Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раённы “ідэоляг” паскардзіўся на апазыцыянэра ў міліцыю


Кіраўнік ідэалягічнага аддзелу Глыбоцкага райвыканкаму Міхаіл Чарапкоўскі падазрае актывіста стваранай партыі БХД Яўгена Самсонава ў распаўсюдзе паклёпніцкіх улётак.

Улёткі, пра якія ідзе гаворка, спадар Самсонаў убачыў толькі ў пастарунку, калі яго выклікалі па тлумачэньні. Міліцыянты паведамілі, што самаробныя расейскамоўныя ўлёткі фармату А4 зьявіліся напярэдадні мінулых выбараў на тэрыторыі Шуневіцкай выбарчай акругі, дзе кіраўнік ідэалягічнага аддзелу балятаваўся ў райсавет.

"Хопіць карміць брахуноў і манюкаў у асобе Чарапкоўскага М. П." — заклікаў выбарцаў ананімны аўтар. — "Зараз ён баіцца ісьці на сустрэчу з вамі, таму што ня выканаў ніводнага абяцаньня. Калі прыяжджае, ідзе ў кантору, у сельсавет, але не ў майстэрню, не на фэрму да простых людзей. Дэпутацтва яму патрэбнае, каб езьдзіць за мяжу ды каб з працы не пагналі".

Яўгена Самсонава падазраюць у тым, што ён вырабіў ды распаўсюдзіў улёткі, зь дзьвюх прычынаў. Па-першае, па той самай акрузе, дзе спадар Чарапкоўскі абраўся ў райсавет чацьвёрты раз запар, актывіст БХД балятаваўся ў Віцебскі абласны савет.

Па-другое, напярэдадні выбараў незалежны кандыдат сустракаўся з жыхарамі вёсак Шуневічы і Харашкі — зьбіраў подпісы за тое, каб у адным з пустых будынкаў зрабілі клюб. І вяскоўцы шмат скардзіліся на мясцовыя ўлады, прычым ня толькі на тое, што моладзі няма дзе бавіць вольны час.

Міхаіл Чарапкоўскі напісаў заяву ў міліцыю, каб да спадара Самсонава “ўжылі захады”. Да заявы былі прыкладзеныя паказаньні сьведкі, жыхаркі вёскі Чычалі, якая нібыта бачыла машыну Яўгена Самсонава якраз перад тым, як у акрузе зьявіліся ўлёткі. Аднак актывіст мае неабвержнае алібі: на той час ён быў у вёсцы Мосар на сустрэчы з выбарцамі — настаўнікамі мясцовай школы.

Любую сваю датычнасьць да ўлётак актывіст стваранай партыі БХД катэгарычна абвяргае. Падазрэньні загадчыка ідэалягічнага аддзелу ён лічыць беспадстаўнымі, але не выключае, што чыноўнік хоча скампрамэтаваць яго ў вачох землякоў.

Калі ў міліцыі палічаць неабходным перадаць заяву Міхаіла Чарапкоўскага ў суд, то на Яўгена Самсонава будуць складзены пратаколы пра адміністрацыйнае парушэньне — або паводле артыкула 9.2 за распаўсюд несапраўдных і паклёпніцкіх зьвестак, або паводле артыкула 9.3 за абразу начальніка ідэалягічнага аддзелу.

У такім выпадку Самсонава могуць пакараць штрафам — ад 140 тысяч да 1 мільёна 50 тысяч рублёў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG