Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цэлы шэраг гандлёвых арганізацый і прамысловых прадпрыемстваў Віцебшчыны абвясьціў пра ўдзел у акцыі “Да вэтэранаў вайны зь любоўю ды ўдзячнасьцю”, якая павінна засьведчыць клопат пра абаронцаў Айчыны.

На віцебскім прадпрыемстве “Віцязь”, да прыкладу, палічылі, што самая запатрабаваная прадукцыя для вэтэранаў — гэта DVD-прайгравальнікі: менавіта на іх абвясьцілі зьніжкі да 25% для ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.

Яшчэ ў фірмовых гандлёвых цэнтрах “Віцязь” абвешчаны зьніжкі на 5% кожнаму вэтэрану, які набудзе тавараў больш як на 50 тысяч рублёў. Калі ўлічыць, што ў гэткіх крамах гандлююць пераважна бытавой электратэхнікай, то зьніжка, прыкладам, на лядоўню за 1 мільён 300 тысяч рублёў складзе ўсяго 65 тысяч.

У адрозьненьне ад менскіх крамаў, дзе для вэтэранаў арганізавана бясплатная дастаўка мэблі ды іншых буйнагабарытных тавараў, у “Віцязі” пагадзіліся хіба што выклікаць грузавое таксі за кошт пакупніка.

У крамах сеткі “Полацк-торг” клопат пра вэтэранаў дэманструе прадпрыемства “КІМ”: тут удзельнікам вайны прапануюць у падарунак пару шкарпэтак — пры ўмове, што агульная сума набытага тавару складзе больш за 25 тысяч рублёў. Асадку і насоўку гатова падарыць вэтэрану Наваградзкая швейная фабрыка — калі вэтэран набудзе новы гарнітур.

Віцебскае прадпрыемства бытавога абслугоўваньня “Сьвет паслуг плюс” прапануе вэтэранам да Дня Перамогі бясплатна пастрыгчыся ды зрабіць фота на дакумэнты ў 18-ці гарадзкіх цырульнях і 5-ці фотаатэлье. Бясплатныя паслугі ажыцьцяўляюцца яшчэ з 15-га красавіка, але на сёньняшні дзень іх скарысталі ўсяго 30 чалавек. Бо пра такую магчымасьць для ўдзельнікаў вайны ні ў мясцовых газэтах, ні па тэлебачаньні чамусьці не паведамілі. Таксама ў горадзе няма абвестак пра тое, што 9 траўня служба таксі “Наталі” бясплатна можа адвезьці вэтэрана ў любое месца абласнога цэнтру, і пра тое, што ў філярмоніі ў Дзень Перамогі для ўдзельнікаў вайны абвешчаны вольны ўваход на сьвяточны канцэрт.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG