Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абама заявіў, што спроба тэракту – гэта напамін аб пагрозе людзям


Прэзыдэнт ЗША Барак Абама заявіў, што няўдалая спроба тэракту ў Нью-Ёрку ў суботу стала рэальным напамінам аб існуючых пагрозах бясьпецы людзей.

Абама: "Гэты інцыдэнт – яшчэ адзін выцьверажальны напамін аб часах, у якія мы жывем. І ва ўсім сьвеце, і ў нас у краіне ёсьць тыя, хто хацеў бы забіваць нашых грамадзянаў – нявінных мужчын, жанчын і дзяцей. І яны ні перад чым ня спыняцца, каб забіваць і замінаць нам жыць. Але яшчэ раз скажу – спроба нападу не ўдалася".

Абама выступіў у Вашынгтоне хутка пасьля таго, як было абвешчана аб арышце грамадзяніна ЗША пакістанскага паходжаньня, якога падазраюць у падрыхтоўцы выбуху ў Нью-Ёрку.

Файсал Шахзад быў арыштаваны ў нью-ёркскім аэрапорце імя Кэнэдзі падчас пасадкі ў самалёт, які накіроўваўся ў Дубай.

Прадстаўніца ФБР Кімбэрлі Мэртц паведаміла журналістам у штаце Канэктыкут, дзе быў праведзены ператрус у доме затрыманага Файзала Шахзада:

Мэртц: "Перш за ўсё мы імкнуліся да бясьпекі навакольных і пазьбяганьня празьмернай рызыкі для сваіх супрацоўнікаў. Гэта нам ўдалося. Антытэрарыстычныя аддзелы Нью-Хэйвэна і Нью-Ёрку апошнія дні працавалі бяз стомы, праводзячы гэтае найважнейшае расьсьледаваньне. Гэты ператрус быў зьвязаны з інцыдэнтам на Таймс-Сквэр".
XS
SM
MD
LG