Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Найбагацейшы паляк выходзіць на беларускі рынак


Адзін з найбагацейшых людзей Польшчы Ян Кульчык у размове з польскімі СМІ заявіў пра пляны будаўніцтва ў Беларусі цеплавой электрастанцыі на каменным вугалі магутнасьцю 1000 МВт. Праект стартуе ўжо сёлета, сама ж станцыя пачне працаваць у 2012 г.

Акрамя Беларусі, Кульчык зьбіраецца інвэставаць у будаўніцтва экалягічных электрастанцыяў ва Ўкраіне і ў самой Польшчы

Паводле слоў Кульчыка, Польшча пачынае адыгрываць усё большую ролю на энэргетычнай мапе Эўропы. Ён ставіць на мэце стварэньне прыватнай польскай энэргетычнай групы, якая магла б кіраваць падобнымі праектамі ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе і кансалідаваць актывы ў гэтым сэктары.

60-гадовы Ян Кульчык, які лічыцца найбагацейшым палякам, жыве ў Лёндане. Ён належыць да нафтавых мільярдэраў і магнатаў. Ягоны капітал ацэньваецца ў 4,5 млрд. даляраў.

Паводле часопісу Forbes, Ян Кульчык за 2006—2009 гады ўзьняўся ва ўсясьветным рэйтынгу мільярдэраў з 4756 на 463 месца.

Як пішуць СМІ, адрозна ад расейскіх алігархаў, Кульчык трапіў у шэрагі найбагацейшых людзей не праз партыйную кар’еру: ён прадпрымальнік у трэцім пакаленьні. Бізнэс ягонага бацькі быў нацыяналізаваны пры камуністычным рэжыме, і таму Кульчык-старэйшы мусіў эміграваць у Заходнюю Нямеччыну.
XS
SM
MD
LG