:
"У Вільні я шукаю сваё роднае і ўсёчалавечае, я шукаю рамантычныя фарбы, паэтычныя фарбы. Вільня – частка беларускай душы, частка беларускага існаваньня, вельмі значная, літаратурная, прыгожая. Пра гэта мне хораша гаварыць, пра гэта хочацца чытаць вершы, і ня толькі свае, але і творы тых нашых вялікіх паэтаў, якія былі створаныя менавіта на віленскім бруку, у першую чаргу, вершы Максіма Танка. Дарэчы, нядаўна я набыў першы том з яго трынаццацітомнага Збору твораў. Якраз вершы Танка тае пары амаль усе былі створаныя менавіта ў Вільні, пад кожным вершам пазначана гэта сьвятое слова – Вільня. Вільня гучыць як музыка, як паэзія, Вільня – гэта наша бясконцая памяць, і мне асабіста хочацца, каб маштаб гэтай памяці мацнеў і глыбеў".

Скобла: "Вільня за апошнія дваццаць гадоў моцна зьмянілася, асабліва гарадзкая тапаніміка. Чалавеку неабазнанаму лёгка заблудзіцца. Хто ці што дапамагае табе знаходзіць патрэбныя маршруты?"

Дранько-Майсюк: "Гістарычныя працы нашых навукоўцаў, тыя кнігі, якія зьявіліся нядаўна. Гэта найперш кніга Сьвятланы Белай, там шмат цікавых зьвестак пра даваенную Вільню. Кніга Лявона Луцкевіча "Вандроўкі па Вільні" таксама дапамагае вельмі добра і дакладна арыентавацца ў Вільні. А яшчэ мне дапамагае наша беларуская літаратура, і таму ў сваіх віленскіх занатоўках клясычная беларуская паэзія зьяўляецца нібыта галоўным героем. Я шмат цытую Максіма Танка, прывожу вялікія цытаты з твораў Міхася Машары, іншых нашых пісьменьнікаў, якія жылі ў Вільні, якія добра ведалі Вільню, якія пакінулі пра Вільню сваё мастацкае, сваё дакумэнтальнае, сваё чалавечае сьведчаньне. Я магу сказаць, што мне не падабаецца ў сучаснай Вільні. Мне не падабаецца той бераг Віліі, на які можна трапіць па Зялёным Мосьце, я той бераг называю Ганконгам, там узьведзеныя сучасныя будынкі з сіне-дымнага шкла і бэтону. Я проста перакананы, што яны нашу Вільню сапсавалі, каб іх не было, было б лепей. Той жа касьцёл сьвятога Рафала проста гіне ў гэтым сучасным бязглуздым архітэктурным Ганконгу".

Скобла: "Нобэлеўскі ляўрэат Чэслаў Мілаш у сваёй кнізе інтэрвію "Размовы зь Мілашам" гаворыць, што беларусы ў Вільні ў міжваенны пэрыяд былі малапрыкметныя. А ці так гэта?"

Дранько-Майсюк: "Не магу згадзіцца з думкай шаноўнага ляўрэата Нобэлеўскай прэміі, бо да 1939 году ў Вільні выходзілі 12 беларускіх газэтаў і часопісаў, існавала Беларуская гімназія, дзейнічалі грамадзкія беларускія арганізацыі. І гэта, нягледзячы на ціск з боку польскай улады, нягледзячы на бясконцыя рэпрэсіі зь яе боку. Тагачаснае беларускае жыцьцё ў Вільні не скарачалася, і беларускія арганізацыі актыўна дзейнічалі, актыўна пра сябе заяўлялі, вялі не аўтаномнае жыцьцё, а супрацоўнічалі з прагрэсіўнымі польскімі арганізацыямі, пра што сьведчыць і сяброўства таго ж Максіма Танка з польскімі пісьменьнікамі. Ён свае вершы друкаваў у польскіх часопісах, якія выходзілі ў Вільні, і тыя польскія часопісы, напрыклад, “Po- prostu”, шырока рэклямавалі творчасьць Максіма Танка і іншых беларускіх пісьменьнікаў. Жыцьцё беларускае ў тагачаснай Вільні было прыкметнае. Вельмі шкада, што такую думку выказаў Чэслаў Мілаш".

Скобла: "Ведаю, што ты ўважліва вывучаў і тое адзінае ў сьвеце месца, дзе беларусы вышэй за ўсіх. Я маю на ўвазе віленскія могілкі Росы, беларускі нэкропаль. У якім стане ён знаходзіцца цяпер?"

Дранько-Майсюк: "Калі заходзіш на Росы, справа ад брамы знаходзіцца магіла Ядвігіна Ш. – прыкметны гранітны абэліск, які быў узьведзены ў 1937 годзе на грошы віленскіх беларусаў. Была зладжаная вельмі аб’ёмная і прыгожая акцыя, за вельмі кароткі тэрмін былі сабраныя неабходныя сродкі і ўзьведзены гранітны абэліск замест састарэлага дубовага крыжа. Там жа знаходзіцца магіла вядомага нашага архітэктара Лявона Вітан-Дубейкаўскага. На Росы перанесеная ў свой час магіла Францішка Аляхновіча. Там бачыць вечныя сны вядомы сьвятар і знакаміты паэт Казімер Сваяк. Там спачывае Лявон Луцкевіч, побач зь яго магілай знаходзіцца сымбалічная магіла яго бацькі Антона Луцкевіча і яго знакаміта дзядзькі Івана. Гэтыя магілы дагледжаныя, упрыгожаныя і кветкамі, і бел-чырвона-белымі стужачкамі, там заўсёды гараць сьвечкі. Там добра думаецца, і сапраўды, гэтае месца, так званая Літарацкая горка, высокае, поўнае беларускім духам".

Скобла: "О Вільня, крывіцкая Мекка!" – пісаў у свой час Уладзімер Жылка. "Сумуе душа па табе, беларускі Сыёне", – наўздагон яму гукаў Зьмітрок Бядуля. "Духоўным Араратам беларусаў" назваў Вільню наш сучасьнік гісторык Захар Шыбека. А чым Вільня ёсьць асабіста для цябе?"

Дранько-Майсюк: "У свой час мае землякі, жыхары Давыд-Гарадка, езьдзілі ў Вільню прадаваць і купляць. Яны прадавалі там працу сваіх рук, а я ежджу ў Вільню, кажучы мовай нашых знакамітых рамантыкаў, па натхненьне. Для мяне асабіста Вільня – гэта тое месца, у якім лепшае кроў і глыбее дыханьне".

ЛЕАНІД ДРАНЬКО-МАЙСЮК. АНТОН ЛУЦКЕВІЧ

Пакінуць Вільню немагчыма.
Старанная пільнуе сьмерць
У Вільні роднай і любімай –
Што лепшага тады хацець!

Па Замкавай ідзе пагібель,
Па Троцкай, Віленскай ідзе,
Люструючыся ў кожнай шыбе,
Пытаючы адно: “Ты дзе?”

На Людвісарскай ёй скарыцца?!
Там, дзе Татарскае дамы?!
Каля Лукіскае вязьніцы?!
Каля Антокальскай турмы?!

Усё так сонечна і проста,
Душа марнее ў харастве…
Рафал па-над Зялёным Мостам
І над Кальварыяй плыве.

Якуб зь Піліпам гоняць змору
І, як авечак, пыл сівы
У Зьверынецкую прастору
На купал Знаменскай царквы.

А над вянцом гары Трохкрыжнай
Дух пранцішканаў грэе дол,
І з трох крыжоў, нібыта зь вішняў,
Цьвет белы падае наўкол.

Ад Пагулянкі да Зарэчча
Парой начной і не начной,
Як Млечны Шлях, сярэднявечча
Стаіць празрыстаю сьцяной.

А на кароне Казіміра,
Калі ад ратушы глядзець,
Вясёлка хваліцца сапфірам
І ў золаце купае медзь.

Непадалёк Сьвятога Яна
З гульбой факстротнаю ня ў лад,
Нібыта здань, адукавана
Чарнее езуіцкі сад!

І гэтае красы паблізу,
Ад верху поўнае сьвятла
І поўнае сьвятла ад нізу –
Душа б суцішыцца магла

І ўбачыць Зоф’ю… Не, ня ў плачы,
А ў неспакоі маладым,
Калі магчыма нешта ўбачыць
У замагільным сьвеце тым…

Не трэба страху паддавацца,
Які б ня быў вялікі страх,
І ў Вільні трэба заставацца
На беларускіх берагах!

Каб той хвілінай самай-самай,
Якую й Кон не адзаве,
Убачыць, як над Вострай Брамай
Хмурына крэўская плыве.

6 лістапада 2009, Менск
XS
SM
MD
LG