Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтуховіч: “Мне ня важна, што сказаў суд, важна, што думаюць людзі”


Мікалай Аўтуховіч і Ўладзімер Асіпенка пасьля абвяшчэньня прысуду.
Мікалай Аўтуховіч і Ўладзімер Асіпенка пасьля абвяшчэньня прысуду.

Для большасьці з назіральнікаў прысуд, які прагучаў сёньня ў Вярхоўным судзе адносна гэтак званай «тэрарыстычнай справы», стаўся нечаканасьцю. Што думаюць пра прысуд самі падсудныя, абвінаваўца і адвакаты асуджаных?


Адразу пасьля абвяшчэньня прысуду мне ўдалося наблізіцца да жалезнай клеткі з падсуднымі і запытаць пра іх стаўленьне да прысуду.

Мікалай Аўтуховіч: «Мне ня важна, што скажа суд, важна, што думаюць людзі».

Крыкі ў залі суду : «Вы нашыя героі!»

Карэспандэнт: «Уладзімер, што вы скажыце?»

Асіпенка: «Што тут казаць — сфабрыкаваная справа».

Адвакат Аўтуховіча Павал Сапелка, калі выйшаў з суду, заявіў, што будзе падаваць скаргу на прысуд, гэтага не выключае і адвакат Уладзімера Асіпенкі Тамара Сідарэнка. Пры гэтым адвакаты кажуць пра «мужнасьць судзьдзі Аляксея Цяцюхіна» ды іншых сябраў судовай калегіі, якія апраўдалі падсуднага па большасьць сур’ёзных абвінавачаньняў, у тым ліку падрыхтоўцы тэракту.

Павал Сапелка: «Захоўваецца магчымасьць адмены гэтага прысуду пасьля пратэсту намесьніка, а потым і старшыні Вярхоўнага суду. І хаця ілюзіяў у нас няма, аднак мы зробім усе захады па абскарджваньні прысуду. А з большага я ацэньваю гэты прысуд як бясьсільле ўлады перад тварам майго падабароннага, сумленнага чалавека. Той, хто ведае прынцыпы працы судовай сыстэмы ў Беларусі, аддасьць належнае мужнасьці судзьдзі Цяцюхіна, тым ня менш, лічу прысуд незаконным і буду яго абскарджваць».

Абаронца Ўладзімера Асіпенкі Тамара Сідарэнка: «Вялікае задавальненьне ўсё ж ёсьць. Таму што аб’ектыўнасьць выяўленая паводле найбольш цяжкіх злачынстваў. Нэрвозная была абстаноўка, але суд вынес патрэбнае рашэньне па гэтых эпізодах». Тым ня менш Тамара Сідарэнка не выключае, што таксама будзе абскарджваць прысуд, але ёй для гэтага трэба параіцца з падабаронным. Таксама адвакат адзначае кепскую працу сьледчых, з-за якіх падсудныя болей за год адбылі за кратамі паводле падазрэньняў, якія фактычна ў судзе не пацьвердзіліся.
Відавочна было адразу, што іх няма за што судзіць.


Праваабаронца Алег Воўчак мяркуе, што пасьля гэтага прысуду мусяць пайсьці ў адстаўку кіраўнікі пракуратуры і міністэрства ўнутраных спраў, якія падрыхтавалі справу, што ня вытрымала праверкі ў судзе.

«Калі б загадалі асудзіць за тэрарызм, то асудзілі б. Таму ня думаю, што тут вялікая заслуга судзьдзі. Відавочна было адразу, што іх няма за што судзіць. Проста гэта яшчэ адна палітычная акцыя. Каб не ствараць напружанасьці у грамадзтве».

Прадстаўнік пракуратуры Эльдар Сафараў пасьля прысуду адразу пакінуў залю, узяць у яго камэнтар не ўдалося.

Апошні дзень суду над Аўтуховічам
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:10 0:00



Па 17-й гадзіне, пасьля суду, ля Мастацкага музэю затрымалі і зьбілі былога кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна, прадпрымальніка Аляксандра Макаева, моладзевых актывістаў Міколу Дземідзенку і Ўладзя Яроменка.

На затрыманых склалі пратаколы. Іх вінавацяць у дробным хуліганстве. Займаецца справай старшы сьледчы Лапановіч.

Яшчэ раней ля будынку Вярхоўнага Суду была затрыманая праваабаронца Кацярына Садоўская, якая раздавала ўлёткі і інфармацыйныя матэрыялы.

А 9-й вечара ўсіх затрыманых адпусьцілі пасьля складаньня пратаколаў. Суд прызначаны на 12 траўня ў судзе Ленінскага раёну. Кацярыне Садоўскай у РУУС стала блага й яе адвезьлі ў шпіталь.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG