Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Будзе тое ж самае, што ў Кіргізстане!"


За апошнія два з паловай дзесяцігодзьдзі вакол Гомелю вырасла шмат прыватных катэджаў — у Чонках і ў Перамозе, у Яроміна й у Красным. У народзе іх называюць няйнакш, як "царскімі сёламі".


У такіх паселішчах далёка не заўсёды жывуць "мафіёзі" ці "крутыя бізнэсоўцы". Улады меркавалі, што самабудамі прыватнікі дапамогуць вырашыць вострую ў горадзе жыльлёвую праблему.

Ад 1 чэрвеня на падставе пастановы Саўміну № 639 уладальнікі катэджаў і дамоў павышанай камфортнасьці мусяць цалкам кампэнсаваць кошт паслугаў ЖКГ, а не 32 адсоткі, як было да гэтага часу.

Як паставіліся ўладальнікі прыватных катэджаў да такога рашэньня ўладаў? Пра гэта гаворка з жыхарамі паселішча Перамога, уключанага нядаўна ў гарадзкія абшары.

Гаворыць вайсковы пэнсіянэр спадар Віктар, які браў крэдыт на пабудову катэджу:

"Нэгатыўна ацэньваю, а як жа інакш. Чалавеку й так даводзіцца сябе абмяжоўваць. У мяне зімой на месячную аплату камуналкі ішло даляраў каля 150 — ацяпленьне, электраэнэргія й г.д. Зараз выдаткі падвысяцца ў тры разы. Адпаведна зьменшыцца даход на сям’ю. Ня слухаюць, што народ гаворыць — народ ставяць перад фактам. Гэта пры Хрушчове былі зьніжкі, а ў нас зараз таньней не бывае, а толькі ўсё штосьці даражэе".

Малады гамяльчук спадар Віталь таксама не ўхваляе чарговыя захады ўладаў на падвышэньне кошту паслугаў жыльлёва-камунальнай гаспадаркі:

"Сто адсоткаў — гэта, канечне, цяжка. Сямейны бюджэт ужо разьлічаны на пэўную суму. 100 адсоткаў — гэта даволі рэзкі пераход. І так заробкі невялікія, я лічу. Цэны ўсюды растуць. Суадносіны заробкаў і такіх падвышэньняў — гэта, канечне, вельмі дорага".

Пэнсіянэрка спадарыня Зінаіда разам з мужам таксама жыве ў дыхтоўным прыватным доме. Да падвышэньня коштаў на камуналку ў яе таксама негатыўнае стаўленьне:

"У мяне газавае ацяпленьне. Зімою я плаціла за яго 110—120 тысяч. Мы — людзі даваенныя, нічога добрага ў жыцьці ня бачылі. Хіба ж можна на нашу пэнсію пражыць і плаціць такія камунальныя паслугі? Што нам зараз — садзіцца на ваду й на хлеб? Я ня ведаю, як людзі будуць жыць. Будзе тое ж самае, што ў Кіргізстане!"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG