Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Мілінкевіч: "Улады хочуць найперш грошай ад "Усходняга партнэрства"


Год таму 7 траўня ў Празе адбылася інаўгурацыя новай праграмы Эўразьвязу "Ўсходняе партнэрства". Гэта польска-швэдзкая ініцыятыва, якая прадугледжвае "глыбейшую інтэграцыю" 27 краінаў Эўразьвязу зь Беларусьсю, Украінай, Малдовай, Грузіяй, Армэніяй і Азэрбайджанам. Ці спраўдзіліся спадзяваньні на гэтую праграму?

Лідэр руху "За свабоду" Аляксандар Мілінкевіч адзначыў:

"Улады хочуць найперш грошай, крэдытаў, інвэстыцый. А рабіць Беларусь дэмакратычнай не зьбіраюцца. Гэта велізарная памылка. Ня будзе такой працы аднабаковай. Эўразьвяз аб'яднаўся на пэўных каштоўнасьцях і будзе супрацоўнічаць толькі з тымі, хто імкнецца да пэўных стандартаў. Беларусь не імкнецца — будзе замарозка стасункаў, што шкодзіць інтарэсам беларускага народа".

Паводле спадара Мілінкевіча, з пункту гледжаньня пэрспэктываў супрацоўніцтва з ЭЗ і эўраінтэграцыі гэтая праграма вельмі важная. Гэта "навука супрацоўніцтва, гэта школа, гэта першая кляса. А Беларусі ёсьць чаму вучыцца".

"Наагул, самае важнае — гэта дыялёг, які распачаўся. А праграма "Ўсходняе партнэрства" — гэта частка дыялёгу. Няма пазытыўнай альтэрнатывы для дыялёгу з Эўразьвязам".

Спадар Мілінкевіч лічыць, што ня толькі ва "Ўсходнім партнэрстве", але і ў дыялёгу ёсьць некалькі пазытыўных момантаў.

"Першае — расьце колькасьць эўрапейскіх аптымістаў, якія жадаюць, каб Беларусь заўтра ўступіла ў Эўразьвяз. Гэта больш за 40%. Другое, сёньня палітычны сувэрэнітэт Беларусі значна ўмацаваўся, хаця эканамічны сувэрэнітэт, як і раней, пад пагрозай. Трэцяе, пачаліся рэформы ў эканоміцы, хаця і не пасьлядоўныя. Аднак не адбылася палітычная лібэралізацыя, і над гэтым трэба працаваць, удасканальваць інструмэнты".

Што да будучыні праграмы "Ўсходняга партнэрства" спадар Мілінкевіч адзначыў:

"Эўразьвяз павінен выпрацоўваць новыя інструмэнты, якія тычацца палітычнай лібэралізацыі і грамадзянскіх свабодаў. Тут праграма пакуль што не спрацавала. Але ніхто не казаў, што гэта ідэальныя інструмэнты, што мы ўсё ведаем і зможам. Гэта вельмі складаная рэч. І ніякіх ілюзіяў не было. Я думаю, што ЭЗ прыходзіць да таго, што патрэбна "дарожная мапа", пра якую я казаў на самым пачатку дыялёгу. І, наколькі я ведаю, спадарыня Эштан разам з Эўрапарлямэнтам будуць выпрацоўваць такую вось пасьлядоўную "дарожную мапу", і гэта вельмі важна".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG