Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На словах — героі, на справе — ахвяры


Паводле зьвестак Міністэрства працы й сацыяльнай абароны, у Беларусі на сёньня амаль 90 тысяч чалавек лічацца вэтэранамі, якія пацярпелі ад наступстваў войнаў. Але непасрэдна ўдзельнікаў Другой усясьветнай вайны засталося менш за 30 тысяч. Наймаладзейшаму зь іх сёньня павінна быць за восемдзесят. Ці сапраўды гэтыя старыя адчуваюць на сабе надзвычайны клопат улады, як сьцьвярджае афіцыйная прапаганда?

Пра факты наконт канкрэтных асобаў даведваліся сёньня рэгіянальныя карэспандэнты «Свабоды».

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


«Даслаў мне прэзыдэнт 150 тысяч рублёў. Не 500, не мільён. Што гэтыя 150 тысяч?»

На сваё цяперашняе жыцьцё паскардзілася «Свабодзе» вэтэран вайны Зінаіда Курс. Да сёньня 83-гадовая жанчына ня можа атрымаць дапамогу ў вырашэньні сваёй дробнай бытавой праблемы. Ля сядзібы гаспадыні састарэў і зламаўся плот.

Курс: «Я не лічу сябе такой, што ў баях удзельнічала. Я працавала з 42-га году па 44-ты на абаронных работах на будаўніцтве двух заводаў ваенных. Калі скончылі гэтыя заводы будаваць, нас, дзяўчат, прызвалі ў армію. Паўгода мы вучыліся на шафёраў. Потым нас пасадзілі на «Шэўрале» і накіравалі вывозіць усё пасьля вызваленьня. Мяне дэмабілізавалі ў канцы кастрычніка 45-га году. У мяне быў ваенны білет, я лічылася ў запасе. Я сваю працу ацэньваю і хачу, каб мне зрабілі як чалавеку. (Плача.)

Карэспандэнт: «Гэта значыць, вы чакаеце дапамогі ад дзяржавы?»

Курс: «А чаму я яе не магу чакаць? Даслаў прэзыдэнт мне 150 тысяч рублёў. Не 500, не мільён. Што гэтыя 150 тысяч?!»

Карэспандэнт: «У колькі ацанілі ваш плот?»

Курс: «Амаль у 600 тысяч»

Карэспандэнт: «Да каго вы зьвярталіся, перад тым як напісаць пісьмо прэзыдэнту?»

Праводзілі газ ля дома, то мне прышлося тры гады скаргі пісаць, каб далучылі і маю хатку.
Курс: «Папрасіла дапамогі ў дырэктара жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. Ён мне даслаў блянкі заказу-дамовы ў трох экзэмплярах на подпіс з пазначанай сумай за новы плот. Я сабрала ўсе дакумэнты і накіравала прэзыдэнту просьбу і скаргу адначасова».

Карэспандэнт: «Чым і калі ўлада дапамагала вам як вэтэрану вайны?»

Курс: «Нічога не дапамаглі. У гэтай хатцы ўжо засталася. Прасіла расшырэньня калісьці. У мяне тры дачкі. Дык сказалі: „Якое табе расшырэньне?“ Тады па 6 мэтраў на чалавека было. А ў мяне толькі два мэтры не хапала. Праводзілі газ ля дома, то мне таксама прыйшлося тры гады скаргі пісаць, каб правялі».

Начальнік аддзелу жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Бярозаўскага райвыканкаму Яўген Клемяшук і намесьнік начальніка ўправы працы і сацыяльнай абароны Ала Леанюк ведаюць аб праблеме Зінаіды Курс:

Лемяшук: «Сацыяльная служба мае права аказаць фінансавую дапамогу альбо выдзеліць сродкі, калі гэта магчыма, на рамонт плота. У мяне гэтага на выкананьні няма».

Леанюк: «Я, канечне, „за“, каб усім вэтэранам рабілі. Тым больш што іх ужо няшмат засталося. Але вырашаю ня я».

Зінаіда Курс


ГАРАДЗЕНШЧЫНА


«Няма для нас нічога добрага, толькі гавораць, што ўсе забясьпечаныя»

У Смаргоні вэтэранка вайны ўжо некалькі гадоў ня можа дамагчыся, каб прыватызаваць кватэру. Жанчына ў крыўдзе на мясцовую ўладу.

Надзея Навіцкая падчас вайны ў 15-гадовым узросьце стала партызанкай у атрадзе імя Суворава, які дзейнічаў на тэрыторыі Смаргонскага і Вілейскага раёнаў. Цяпер яна — інвалід вайны першай групы і так узгадвае ваеннае мінулае.

Навіцкая: «Мы яшчэ дзеці былі, але што загадваў камандзір, тое і выконвалі. Хадзілі, падрывалі цягнікі, даведваліся, дзе якія нямецкія войскі стаяць, дзе аэрадромы месьцяцца — усё, што загадвалі, мы выконвалі».

Бабуля Надзея кажа: ніколі нават ня думала, што ў сталым веку за ўсе свае змаганьні не змагу дамагчыся нават кватэры. Зь яе слоў, яна жыла ў старым доме, які амаль зусім абваліўся. Улады далі ёй аднапакаёвую кватэру ў перабудаваным пад кватэры інтэрнаце.

Прэзыдэнту пісала, дык адказы на Горадню шлюць…
Ужо некалькі гадоў спадарыня Надзея дамагаецца, каб прыватызаваць жыльлё: у яе ёсьць унук, чые бацькі памерлі, ён вучыцца зараз, і яна хацела б пакінуць кватэру яму. Аднак смаргонскія ўлады спасылаюцца на тое, што жыльлё сацыяльнае, і не дазваляюць яго прыватызаваць.

Навіцкая: «Прэзыдэнту была пісала, дык адказы на Горадню шлюць, а тыя на Смаргонь. Вось такая дапамога. Няма нідзе нічога добрага, толькі гавораць, выступаюць, што ўсё добра, усе забясьпечаныя. А тут нічога няма, толькі сядзіш як невядома што».

Наагул спадарыня кажа, што такой увагі, як паказваюць у тэлевізары, яна па сабе ня чуе. Пэнсія ўсяго 600 тысяч, дапаможа ўнуку — і няма за што жыць.

Навіцкая: «Ну, даў нам зараз прэзыдэнт па 250 тысяч, і ўся дапамога. А мы ўсё сваё жыцьцё, усё здароўе паклалі і нічога добрага ня бачылі. Нам толькі цяпер па тэлевізары паказваюць, на словах дапамагаюць, на паперах у іх усё напісана, а ў жыцьці нічога ня робіцца, толькі што гавораць, і ўсё…»


МАГІЛЁЎШЧЫНА


«Мае былыя заслугі цяпер ужо не прызнаюць»

Жыхарка вёскі Ільінка Галіна Аляксееўна Грышчанок ня мае баявых узнагародаў, аднак што такое перажыць вайну, сямідзесяцітрохгадовая кабета ведае. Такіх, як яна, цяпер называюць «дзецьмі вайны». Іх лёс ня ўпісваецца ў гераічны патас сёлетніх пераможных урачыстасьцяў, таму пра іх забываюць. Тэму працягвае Андрэй Белагубаў.

Галіна Грышчанок — кавалер ордэну «Працоўнай славы». Некалі была заслужанай даяркай. Улады ставілі яе ў прыклад: вось што такое самаадданая сацыялістычная праца. Цяпер разам з маладзейшымі суседзямі яна вымушана дамагацца рамонту вясковай дарогі і водаправоду. Яе заслугі засталіся ў мінулым.

«Яны кажуць, гэта пройдзены этап. І ордэн ёсьць, і значкі пераможцы, грамат кіпа цэлая, і дыплём нават „Залатыя рукі“ ляжыць. Гэтага дабра ў мяне ад і да. Калі мы працавалі, то мы былі патрэбныя. Цяпер мы старыя — усё, на нас не зьвяртаюць увагі».

Шчаўлюк зьбіралі, зерне зь яго скублі, пасьля пяклі замест хлеба…
За свой ордэн ці атрымліваеце якія даплаты да пэнсіі? — пытаюся ў Галіны Аляксееўны. Не, кажа:

«Я памятаю, што ў газэце пісалася. Указ быў, што ўзнагароджаным ордэнам „Працоўнай славы“ працэнты да пэнсіі налічваюць. Я калі зьвярнулася, мне адказалі, што ня ведаем, не было такіх распараджэньняў. А ў якіх я ўмовах працавала, калі б прапусьцілі па тэлебачаньні, то людзі б жахнуліся. Я ўзімку з плячэй не здымала аўчыннага кажуха і гумовых ботаў».

Аповеды Галіны Аляксееўны пра вайну сёньняшняй моладзі нецікавыя, бо прывыклі слухаць пра подзьвігі. У яе ж успамінах пра перажытае ліхалецьце няма гераізму. Тады трэба было проста выжываць, кажа яна.

«І ў бежанцы ішлі, і ў зямлянках хаваліся. Калі бамбілі, мы беглі няведама куды. Страху тады было. А што мы тады елі! Хадзілі ў калгасныя капцы, што пагнілі, там бульба была закапаная. Зь яе пяклі ляпёшку. Шчаўлюк зьбіралі, зерне зь яго скублі, потым пяклі замест хлеба».

Дзень Перамогі Галіна Аляксееўна Грышчанок сустрэне ў Ільінцы. Прыедуць дзеці. Іх у яе трое. Дапамогуць печку перакласьці.

Увесну каля хаты заслужанай даяркі не прайсьці.

І яшчэ адна навіна ў працяг тэмы. У Беларусі яшчэ 15-га красавіка адменена ільготная чарга вэтэранаў Вялікай Айчыннай вайны на пазачарговае жыльлёвае будаўніцтва. Цяпер яны мусяць чакаць у агульнай чарзе. Гэта вынікае са зьменаў у артыкуле № 14 закону «Аб вэтэранах».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG