Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня апошні дзень працэсу па так званай “тэрарыстычнай справе”. У Вярхоўным судзе чакаецца абвяшчэньне прысуду Мікалаю Аўтуховічу, Уладзімеру Асіпенку, Міхаілу Казлову і Аляксандру Ларыну, якіх вінавацяць у рыхтаваньні тэракту ды іншых злачынствах.


Працэс ў Вярхоўным судзе доўжыўся болей за месяц. Насуперак папярэднім прагнозам, працэс па гэтак званай “тэрарыстычнай справе” ня быў закрыты: шматлікія назіральнікі сачылі за хадой працэсу і цяпер могуць выказаць пэўнае меркаваньне пра магчымы прысуд.

Шмат дзён на працэсе прысутнічаў праваабаронца Алег Воўчак. Раней Алег Воўчак ужо выказваўся адносна доказаў супроць абвінавачаных, якія падало сьледзтва: што доказы супярэчлівыя, частку зь іх зьняпраўджваюць сьведкі, некаторыя доказы здабытыя з парушэньнем закону, некаторыя відавочна сфальшаваныя. Якім жа будзе прысуд, на думку Алега Воўчака?
Справа сфальшаваная, і апраўдаць іх – значыць для улады прызнаць, што яна да гэтага мае дачыненьне...


“Мяркую, усё застанецца, як прасіў пракурор. Магчыма, толькі некалькі гадоў здымуць, але збольшага тэрміны застануцца вялікія. Для бачнасьці выключаць з прысуду адзін-два эпізоды, прыкладам, пра патроны, але ня думаю, што іх вызваляць. Справа сфальшаваная, і апраўдаць іх – значыць для улады прызнаць, што яна да гэтага мае дачыненьне”.

Пракурор Эльдар Сафараў папрасіў у суду для Мікалая Аўтуховіча 20 гадоў зьняволеньня, для Ўладзімера Асіпенкі і Аляксандра Ларына па 11 гадоў. Іх вінавацяць у рыхтаваньні тэракту, незаконных дзеяньнях са зброяй, удзеле ў падпале. Для былога міліцыянта Міхаіла Казлова пракурор папрасіў 3 гады пазбаўленьня волі за непрадухіленьне злачынства. Аўтуховіч, Асіпенка і Казлоў вінаватымі сябе не прызнаюць і кажуць пра помсту з боку уладаў за іх антыкарупцыйную дзейнасьць. Аляксандар Ларын прызнае сваю віну, і збольшага на ягоных паказаньнях заснавана абвінавачаньне Аўтуховіча і Асіпенкі ў рыхтаваньні тэракту.

Як пачуваюцца падсудныя цяпер? Паводле адваката Паўла Сапелкі, Мікалая Аўтуховіча ў камэры найбольш непакоіць праблема са здароўем – у вязьня хворыя зубы, яму патрэбна тэрміновае пратэзаваньне, але ў сьледчым ізалятары так лекаваць ня могуць. “На іншае Аўтуховіч ня скардзіцца”, – паведаміў адвакат.

У якім маральным стане цяпер знаходзіцца Мікалай Аўтуховіч? Пра гэта ёсьць сьведчаньні ў грамадзкай актывісткі Тацяны Кім. Жанчына толькі на працэсе ўпершыню ўбачыла Мікалая Аўтуховіча, была зьдзіўленая тым, наколькі ён выглядаў схуднелым і стомленым, вырашыла падтрымаць і напісала вязьню ў турму ліст. Пачалося ліставаньне.
Думаю, што нашы пакуты пойдуць на карысьць для дасягненьня праўды і справядлівасьці...


На просьбу “Свабоды” Тацяна Кім прачытала вытрымку з апошняга ліста Аўтуховіча, які яна атрымала 4 траўня:

“Думаю, што нашы пакуты пойдуць на карысьць для дасягненьня праўды і справядлівасьці. Калі б ня мы, былі б іншыя, але на гэты раз ім спатрэбіліся мы. Таму гэты крыж мы пранясем з гонарам, не ўпадзем у гразь тварам. Дзякуй усім, хто прыходзіць нас падтрымліваць. Ня ўсе людзі ў нас разумеюць, што гэта агульная бяда. Таму няма ў людзей сілы і веры ў тое, што магчыма абараніць свае правы. Але гэтак не ўва ўсіх, што радуе. Спадзяюся, людзі нарэшце зразумеюць, хто гаспадар у сваёй краіне. З павагаю, Мікалай Аўтуховіч”.

Сёньня ў суд шмат хто з праваабаронцаў і актывістаў прыйдзе з кветкамі, каб прадэманстраваць, што яны чакаюць сапраўднага вызваленьня Мікалая Аўтуховіча ды іншых абвінавачаных у справе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG