Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ня выдасьць, кіргізы не папросяць?



"Народы Кіргізстану і Беларусі перажывуць пытаньне Курманбека Бакіева, і гэта ніякім чынам не адаб'ецца на нашых адносінах", — заявіў БелаПАН кіраўнік апарата часовага ўрада Кіргізстану Эдыль Байсалаў, камэнтуючы ўчарашнюю заяву Аляксандра Лукашэнкі.

4 мая ў інтэрвію агенцтву Reuters прэзыдэнт Беларусі заявіў, што не зьбіраецца выдаваць Бакіева новым уладам Кіргізстану. "Да мяне ніхто афіцыйна не зьвяртаўся, — сказаў Лукашэнка. — Але адразу хачу афіцыйна заявіць: гэтыя звароты будуць бескарысныя і зьневажальныя для часовага ўрада. Прэзыдэнт Кіргізстану знаходзіцца пад абаронай беларускай дзяржавы і прэзыдэнта. <...> Не трэба гэтак званаму часоваму ўраду зьвяртацца з патрабаваньнем выдаць Бакіева. Каму выдаць? Ці захачу я яшчэ гутарыць з тымі, хто сёньня ва ўладзе ў Кіргізіі".

"Гэта права беларускага кіраўніцтва — не выдаваць Бакіева, — заявіў, у сваю чаргу, Байсалаў. — Але пазыцыя Кіргізстану застаецца нязьменнай: Бакіеў зьяўляецца дыктатарам, які ўзурпаваў уладу, а ўвесь сьвет назіраў за расстрэлам мірнай дэманстрацыі. Але мы не зьбіраемся сварыцца з народам Беларусі з-за крывавага дыктатара".

Паводле слоў Байсалава, Кіргізстан "паважае сувэрэннае права Беларусі прадстаўляць сваю тэрыторыю для трэціх асоб". "Але мы разьлічваем, што гасьціннасьцю беларускага народа не будуць злоўжываць, што з тэрыторыі Беларусі не будзе зыходзіць пагроза стабільнасьці і аднаўленьню палітычнага і сацыяльна-эканамічнага жыцьця Кіргізстану", — падкрэсьліў ён.
Кіраўнік апарата часовага ўрада таксама заявіў, што накіраваньне запыту беларускаму боку аб выдачы Бакіева — гэта чыста тэхнічнае пытаньне. "Рана ці позна запыт будзе зроблены", — сказаў Байсалаў.

26 красавіка часовы ўрад Кіргізстану пазбавіў адхіленага ад улады прэзыдэнта Курманбека Бакіева прэзыдэнцкай недатыкальнасьці і даручыў Генэральнай пракуратуры забясьпечыць яго экстрадыцыю. Адпаведны дэкрэт падпісала кіраўнік Кабінэту міністраў Роза Атунбаева.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG