Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскае кіно выйдзе на экран Беларусі


Падчас прэс-канфэрэнцыі арганізатараў і ўдзельнікаў фэстывалю ў амбасадзе Вялікабрытаніі.

Падчас прэс-канфэрэнцыі арганізатараў і ўдзельнікаў фэстывалю ў амбасадзе Вялікабрытаніі.

10 траўня, пасьля Дня Эўропы, у менскім кінатэатры «Перамога» адкрыецца фэстываль эўрапейскага кіно. У ім возьмуць удзел 17 фільмаў з 16 краінаў. Фэстываль адкрые беларуская стужка «Рака жыцьця». Гледачам ня трэба набываць квіткі — на ўсе дэманстрацыі ўваход бясплатны.


Праграма фэстывалю складаецца з фільмаў розных жанраў — ад казак да гістарычных драмаў. Ён праводзіцца пры фінансавай падтрымцы Дэлегацыі Эўразьвязу ў Менску і 15 эўрапейскіх краінаў. Першы такі фэстываль адбыўся ў 2005 годзе і падчас старшынёўства Чэхіі ў Эўразьвязе вырашылі аднавіць яго сёлета. Падчас сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі ў амбасадзе Вялікабрытаніі, якая прадстаўляе ў Менску цяперашняе старшынёўства Эўразьвязу, чэскі дыплямат Марцін Чэх адзначыў:

«Мы тады гаварылі аб тым, што б мы маглі зрабіць, каб больш актыўна падтрымліваць прысутнасьць культуры краін Эўразьвязу ў Беларусі. Спадзяюся, што гэты фэстываль дасьць магчымасьць паказаць, што кожная з краінаў Эўразьвязу мае сваю гісторыю, пра якую мы ў многіх выпадках вельмі мала ведаем».

Дырэктар кінатэатру «Перамога» Сьвятлана Саўчык і рэжысэр Ігар Бышнёў падчас прэсканфэрэнцыі.
Дырэктарка кінатэатру «Перамога» Сьвятлана Саўчык распавяла, што фільмы для фэстывалю адбіралі самі амбасады. Але цяжэй за ўсё было вызначыцца зь беларускім.

«Мы разумеем, што Беларусь павінна ўваходзіць у саюз эўрапейскіх краінаў, і мы спадзяемся, што ў хуткім часе гэта адбудзецца, таму было адназначнае рашэньне, каб удзельнічаў беларускі фільм. Вы ведаеце, якія праблемы цяпер мае кінастудыя „Беларусьфільм“, і на жаль, поўнамэтражнага фільму на сёньняшні дзень, новага, які б прадстаўляў Беларусь і беларускую культуру, не знайшлося. Гэта быў цяжкі момант, калі мы шукалі беларускі фільм для гэтага фэстывалю».

Прадстаўляць Беларусь будзе дакумэнтальная стужка Ігара Бышнёва «Рака жыцьця», які «апавядае пра храм прыроды». Спадар Бышнёў бярэ цяпер удзел у здымках новага фільму пад рабочай назвай «Ваўкі Чарнобылю» на замову чатырох каналаў брытанскага, нямецкага, аўстрыйскага і амэрыканскага.

«Мы шмат згубілі гістарычнага, але затое мы ў многім захавалі нашу прыроду. Для мяне вельмі важна, што ёсьць прызнаньне тэмы — чалавек і прырода — іх непарыўнай сувязі, бо калі мы ня знойдзем варыянты гарманічнага суіснаваньня, то будзе катастрофа, якая адбылася ў Чарнобылі».

Дыпляматы Марцін Чэх, Розмары Томас і Жан-Эрык Хольцапфэль падчас прэс-канфэрэнцыі.
Чакаецца, што ў адкрыцьці кінафэстывалю возьме ўдзел ірляндзкая рэжысэрка Хуаніта Ўілсан, фільм якой «Дзьверы» па «Чарнобыльскай малітве» Сьвятланы Алексіевіч быў намінаваны на Оскара. Таксама разам з фэстывалем адкрыецца фотавыстава «Эўропа нашымі вачамі», у якой узялі ўдзел больш за 170 беларускіх фотамайстроў,

Амбасадарка Вялікабрытаніі Розмары Томас адзначыла, што імпрэза ўваходзіць у праграму сьвяткаваньня Дня Эўропы, які вельмі важны для Эўразьвязу.

«Тысячы розных падзеяў праходзяць у гэтыя дні ў Эўропе. Я рада, што тут у Беларусі самыя розныя фільмы, якія будуць паказаны падчас фэстывалю, змогуць яшчэ раз нагадаць нам пра агульную культуру, традыцыі і гісторыю, якія зьвязваюць усе краіны Эўропы».

Паводле часова паверанага ў справах Эўразьвязу ў Менску Жан-Эрыка Гольцапфэля, у рамках «Усходняга партнэрства» рыхтуецца праграма культурнага супрацоўніцтва. Яна павінна падвысіць ролю культуры як «прадвесьніка рэформаў і павышэньня ўзроўню палітычнай згуртаванасьці ў рэгіёне».

Тое, што праз пяць гадоў у Менск зноў вяртаецца фэстываль эўрапейскага кіно, ці не азначае гэта, што актыўнасьць з палітычнай сфэры пераходзіць у культурную ў стасунках паміж Беларусьсю і Эўразьвязам?

Розмары Томас: «Эўразьвяз заўсёды хоча мець самыя шырокія стасункі зь Беларусьсю. Я думаю, што гэта абсалютна ясна. Самыя шырокія стасункі».
XS
SM
MD
LG