Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прысуд Аўтуховічу будуць абскарджваць


Адвакаты, сваякі, сябры Мікалая Аўтуховіча і іншых, асуджаных сёньня па так званай «ваўкавыскай справе», задаволеныя прысудам — адносна мяккім у параўнаньні з тым, чаго прасіў пракурор, — але настойваюць на невінаватасьці асуджаных. Палітыкі і праваабаронцы называюць асуджаных палітвязьнямі.


Адвакат Мікалая Аўтуховіча Павал Сапелка выказаў задавальненьне, што так званая справа аб тэрарызьме развалілася і ягоны падабаронны атрымаў адносна мяккі прысуд. Аднак гэтага мала, мяркуе ён:

«Тым ня меней я лічу, што прысуд незаконны, і ён будзе мною абскарджаны. Адзіным законным прыгаворам па гэтай справе было б поўнае апраўданьне Аўтуховіча».

Павал Сапелка
Людміла Асіпенка
Алег Воўчак
Вячаслаў Сіўчык
Аляксандар Казулін
Стэфан Эрыксан
Віталь Рымашэўскі
Мікалай Статкевіч
Сяргей Калякін
Дачцэ Ўладзімера Аспіпенкі Людміле судзьдзя Вярхоўнага суду даў дазвол на сустрэчу з бацькам. Яна рада і спатканьню, і мяккаму прысуду:

«Гэта адно з найлепшых, што мы маглі чакаць. Канечне, спадзяваліся, што адпусьцяць сёньня, але і гэта падарунак. Бо не заставалася больш надзеі. Гэта дае хоць нейкую магчымасьць далей жыць у гэтай краіне і верыць у справядлівасьць… Мы вельмі ўдзячныя ўсім, хто прыходзіў падтрымліваць майго бацьку і нас. Спадзяюся, што тата неўзабаве сам падзякуе ўсім».

Праваабаронца Алег Воўчак мяркуе: яшчэ ёсьць магчымасьць, што старшыня Вярхоўнага суду ў парадку нагляду зробіць прысуд мякчэйшым:

«Старшыня Вярхоўнага суду мае права перагледзець прысуд. Мы спадзяемся, што гэта адбудзецца пад ціскам грамадзкасьці, і будзем працягваць сваю дзейнасьць у гэтым кірунку. Але дзякуй Богу, што маразм гэты сёньня часткова спыніўся».

Палітык Вячаслаў Сіўчык заявіў, што кампанія па вызваленьні Мікалая Аўтуховіча і асуджаных разам зь ім будзе працягвацца:

«Мы патрабуем неадкладнага вызваленьня Аўтуховіча. Хацеў бы нагадаць, што і эпізод з быццам бы перавозкай гэтага гранатамёта грунтуецца на тых жа паказаньнях, якія па астатніх артыкулах былі не прызнаныя Вярхоўным судом. Таму Аўтуховіч, Асіпенка і Казлоў павінны быць неадкладна вызваленыя».

Былы палітвязень Аляксандар Казулін назваў Аўтуховіча, Асіпенку і Казлова новымі беларукімі палітвязьнямі:

«Улады зараз не змаглі ўжо пайсьці на грубае парушэньне заканадаўства. Проста не змаглі, бо надта ўжо відавочна, што ніякіх доказаў у іх проста няма».

Тым ня меней сёньняшняе рашэньне суду спадар Казулін назваў палітычным.

На працэсе прысутнічалі прадстаўнікі АБСЭ і дыпляматы заходніх краін. Амбасадар Швэцыі ў Менску Стэфан Эрыксан заявіў «Свабодзе» пасьля вынясеньня прыгавору:

«Самае галоўнае, што суд іх не прызнаў вінаватымі ў гэтых цяжкіх злачынствах, у тэрактах, гэта ўсё зьнята. Засталося толькі абвінавачаньне наконт зброі. Але суд сам пацьвердзіў, што паказаньні Ларына былі супярэчлівымі. Таму ўсё роўна, 5 гадоў — гэта ўсё роўна вельмі цяжкі прысуд».

Адзін зь лідэраў БХД Віталь Рымашэўскі мяркуе, што саступкі ўлады ў гэтай справе «сьведчаць пра яе страх і слабасьць» і што менавіта грамадзкая падтрымка ўнутры Беларусі і міжнародная падтрымка дапамагла засуджаным аблегчыць выракі:

«Але гэта яшчэ не перамога. Яны застаюцца палітвязьнямі. Трэба змагацца далей за вызваленьне гэтых людзей. Трэба праводзіць акцыі ў іх падтрымку ўнутры Беларусі і зьвяртацца па міжнародную падтрымку ў гэтай справе».

На думку спадара Рымашэўскага, улада перасьледуе Аўтуховіча як чалавека, які супрацьпаставіў сябе сыстэме. У гэтым выражаецца дух таталітарызму, і працэс гэты паказальны, мяркуе ён.

Былы палітвязень Мікалай Статкевіч перакананы:

«У нашых умовах, калі чалавек вінаваты, то дадуць столькі, колькі прасіў пракурор, а калі цалкам невінаваты, то дадуць меней. Мабыць, ён настолькі невінаваты, што далі ў 4 разы меней, чым прасіў пракурор».

Паводле спадара Статкевіча, беларускаму рэжыму патрэбныя такія прысуды, каб запалохаць грамадзтва, і калі не ўдаецца засуджваць публічных людзей, паколькі на Захадзе на гэта рэагуюць вельмі нэгатыўна, то бяруцца за менш вядомых людзей, такіх, як Аўтуховіч.

«Улады апускаюць узровень рэпрэсіяў, але надаюць ім публічнасьць. Ёсьць попыт дзяржавы на гэта, і чыноўнікі імкнуцца яго задаволіць».

Палітык Сяргей Калякін таксама мяркуе, што Аўтуховіча і яго калег засудзілі, каб іншым была навука.

«Я лічу, што гэта справа адназначна палітычная. Гэта не крымінальная, а палітычная справа, і зьвязаная яна з актыўнай грамадзянскай пазыцыяй гэтых людзей».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG