Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Аляксандар Лукашэнка заявіў у інтэрвію агенцтву Reuters, што ня выдасьць новым кіргіскім уладам Курманбека Бакіева, што ў Беларусі немагчымы паўтор кіргіскай рэвалюцыі, што Захад не выконвае дамоўленасьцяў, раней дасягнутых зь Менскам, і нішто не перашкаджае ягонаму ўдзелу ў чарговай выбарчай кампаніі ў Беларусі. Заявы А. Лукашэнкі ацэньваюць беларускія палітолягі.

Менскі палітоляг Аляксандар Класкоўскі зьвязвае заявы А. Лукашэнкі ў інтэрвію агенцтву Reuters з падрыхтоўкай да прэзыдэнцкіх выбараў, якія, як сказаў сам Лукашэнка, хутчэй за ўсё пройдуць на пачатку 2011 году. Аднак нічога нечаканага ў рыторыцы А. Лукашэнкі спадар Класкоўскі не заўважыў:

Аляксандар Класкоўскі
"Гэта такі экспартны варыянт піяру, які паўтараецца з году ў год. Набор зашмальцаваных тэзаў, якія прагаворваюцца на аўтамаце. Што тычыцца нейкіх новых момантаў, то, па-першае, гэта тэма прыватызацыі. Тут ужо не такая непахісная беларуская цытадэль: проста за добрыя грошы, але гатовыя любым буржуям прадаваць прадпрыемствы. Па-другое, гэта канфрантацыя з Масквою. Сама танальнасьць ягоных выказваньняў сьведчыць пра тое, што Лукашэнка ўжо не спадзяецца на рымэйк нейкіх добрых стасункаў, на варыянт адраджэньня братняй інтэграцыі".

Спэцыяліст у міжнародных пытаньнях Андрэй Фёдараў зьвярнуў увагу на заявы пра дамоўленасьці А. Лукашэнкі з Захадам, які цяпер, паводле словаў беларускага кіраўніка, яго "кінуў". Спадар Фёдараў мяркуе, што гэты дыялёг адбываўся вельмі непразрыста для грамадзтва і таму цяжка меркаваць, у чым крыўда Лукашэнкі:

Андрэй Фёдараў
"Сапраўды, гэта зьдзівіла. Калі нейкія крокі былі зробленыя, не абяцаныя, але зробленыя зь беларускага боку, як было сказана, то мы павінны былі б ведаць пра гэта. Падобна да таго, што былі нейкія таемныя перамовы, былі, магчыма, нейкія дамоўленасьці. Хто што ня выканаў — сказаць на дадзены момант немагчыма".

Палітоляг Аляксей Кароль назваў "абсалютнай дэмагогіяй" заявы А. Лукашэнкі пра тое, што ён нібыта ня вырашыў, ці балятавацца на прэзыдэнцкіх выбарах, і нібыта ня думае пра гэта, але мяркуе, што ягонаму ўдзелу ў чарговай выбарчай кампаніі ў Беларусі нішто не перашкаджае.

Аляксей Кароль
"Гэта абсалютна перадвыбарнае выступленьне і прыём, які сьведчыць пра тое, што ён пойдзе на выбары і будзе змагацца за гэтую пасаду да канца. Тут толькі новыя словы выкарыстаныя дзеля таго, што сытуацыя прымушае яго прыбядняцца, а ня так упэўнена гаварыць, як раней. Сытуацыя для яго стала менш упэўненай, недавер расьце".

Паводле спадара Караля, словы Лукашэнкі ў інтэрвію Reuters наконт таго, што ён надта рана стаў прэзыдэнтам, што ў ягоным узросьце толькі становяцца сьпелымі, мудрымі палітыкамі, сьведчаць пра тое, што ён доўга яшчэ хоча кіраваць Беларусьсю:

"Нікуды сыходзіць ён не зьбіраецца, ніякіх рэформаў праводзіць ня будзе. Мэта адна — захаваць сваю ўладу і пераканаць у гэтым сваіх праціўнікаў ці партнэраў на міжнароднай арэне".

Тым ня менш А. Кароль пагаджаецца з ранейшымі словамі А. Лукашэнкі пра тое, што ягонае пераабраньне будзе "цяжкім" — ва ўмовах, калі Захад і Расея збліжаюць свае пазыцыі адносна ягонага рэжыму.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG