Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На "камунальным камунізьме" паставяць крыж


Урад Беларусі знайшоў яшчэ адзін спосаб папаўненьня казны. Ад 1 чэрвеня фізычныя і юрыдычныя асобы, якія маюць ва ўласнасьці нежылыя кватэры, а таксама катэджы плошчай больш за 200 квадратных мэтраў, будуць абавязаныя аплачваць паслугі жыльлёва-камунальнай гаспадаркі ў поўным памеры. Зараз велічыня кампэнсацыі складае толькі 30% ад фактычнага кошту паслугаў. Гэта значыць, што праз тры тыдні тарыфы на тэхнічнае абслугоўваньне і ацяпленьне у многіх беларускіх грамадзянаў падвысяцца ўтрая.


У адпаведнасьці са зьменамі, унесенымі ў пастанову Савету міністраў ад 1999 году, у мэтах "удасканаленьня парадку разьлікаў за паслугі ЖКГ" ад 1 чэрвеня грамадзяне, якія валодаюць кватэрай, у якой ніхто не жыве, мусяць у поўным аб'ёме кампэнсаваць кошт камунальных паслуг. Гэта ж тычыцца і ўладальнікаў жылых дамоў "падвышанай камфортнасьці". Дакумэнт удакладняе, што да такіх адносяцца дамы сядзібнага тыпу, кватэры ў блякаваных жылых пабудовах агульнай плошчай звыш 200 квадратных мэтраў, забясьпечаныя гарачай вадой, каналізацыяй, ацяпленьнем, вэнтыляцыяй і электрычнасьцю, абсталяваныя газавымі і электраплітамі.

На першым этапе экспэрымэнт будзе тычыцца жыльля, разьмешчанага ў Менску і прыгараднай зоне, у абласных гарадах і прылеглых да іх адміністратыўных раёнах, а таксама ў раённых цэнтрах. Вясковыя пабудовы і так званыя аграгарадкі ён пакуль што не закране.

Спадар Эдуард шакаваны навіной. У канцы 1990-х ён прадаў сталічную кватэру, каб на выручаныя грошы пачаць будаваць катэдж у Хмелеўцы недалёка ад Менску. Па яго словах, утрыманьне дома ўзімку выцягвала зь сямейнага бюджэту паўмільёна рублёў. А патройнае падвышэньне тарыфаў, на яго думку, прывядзе толькі да таго, што лік няплатнікаў падвысіцца ў разы:
гэта нечалавечыя ўмовы для ХХІ стагодзьдзя: пад'язных дарог няма, каналізацыя толкам не даробленая, водаправод працуе абы-як ...

"Гэта розуму непадуладна, што яны вырабляюць. Хай бы адразу паглядзелі, у якіх мы тут знаходзімся ўмовах. Бо гэта нечалавечыя ўмовы для ХХІ стагодзьдзя: пад'язных дарог няма, каналізацыя толкам не даробленая, водаправод працуе абы-як. Што ж яны робяць? Ці, можа, забыліся, як яшчэ 10-15 гадоў таму вельмі навязьліва падкрэсьлівалі, выпячвалі: трэба, як у той прыпавесьці, каб кожны грамадзянін Беларусі вырасьціў сына, пасадзіў дрэва і збудаваў дом. І вось гэты дэвіз як кіраўніцтва да дзеяньня я, як і многія іншыя, узяў на ўзбраеньне. Абклаўся кнігамі па будаўніцтве, хоць сам электроншчык па адукацыі, самаадукоўваўся. А потым, калі на заводзе "Гарызонт" зусім заціснулі з заробкам і я сышоў, дык не адзін дом пабудаваў. На шабашкі езьдзіў, каб зарабіць грошы і набыць матэрыялаў на сваю хату".

У тлумачэньні Савету міністраў гаворыцца: тарыфы за паслугі ЖКГ для згаданай катэгорыі грамадзянаў эканамічна абгрунтаваныя і абумоўленыя матэрыяльнай магчымасьцю спаўна кампэнсаваць затраты на аказаньне такіх паслугаў. Паводле распрацоўнікаў дакумэнту, цяперашнія 32% ад фактычнага кошту камунальнага абслугоўваньня не адпавядаюць балянсу паміж заробкамі асобных людзей і выдаткамі на паслугі ЖКГ. Іншымі словамі, ад 1 чэрвеня павінна ўсталявацца сацыяльная справядлівасьць, а камунальны камунізм адыдзе ў мінулае.

Сям'я трохразовага алімпійскага чэмпіёна Ўладзімера Парфяновіча жыве ў вялікім доме практычна ў цэнтры Менску. Спадарыня Тацяна, жонка славутага весьляра, расказвае: камунальныя паслугі за ўтрыманьне катэджу каштуюць больш за 400 тысяч рублёў. У халодныя месяцы сума перавышае ў эквіваленце 200 даляраў. Але патройнае падвышэньне, на яе думку, ніяк не адпавядае цяперашнім заробкам бальшыні нават заможных людзей:
Вось зараз тысяч 400 трэба будзе заплаціць, а калі яшчэ гэта памножыць на тры, то атрымаецца 1 мільён 200 тысяч ...

"Гэта істотна настолькі, што проста ня ведаю, дзе ў такім выпадку жыць. Таму што і цяпер зімой мы плацім проста шалёныя грошы — зыходзячы перадусім з нашых заробкаў. Атрымліваецца дзесьці парадку 200 даляраў у халодныя месяцы. Безумоўна, не ўва ўсіх сума аднолькавая, то бок залежыць ад таго, у каго колькі нагарыць газу на ацяпленьне. Будзе надзвычай складана, бо сума вельмі вялікая. Вось зараз тысяч 400 трэба будзе заплаціць, а калі яшчэ гэта памножыць на тры, то атрымаецца 1 мільён 200 тысяч. У мяне нават заробку такога не было, а я, між іншым, працавала дырэктарам Дзіцячай спартовай школы алімпійскага рэзэрву. Мой заробак быў 850 тысяч! Дык з чаго плаціць? Правільна, усё да таго і ідзе — давайце, пазбаўляйцеся ад нерухомасьці".

Сытуацыю камэнтуе эканаміст, колішні кіраўнік жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Менску Іван Анташкевіч. Перадусім цікаўлюся: ці можна крок з боку ўраду назваць радыкальным?
бедныя будуць ня супраць такіх захадаў адносна багатых ...

"Ну чаму радыкальны? На мой погляд, усё гэта, з аднаго боку, адбываецца ў сьвятле нашай афіцыйнай папулісцкай палітыкі, якая праводзіцца цягам многіх гадоў. Яна ж папулярная мера, калі тычыцца заможных людзей, і зразумела, што бедныя будуць ня супраць такіх захадаў адносна багатых. А зь іншага боку, сапраўды, у бюджэт з усіх бакоў саскрабаюць хоць штосьці. Бо сытуацыя вельмі дрэнная, калі назіраць нават па адкрытай статыстыцы — па МАЗе, па МТЗ, па іншых буйных прадпрыемствах. Што да дробных, то паглядзіце, які заробак у раённых цэнтрах. То бок сытуацыя надзвычай дрэнная, і таму гэта таксама нейкая маленькая плынь уліваньняў".

Карэспандэнт: "У прынцыпе, шмат якія краіны праходзілі праз тое, што людзей прымушалі 100-працэнтна аплачваць камунальныя паслугі…"

"Так, гэта безумоўна, камунальныя службы намагаюцца выйсьці на лічбу 100%. Але ж нашы заробкі — паглядзіце якія, нельга іх ставіць ні ў якае параўнаньне зь іншымі краінамі. Вядома, пры такіх паказьніках мы ніяк ня можам выйсьці на столь у 100%".



Навацыі са 100-працэнтнай аплатай камунальных паслугаў закрануць і ўладальнікаў кватэраў, якія пустуюць. Калі няма зарэгістраваных паводле месца жыхарства наймальніка, уласьніка ці іхных сямейнікаў, то плата за тэхнічнае абслугоўваньне або цэнтральнае ацяпленьне будзе вылічвацца ў поўным памеры. Гэта ж тычыцца і юрыдычных асобаў, на чыім балянсе ёсьць пустыя кватэры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG