Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Людзі зьнікаюць, як у 1937-м?


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Зьнік папярэдні старшыня абласнога савету дэпутатаў, затым абралі новага. У мясцовых газэтах аб гэтых падзеях — ні слова. Цяжка уявіць сабе такое, скажам, у суседнім Беластоку, а вось для Горадні ў гэтым — нічога незвычайнага. Дэпутат абласнога савету новага — 26-га скліканьня на пытаньне аб Аркадзю Карпуцю, які кіраваў гэтым самым саветам некалькі папярэдніх тэрмінаў, адказаў: “Ніхто ня хоча ўзгадваць. Адна справа — чалавек на пэнсію пайшоў, іншая — калі яго трошку “прыбралі”, усе з насьцярожанасьцю ставяцца да пытаньня”. Дык, а дзе ён, насамрэч, Карпуць той? — удакладняе ў мяне ў адказ дэпутат. Дык вось, кажу, арыштавалі, але нідзе ніякіх канкрэтных зьвестак не даюць, газэты нічога ня пішуць, усе маўчаць. “Ну, што ёсьць — тое ёсьць, я і астатнія дэпутаты нічога не паправяць тут…” — заканчвае размову новаабраны дэпутат. Зразумела, адказваю.


Так, пачатковая сэсія абласнога савету дэпутатаў у Горадні адбылася без сэнсацый. Прозьвішча Карпуця пачуць, бадай, хацелі б усе без выключэньня, хаця разумелі, што шанцы невялікія. Але спадзяваньне было. Дапусьцім, павінна ж была прагучаць, па лёгіцы, справаздача папярэдняга кіраўніцтва —што было зроблена за ранейшы тэрмін — колькі пытаньняў абмеркавана, колькі зацьверджана і гэтак далей. Так заўжды робіцца. А значыцца, нехта павінен быў бы зачытаць справаздачу, а раз самога Карпуця няма, то патлумачыць прысутным — чаму ён сам ня можа выступіць. Аднак ніякай справаздачы не было, карацей — рабіў ці не рабіў абласны савет штосьці дагэтуль — ніякага значэньня ня мае, справаздачы не патрабуецца.

Каля будынка аблвыканкаму, дзе праходзіла сэсія, я напаткаў чыноўніка на пэнсіі, пацікавіўся — што ён думае наконт Карпуця? Я б Саўчанку (старшыні аблвыканкаму, якога сёлета звольнілі) выказаў бы падзяку, а Карпуця — выгнаў, быў адказ. За што Саўчанку падзяку? За тое, што дзесяць гадоў амаль кіраваў вобласьцю, шмат чаго зроблена, пабудавана было. А што Карпуць зрабіў? Сядзеў у сваім крэсьле адно бязвылазна і ўсё. Хай так, але вось жа зусім нядаўна абласная газэта надрукавала зь ім інтэрвію наконт “дня канстытуцыі”, з партрэтам, як з шанаваным чалавекам, і раптам — і сам ён зьнік, і прозьвішча яго нідзе больш не называецца. Карацей, і Саўчанка без падзякі застаўся за сваю працу, і Карпуця ня выгналі, а пасадзілі.

Здавалася б, арыштавалі чалавека — паведамце, што падазраецца ў чымсьці, часова затрыманы, ідзе сьледзтва, але ж — нічога, ні слова. Другое —удзельнічаў той Карпуць у апошніх мясцовых выбарах і раптам зьнік. Па-мойму, абласная газэта павінна была напісаць: цяперашні старшыня абласнога савету Карпуць зноў змагаўся за дэпутацкі мандат, але зьняўся з выбараў і быў арыштаваны, пра далейшы яго лёс паведамім пазьней, калі стане вядома штосьці новае. Нічога такога, аднак, жыхары вобласьці ў газэце не прачыталі. Кар’ерай Карпуця заўсёды цікавіўся яго зямляк Андрэй Пачобут — журналіст “Газэты Выборчай”, які жыве ў Горадні. У сваім блогу ён напісаў, што Аркадзь Карпуць — “у менскай турме КДБ, у сумнавядомай “амэрыканцы”. Але гэта — інфармацыя неафіцыйная, зазначае журналіст.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG