Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Свабода не распаўсюджваецца праз інтэрнэт


У артыкуле пад такой назвай у часопісе Newsweek амэрыканскі экспэрт Джошуа Курланцік разважае пра тое, што сувязь паміж найноўшымі тэхналёгіямі і свабодай не такая простая, як здавалася раней. Паводле яго, аўтарытарныя рэжымы навучыліся ня толькі кантраляваць інтэрнэт, але і выкарыстоўваць яго для здушэньня свабоды.

Калі ў пачатку гэтага года, пасьля паведамленьня аб тым, што хакеры ўзламалі ўліковыя запісы электроннай пошты Gmail, Google заявіў, што ён спыніць працу сваёй пошукавай сыстэмы ў Кітаі, на адрас кампаніі прагучала гучная пахвала кітайскіх праваабаронцаў, актывістаў, рэдакцый газэт і часопісаў і камэнтатараў . Яны паўтаралі аргумэнт многіх “тэхнафілаў” і палітыкаў канца 1990-х гадоў: пад кіраўніцтвам свабодалюбівых інтэрнэт-кампаній «сусьветнае павуціньне» і новыя камунікацыйныя тэхналёгіі адкрыюць закрытыя грамадзтвы і паскораць падзеньне аўтарытарных рэжымаў. У свой час менавіта гэта заяўляў і Біл Клінтан. Тады ён сказаў кітайскім кіраўнікам, што яны «не ў ладах з гісторыяй».

Аднак ідэя аб тым, што Інтэрнэт прывядзе да аслабленьня аўтарытарызму, аказалася памылковай. У апошнія чатыры гады Інтэрнэт атрымаў ўсё большае распаўсюджаньне ў большасьці краін з аўтарытарнымі рэжымамі, а колькасьць свабодных грамадзтваў у сьвеце, па дадзеных штогадовых справаздач няўрадавай праваабарончай арганізацыі Freedom House, за гэты самы час скарацілася.

У многіх месцах блогеры маюць цяпер значна менш свабоды, чым чатыры гады таму. У Віетнаме ўлады арыштавалі большасьць вядучых блогераў, шмат каго кінулі за краты; ў Тайляндзе – дзяржаве зь мяккім аўтарытарным рэжымам – урад нядаўна арыштаваў рэдактара аднаго з найбольш паважаных і цікавых навінных сайтаў. У Кітаі ўрад толькі за мінулы год закрыў тысячы блогаў і сайтаў.

Аўтарытарныя рэжымы разнастайнымі спосабамі падрываюць магчымасьці Сеціва. У Кітаі, напрыклад, былі распрацаваны вельмі дасканалыя мэтады ажыцьцяўленьня пастаяннага адсочваньня і фільтрацыі вэб-сайтаў. Аўтарытарныя краіны «абменьваюцца досьведам» па ажыцьцяўленьні фільтрацыі непажаданых сайтаў: Віетнам накіраваў у Пэкін сваіх службоўцаў для вывучэньня «Вялікай кітайскай кібэрсьцяны»; Кітай актыўна экспартуе сваю тэхналёгію і стратэгію інтэрнэт-кантролю ў іншыя краіны, у прыватнасьці, у Савудаўскую Арабію і Бірму.

Гэтыя ўрады, акрамя таго, наймаюць спэцыяльных камэнтатараў для кантролю онлайнавых дыскусіяў і для пагроз палітычным апанэнтам. У Кітаі на папулярных форумах працуе каля 250 тысяч праўрадавых камэнтатараў, а Крэмль спансіруе спэцыяльныя «вэб-брыгады», якія арганізуюць нападкі на лібэралаў і усхваляюць прэм'ер-міністра Уладзіміра Пуціна.

Кемлівыя аўтакраты аддаюць перавагу таму, каб не валаводзіцца з парталамі заходніх кампаній, а ствараць уласныя. Кітай ужо запусьціў праўрадавыя вэрсіі службаў Twitter, YouTube, і Facebook, на якіх, зразумела, немагчыма будзе знайсьці матэрыялаў на тэмы, якія выклікаюць палітычныя спрэчкі, накшталт здушэньня выступленьняў на плошчы Цяньаньмэнь або аб Далай-ламе. Пагаворваюць, што Крэмль таксама можа запусьціць сваю вэрсію пошукавага сэрвэра, што створыць галаўны боль для кампаніі Google яшчэ і ў Расіі.

Горш таго, большая частка насельніцтва ў такіх краінах, як Кітай і Віетнам, ня мае ўяўленьня аб тым, колькі інфармацыі не даходзіць да іх адфільтраванага інтэрнэт-сусьвету. Таму што онлайнавая свабода ў гэтых краінах існуе толькі ў той ступені, у якой яна дазваляе падтрымліваць ілюзію вольнага інтэрнэту, пры гэтым палітычна ненадзейныя сайты блякуюцца, а карыстальнікі знаходзяцца ў наіўнай упэўненасьці, што маюць доступ да такога ж інтэрнэту, які існуе для жыхароў ЗША, Японіі або іншых свабодных краін.

Інтэрнэт, як і іншыя найноўшыя камунікацыйныя тэхналёгіі, нават палягчае аўтарытарным рэжымам сачыць за палітычнымі актывістамі. Пакладаючыся ў сваёй арганізацыйнай рабоце на новыя тэхналёгіі, актывісты нярэдка адмаўляюцца ад мэтадаў працы па стварэньні палітычнай сеткі “у рэале” як ад састарэлых, а між тым яны адыгрываюць вырашальную ролю для арганізацыі масавых вулічных пратэстаў і падвышэньня яўкі выбаршчыкаў. А ствараючы ўласныя пэрсанальныя інтэрнэт-старонкі або заводзячы старонкі на папулярных сайтах тыпу Facebook, актывісты ў краінах, накшталт Ірану, тым самым заводзяць на саміх сябе інфармацыйнае дасье, над складаньнем якога ў ранейшыя часы ўрадавым спэцслужбам давялося б ладна папрацаваць.

Спэцслужбам стала лягчэй сачыць за дысыдэнтамі, чыю дзейнасьць яны могуць адсочваць ў онлайне, замест таго, каб укараняцца ў іх групы і пранікаць на іх сустрэчы на прыватных кватэрах ці ў кафэ. Калі кітайскі ўрад вырашыў расправіцца са стваральнікамі «Хартыі-08», онлайнавай пэтыцыі, якая заклікае да захаваньня законнасьці і пашырэньня свабодаў, большую частку неабходных зьвестак улады змаглі знайсьці ў інтэрнэце. На думку ўдзельнікаў іранскага «Зялёнага руху», Тэгеран змог высачыць кіраўнікоў антыўрадавых дэманстрацый, якія прайшлі мінулым летам, і іх прыхільнікаў, скарыстаўшыся старонкамі лідэраў руху на Facebook і ідэнтыфікатарамі на іншых сайтах.

Многія інтэрнэт-кампаніі, якія прысьвяцілі сябе стварэньню адкрытых сетак і свабоднага самавыяўленьня, як аказалася, таксама зацікаўленыя перш і больш за ўсё ва ўласных прыбытках. Nokia і Siemens, паводле неправераных дадзеных, дапамаглі іранскай дзяржаўнай тэлекамунікацыйнай кампаніі распрацаваць тэхналёгію, якую Іран цяпер выкарыстоўвае для праслухоўваньня тэлефонаў і іншых камунікацыйных прыладаў. Yahoo дапамагла Пекіну знайсьці і арыштаваць кітайскага журналіста і вядомага праваабаронцу.

На буйных кітайскіх сайтах, такіх як магутны мясцовы пошукавы сэрвэр Baidu, працуюць каманды інтэрнэт-сачэньня, якія знаходзяць і ліквідуюць у сваім трафіку кантэнт, які забаронены дэпартамэнтам прапаганды Кітаю. І хай Google прыняў этычна прыгожае і адказнае рашэньне ў Кітаі (у любым выпадку, яму належала вельмі невялікая частка пошукавага рынку ў Кітаі) – іншыя буйныя інфармацыйныя фірмы, якія працуюць у Кітаі, адказалі на гэтае рашэньне красамоўным маўчаньнем. «Мы працуем у Кітаі больш за 20 гадоў і зьбіраемся працягваць тут свой бізнэс», - заявіў журналістам прадстаўнік кампаніі Microsoft пасьля сыходу Google з кітайскага рынку.

Як аказалася, гэтыя кампаніі ня так ужо моцна зацікаўленыя ў вольным інтэрнэце, непадуладным цэнзуры. І як толькі аціхне шуміха, выкліканая сыходам Google, кампаніі вернуцца да сваіх звычайных справаў. А краіны, у якіх яны працуюць, будуць і далей закручваць шрубкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG