Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цягнік зь Менску ў Вільню будзе больш хуткім


Эдмінас Багдонас у Хатыні
Эдмінас Багдонас у Хатыні

Як скараціць шлях з Менску ў Вільню і назад цягніком удвая? Гэтае пытаньне абмяркоўвалі на сваёй сустрэчы прэм'ер-міністры Беларусі і Літвы Сяргей Сідорскі і Андрус Кубілюс.

Пра гэта сёньня расказаў журналістам амбасадар Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас падчас наведваньня мэмарыяльнага комплексу «Хатынь». Ён сказаў, што прыклад зь цягнікамі паказаў бы яскравую магчымасьць для лепшых стасункаў жыхароў дзьвюх краінаў.

Амбасадар Багдонас лічыць, што гэты праект мог бы стаць прывабным і для Эўракамісіі, і для праграмы Ўсходняга партнэрства, якія б і маглі яго прафінансаваць. Гаворка ідзе пра тое, каб паскорыць хуткасьць цягнікоў. Літоўскі бок прапаноўвае таксама не спыняць цягнік на межах, а праверку дакумэнтаў рабіць непасрэдна ў цягніку падчас яго руху.

Магчыма, гэтае пытаньне атрымае сваё разьвіцьцё 20-21 траўня ў Горадні, дзе пройдзе інвэстыцыйны форум літоўскіх і беларускіх бізнэсоўцаў.

Эдмінас Багдонас таксама паведаміў, што 1 ліпеня ў Вільні пройдуць два мерапрыемствы: сустрэча кіраўнікоў краін Балтыйскага рэгіёну і Эканамічны форум. Паводле яго словаў, папярэднюю згоду наведаць гэтыя мерапрыемствы далі такія вядомыя асобы, як канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель і кіраўнік расейскага ўраду Ўладзімер Пуцін.

Адпаведнае запрашэньне, адзначыў амбасадар, пасланае і беларускаму кіраўніцтву. Вядома, што ў Вільню мяркуе прыехаць намесьнік міністра эканомікі Андрэй Тур. Ці паедзе на гэтыя мерапрыемствы яшчэ нехта з кіраўнікоў Беларусі больш высокага рангу, пакуль невядома.

Эдмінас Багдонас сказаў, што ён чацьверты год працуе ў Беларусі і гэта яго чацьвёртае наведваньне Хатыні, «бо пра такую трагедыю нельга ніколі забываць», — сказаў амбасадар. — «Наш сьвяты доўг — ускласьці кветкі, што раблю я і што рабілі мае папярэднікі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG