Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Крамбамбуля": самаадукацыя праз гістарычную мэдытацыю


25 гадоў таму, 7 траўня 1985 году, савецкае кіраўніцтва пачало антыалькагольную кампанію, якую не прынялі многія нават далёкія ад заганнай звычкі насельнікі СССР. Але аказваецца, што ў бутэльцы можна ня толькі згінуць, але і паўстаць зусім іншым чалавекам. Прынамсі, у гэтым перакананыя браты Дайнэкі, якія праз адраджэньне гатункаў сярэднявечных напояў спрабуюць намацаць лепшыя рысы ў нашчадкаў знакамітых беларускіх родаў.

Адзінае ў Беларусі прадпрыемства, якое спэцыялізуецца на выпуску напояў паводле тэхналёгіяў, набліжаных да старадаўніх, і прапагандуе разумнае ўжываньне алькаголю, наведаў Ігар Карней.

Прадпрыемства "Беларускае пітво" заснаваў на пачатку 1990-х вядомы пісьменьнік Леанід Дайнека, у чыім актыве нямала твораў гістарычнай тэматыкі. Цяпер іміджавую палітыку кампаніі фармуюць перадусім ягоныя сыны — Сяргей, Зьміцер і Сьцяпан. Намесьнік дырэктара "БелПІ" Зьміцер Дайнека расказвае, што філязофія сямейнага бізнэсу — не фізычны вал, а канкрэтны адукацыйны пасыл спажыўцу:

Зьміцер Дайнека
"У нас сямейны бізнэс. Мы невялікае прадпрыемства і ня ставім на мэце вырабляць вельмі многа. Але мы хочам зрабіць нейкі прадукт, каб чалавек яго з задавальненьнем набываў. У нас ёсьць свая аўдыторыя, і, безумоўна, мы хочам яе пашыраць. Бо вытворца, калі вырабляе нейкі прадукт, можа ў пэўным сэнсе выхоўваць пакупніка. Зноў жа, хочам праз нашу прадукцыю данесьці нешта цікавае, як у нашым выпадку: на цэтліках бутэлек зьмяшчаем інфармацыю пра нашу вялікую дзяржаву — Вялікае Княства Літоўскае. Гэта ж надзвычай цікава! Са свайго боку, хочам неяк выхоўваць людзей, каб яны зразумелі, што ў іх была цікавая гісторыя, гераічная, багатая на бітвы, на змаганьні за сваю незалежнасьць, за сваю зямлю. Вось такія ў нас больш мэты, а не фізычнае павелічэньне валу. Дый гэта і цяжка зрабіць невялікай фірме, таму такія мэты перад намі не стаяць".

Абсалютны хіт ад "Беларускага пітва" — "Крамбамбуля". Упершыню напой зьявіўся на паліцах на пачатку 2000-х і меў два варыянты — клясычны і дамскі. Навацыя выклікала цікавасьць, і было вырашана пашырыць асартымэнт. На пачатку мінулага году зьявілася цэлая лінейка настояў, кожны зь якіх суправаджаўся гістарычнай даведкай на некалькіх мовах. Гаворыць Зьміцер Дайнека:
Фактычна гэта адзіны цалкам беларускамоўны брэнд ...

"Фактычна гэта адзіны цалкам беларускамоўны брэнд, які існуе на нашым рынку. І мы ведаем, што ёсьць пакупнікі, якія жадаюць мець такі прадукт. Калі чалавек хоча паехаць за мяжу, павезьці цікавы сувэнір ці годны напой зь Беларусі, то "Крамбамбуля" — якраз той варыянт, каб быць прэзэнтам зь Беларусі. Успрымаецца напой добра, адзінае, што, безумоўна, папулярнасьць залежыць ад смаку. Так, "Крамбамбуля Вогненная" на пякучым перцы найменш запатрабаваная, але ёсьць і на яе свой пакупнік. Найбольш папулярная — "Крамбамбуля Панская" (аўтэнтычны напой, зроблены з тых жа інгрэдыентаў, якія ўжываліся ў часы ВКЛ). Другое месца дзеляць "Крамбамбуля Хлебасольная" — адзіны ў Беларусі напой з сапраўдным коласам пшаніцы, а не намаляваным на празрыстай налепцы — і таксама "Крамбамбуля Шчодрая", зробленая зь вельмі якасных інгрэдыентаў. У масе народных лекавых сродкаў ёсьць падобны склад, таму людзі купляюць і ўжываюць у невялікіх колькасьцях. Зараз мы пашыраем сетку распаўсюду, каб была магчымасьць набыць наш напой у любой краме".

Цяпер у крамах можна пабачыць "Крамбамбулю" дзевяці гатункаў. Як удакладняе Зьміцер Дайнека, ідэя ў тым, каб не было двух падобных напояў, каб кожны меў свой унікальны смак. Тэарэтычна асартымэнт можа пашырацца бясконца, але ў аглядных плянах — тузін "Крамбамбуляў".

Дырэктар "БелПІ" Сяргей Дайнека перакананы: няма асаблівага сэнсу так радыкальна, як у сярэдзіне 1980-х, змагацца з алькагольнай залежнасьцю. Але трэба намагацца, каб алькаголь быў прынамсі высокай якасьці:

Сяргей Дайнэка
"Калі ўжываюць, то, пэўна, ёсьць такая патрэба. Так атрымліваецца, што алькаголь праходзіць з чалавекам праз усё жыцьцё, ад самага нараджэньня. Дзіця народзіцца — адразу ж стол, закуска, алькаголь. Нейкае сьвята — ізноў стол з выпіўкай. Паміраюць — ня сьвята, але закуска і алькаголь зноў ёсьць. Мы ў сваёй працы так акцэнт робім, што нам хочацца стварыць напой масавы, але, безумоўна, ня танны. Наконт абсалютнай даступнасьці сабе мэты ня ставім. У аснове напояў, якія мы на сёньняшні дзень вырабляем, вельмі дарагія інгрэдыенты, тыя ж самыя спэцыі. Як у часы ВКЛ іх везьлі зь Індыі, так і зараз вязуць. Проста тэрміны дастаўкі сталі карацейшымі. Але ж як той арэх мы вазілі з Далёкага Ўсходу і Сыбіры, так яно і будзе. І калі хтосьці гаворыць пра дрэнныя звычкі, то былы прэм'ер-міністар Вялікай Брытаніі Ўінстан Чэрчыль кожны дзень выпіваў па бутэльцы брэндзі ці каньяку і дажыў амаль да 90 гадоў. То бок усе ведалі яго звычку піць з раніцы брэндзі з папаяй, але ён на гэта казаў: алькаголь бярэ ад мяне менш, чым я ад яго. То бок, у прынцыпе, алькаголь быў, ёсьць і будзе".

Але каб прадаваць прадукцыю, трэба самому дасканала ведаць яе смак. Пытаюся ў малодшага з Дайнекаў — Сьцяпана — пра ўласныя сымпатыі што да сваёй прадукцыі:

Сьцяпан Дайнека
"Паколькі я кірую аддзелам продажу нашай кампаніі, то ў мяне ў хаце ёсьць усе 9 гатункаў. Пад настрой і салодкую магу ўжыць час ад часу; учора, прыкладам, "Паляўнічую" на зубровай траве ўжываў, зь мяснымі стравамі цудоўна спалучаецца. Так што заўсёды праводжу такі "маніторынг", у мяне ўвесь асартымэнт у наяўнасьці, і раз-пораз такія дэгустацыі раблю".

Карэспандэнт: "Але на вытворчасьці ёсьць і прафэсійныя дэгустатары?"

"Так, зразумела. У нас вельмі якаснае сучаснае абсталяваньне і працуе вялікая каманда прафэсіяналаў. Усе зь вялікім досьведам працы, па 10—15 гадоў у алькагольнай сфэры. Людзі ўсе падрыхтаваныя, сыстэма якасьці ў нас на прадпрыемстве дзейнічае. Так што на кожным этапе якасьць прадукцыі гарантуецца. Большасьць людзей у нас ад моманту стварэньня прадпрыемства, мы разам, адной камандай крочым наперад. Зразумела, ёсьць людзі з вопытам працы на іншых прадпрыемствах. Але ў асноўным гэта наша каманда ад моманту заснаваньня кампаніі, людзі, якія заўсёды з намі побач. І разам мы ўсё ствараем у адной камандзе".

Хуткай рэалізацыі ідэі зрабіць "Крамбамбулю" беларускім брэндам замінае перадусім немагчымасьць шырока рэклямавацца. Але заканадаўствам дазволеная форма адкрытых дэгустацый, і апошнім часам "Беларускае пітво" яе актыўна выкарыстоўвае. Пры гэтым спажыўцы, старэйшыя за 18 гадоў, запаўняюць адмысловыя анкеты, у якіх выстаўляюць адзнакі напоям. Найбліжэйшая дэгустацыя адбудзецца 15 траўня ў Дудутках, на адкрыцьці дударскага фэсту.

Неўзабаве ў крамах зьявіцца новая арыгінальная навінка ад "БелПІ" — "Маразуля". У сярэднія вякі быў аднайменны танец — танцоры павольна пачыналі, але хутка ўваходзілі ў раж. "Маразуляў" мяркуецца выпусьціць восем гатункаў, паводле колькасьці літар у слове — каб з вынесеных на этыкетку вялікіх літар можна было выставіць на паліцах назву пітва. Гэтаксама ўжо ёсьць пілётны праект на выраб знакавага колісь салодкага напою "Крупнік" — з абавязковым лікбезам пра рытуал яго ўжываньня. Прапрацоўваецца сэрыя "Залатыя імёны", якая ахопіць сваімі этыкеткамі найбольш знакавыя фігуры беларускай гісторыі. У агляднай будучыні ў продажы трэба чакаць своеасаблівыя міні-бары ад "БелПІ", дзе ў адным кантэйнэры будуць сабраныя ўсе неабходныя інгрэдыенты, каб гатаваць адмысловыя кактэйлі. І ўва ўсіх выпадках — толькі натуральная сыравіна, бяз штучных фарбавальнікаў. Колер, створаны прыродай.
XS
SM
MD
LG