Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-сяброўка Гібсана наведала Гомельшчыну і Магілёўшчыну


Аксана Грыгор’ева (Чарнуха)
Аксана Грыгор’ева (Чарнуха)

Аксана Грыгор’ева (Чарнуха), расейская музыкантка і мадэлька зь беларускімі каранямі, якая стала пражывае ў ЗША, гэтымі днямі сустрэлася з жыхарамі некаторых раёнаў Гомельшчыны і Магілёўшчыны. Разам з кіраўніцай Chernobyl Children’s Project International (CCPI) Эдзі Роўч яна наведала --> http://www.looktothestars.org/news/4337-oksana-grigorieva-visits-chernobyl-survivors-with-charity беларускія інтэрнаты для інвалідаў, азнаёмілася з праграмамі, якія дапамагаюць сацыяльнай рэабілітацыі малых і дарослых ахвяраў Чарнобылю.


Нагадаем, што цягам трох апошніх гадоў 39-гадовая зорка ўдзельнічае ў міжнароднай праграме «Дзіцячае сэрца». У прыватнасьці, яна прафінансавала складаныя кардыяхірургічныя апэрацыі больш як 20 беларускім дзецям.

Напярэдадні 24-й гадавіны аварыі на ЧАЭС спадарыня Грыгор’ева адмыслова прыехала ў Маскву, каб узяць удзел у дабрачынным канцэрце дзеля падтрымкі пацыентаў анкалягічных цэнтраў з Расеі, Беларусі і Ўкраіны. Пры канцы мінулага тыдня экс-сяброўка Мэла Гібсана некалькі дзён правяла ў закранутых радыяцыяй раёнах Беларусі.

У яе маршруце было і мястэчка Веснава пад Глускам, што на Магілёўшчыне. Тут месьціцца дом-інтэрнат для 150 дзяцей і падлеткаў з рознымі псыханэўралягічнымі захворваньнямі, які знаходзіцца пад патранатам CCPI. Выхаванцы інтэрнату пакутуюць на цэрэбральны параліч, сындром Даўна, затрымку маторыкі… Дзякуючы міжнароднай дабрачыннай дапамозе выхаванцы інтэрнату пазналі нармальныя дзіцячыя радасьці — арэлі, мыльныя бурбалкі, шмат што іншае. Як, дарэчы, і пастаяльцы дома-інтэрната для старых і інвалідаў у вёсцы Салтанаўка, што таксама на Магілёўшчыне. Большасьць зь іх — інваліды дзяцінства, якія трапілі ў гэтую ўстанову пераважна зь дзіцячых псыхіятрычных лякарняў. Пры падтрымцы замежных чарнобыльскіх ініцыятыў гэтыя людзі дажываюць свае апошнія гады ў нармальных чалавечых умовах, адзначае сайт Chernobyl Children’s Project International.

Дарэчы, у Веснава дзейнічае першая ў Беларусі праграма сацыяльнай рэабілітацыі маладых інвалідаў. Уздоўж вуліцы стаяць у радок дамкі, пабудаваныя валянтэрамі CCPI на дабрачынныя складкі. Маладыя людзі з радасьцю сустрэлі Аксану і засыпалі яе аповядамі пра сваё жыцьцё.

І, нарэшце, апошні пункт маршруту — Жыткавічы. Тут дабрачынцы збудавалі «Дом надзеі». У пятніцу будоўля была завершана, і 10 дзяцей з сірочых прытулкаў пасяліліся там з новымі бацькамі.

Пасьля паездкі на Магілёўшчыну і Гомельшчыну вядомая музыкантка і мадэлька заявіла пра свой намер і надалей дапамагаць беларускім дзецям.

«Дзіцячы боль — самы балючы для мяне», — сказала Грыгор’ева, маці двух дзяцей.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG