Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Часовы ўрад Кіргізстану сваім дэкрэтам ад 26 красавіка 2010 года пазбавіў былога прэзыдэнта Кіргізстану статусу недатыкальнасьці. Тэкст Дэкрэту распаўсюджаны 4 траўня прэсавай службай Часовага ўраду. Прапануем вам тэкст дакумэнту.

Дэкрэт Часовага Ураду
Кіргіскай Рэспублікі
№ 30 ад 26 красавіка 2010 году

Аб пазбаўленьні К. Бакіева статусу недатыкальнасьці

Народ Кіргізстану 7 красавіка 2010 г. паўстаў супраць злачыннай і безадказнай палітыкі дзейных на той момант уладаў і, нягледзячы на ўчынены імі расстрэл мірных грамадзянаў, зрынуў К. Бакіева з пасады Прэзыдэнта Кіргіскай Рэспублікі.

У адпаведнасьці з рашэньнем Цэнтральнага выканаўчага камітэту Народнага Курултаю ад 7 красавіка 2010 году, у мэтах стабілізацыі сытуацыі і забесьпячэньня асноватворнага прынцыпу аб тым, што адзінай крыніцай улады зьяўляецца народ, быў створаны Часовы Ўрад Кіргіскай Рэспублікі. Дэкрэтам Часовага Ўраду Кіргіскай Рэспублікі № 1 ад 7 красавіка 2010 году паўнамоцтвы і функцыі, замацаваныя ў Канстытуцыі Кіргіскай Рэспублікі за Прэзыдэнтам, Парлямэнтам і Ўрадам, былі ўскладзеныя на Часовы Ўрад.

Палажэньне аб тым, што «народ Кіргізстану зьяўляецца носьбітам сувэрэнітэту і адзінай крыніцай дзяржаўнай улады ў Кіргізскай Рэспубліцы», было замацавана ўсімі асноўнымі дакумэнтамі, якія ляжаць у падмурку кіргіскай дзяржаўнасьці: Дэклярацыяй аб дзяржаўным сувэрэнітэце ад 15 сьнежня 1990 году, Дэклярацыяй аб дзяржаўнай незалежнасьці ад 31 жніўня 1991 году, Канстытуцыяй 1993 году з усімі зьменамі.

«Ніякая частка народу, ніякае аб'яднаньне і ніякая асоба ня мае права прысвойваць ўладу ў дзяржаве. Узурпацыя дзяржаўнай улады зьяўляецца найцяжэйшым злачынствам » - так было запісана ў Канстытуцыі Кіргізстану, пачынаючы з 1993 году і уключаючы ўсе зьмены ў яе па 2003 год. І хоць у дзейнай Канстытуцыі паняцьце аб узурпацыі дзяржаўнай улады было выключана, гэта не азначае, што ўзурпацыя ўлады як злачынства супраць народу перастала існаваць.

Узурпацыя дзяржаўнай улады замахваецца на асновы канстытуцыйнага ладу краіны і наносіць непасрэдную шкоду інтарэсам народу як галоўнай крыніцы ўлады. К. Бакіеў, калі быў Прэзыдэнтам:

1) захапіў заканадаўчую ўладу ў краіне, аддаўшы сваёй партыі «Ак Жол» 80 працэнтаў мандатаў у парлямэнце, без афіцыйнага апублікаваньня вынікаў парлямэнцкіх выбараў, зрабіў парлямэнт прыладай дасягненьня сваіх асабістых мэтаў.

2) дапусьціў ператварэньне судовай сыстэмы, уключаючы Канстытуцыйны суд, у безадказны і карумпаваны прыдатак прэзыдэнцкай улады, які выносіў палітычныя вэрдыкты, адвольна ўжываў законы, вызваляў злачынцаў і караў невінаватых.

3) парушаючы асноўныя прынцыпы арганізацыі дзяржаўнай службы, прызначыў сваіх братоў Жаныша, Марата, Адыла, сыноў Марата і Максіма на адказныя пасады ў краіне, якія знаходзіліся ў яго непасрэдным падначаленьні.

4) На працягу 2009 году скасаваў канстытуцыйныя органы і стварыў неканстытуцыйныя структуры, якія ўвайшлі ў так званы Інстытут Прэзыдэнта, якія ён пазьней спрабаваў узаконіць шляхам унясеньня зьменаў у Канстытуцыю пры дапамозе паслухмяных яму Канстытуцыйнага суду і парлямэнту. Гэтыя «канстытуцыйныя рэформы» былі накіраваныя на далейшае аслабленьне Ўраду шляхам перадачы яго паўнамоцтваў Інстытуту Прэзыдэнта, а таксама на стварэньне Дзяржаўнай рады, якая прызначалася Прэзыдэнтам, адзінай мэтай якой было прызначэньне выканаўцы абавязкаў Прэзыдэнта.

5) Для свайго сына, Бакіева Максіма, стварыў Цэнтральнае агенцтва па разьвіцьці, інвэстыцыях і інавацыях, перадаўшы яму паўнамоцтвы па кіраваньні ўсімі актывамі Кіргізстану (маёмасьць, фінансы, уключаючы крэдыты, гранты, залатыя запасы і іншыя сродкі), якія той даверыў сваім кансультантам з сумнеўнай рэпутацыяй.

6) Шляхам масавых фальсыфікацыяў вынікаў галасаваньня выбарцаў Кіргізстану на рэфэрэндуме 21 кастрычніка 2007 году і падчас выбараў органаў улады рознага ўзроўню - у прыватнасьці, выбараў дэпутатаў парлямэнту 16 сьнежня 2007, а таксама выбараў Прэзыдэнта Кіргізскай Рэспублікі 23 ліпеня 2009 г., падмяніў волевыяўленьне народу сваім прыватным інтарэсам у захопе ўсёй улады ў краіне.

Узурпаваў усю ўладу і, абапіраючыся на непасрэдна падкантрольныя яму сілавыя структуры, крыміналітэт і СМІ, з падтрымкай і маўклівай згодай парлямэнту, судовых органаў і Ўраду, Прэзыдэнт К. Бакіеў на свой дагляд кантраляваў і эксплюатаваў увесь Кіргізстан - яго грамадзян, прыродныя і эканамічныя рэсурсы. Да вясны 2010 г. сям'я К. Бакіева праз падстаўных асобаў незаконна прыватызавала такія стратэгічныя аб'екты дзяржаўнай уласнасьці, як акцыянэрныя таварыствы «Кристалл», «Киргизтелеком», «Северэлектро», «Востокэлектро» і многія іншыя. Пры гэтым грамадзяне былі абавязаныя плаціць новым гаспадарам па тарыфах на электрычную і цеплавую энэргію, папярэдне павышаных у два разы. Усё гэта прывяло да росту цэнаў на асноўныя прадукты, тавары і паслугі ў краіне.

Захоп адным чалавекам і ягоным атачэньнем асноўных крыніц дабрабыту насельніцтва, такіх як вада і электраэнэргія, найважнейшых аб'ектаў эканомікі, раздача спрадвечна кіргіскіх земляў, такіх як Каркыра, Жатымто, былі недапушчальныя і выклікалі масавае абурэньне грамадзян. Вада, нетры, іншыя прыродныя рэсурсы і дзяржаўныя аб'екты зьяўляюцца набыткам усяго народу Кіргізстану, а ня вузкай групы людзей, якія апынуліся пры ўладзе. Усю моц дзяржаўнай машыны К. Бакіеў і яго дарадцы накіравалі на пошук найлепшых спосабаў для павелічэньня даходаў сваёй сям'і і яе атачэньня.

Судовыя, праваахоўныя і фіскальныя органы, бюракратычны апарат К. Бакіева даймалі народ паборамі і несправядлівымі рашэньнямі, а падаткаабкладаньне стала праводзіцца не ў агульных інтарэсах, але ў інтарэсах К. Бакіева і яго атачэньня. Для падаўленьня любых абурэньняў Прэзыдэнт К. Бакіеў стварыў рэпрэсіўны апарат з арміі, міліцыі і іншых сілавых структур.

Праўленьне К. Бакіева парушала канстытуцыйныя правы і свабоды грамадзян, што палягала ў перасьледзе і забойстве няўгодных рэжыму грамадзкіх дзеячаў і журналістаў, прыняцьці антыканстытуцыйных рашэньняў, якія абмяжоўваюць свабоду слова і права на мірныя сходы, права выбіраць і быць абраным.

24 сакавіка 2010 на скліканым ім так званым “курултаі згоды” К. Бакіеў выступіў з асуджэньнем інстытуту выбараў у Кіргіскай Рэспубліцы і заявіў аб неабходнасьці пераходу да нейкай «дарадчай» дэмакратыі, пазначыўшы сваё імкненьне пазбавіць грамадзян краіны канстытуцыйнага права на ўдзел у фармаваньні сыстэмы дзяржаўнага кіраваньня Кіргіскай Рэспублікі.

Менавіта гэтая эксплюатацыя народу і заняпад дзяржавы з прычыны галечы, несправядлівасьці і здушэньня свабодаў выклікалі нянавісьць грамадзян да рэжыму К. Бакіева, які, парушыўшы прысягу, дадзеную народу Кіргізстану, сыстэматычна парушаў Канстытуцыю і законы, зьневажаў правы і свабоды грамадзян. Паколькі ў грамадзтва ў Кіргізстане былі адабраныя легітымныя сродкі ўзьдзеяньня на Прэзыдэнта і яго атачэньне, народ справядліва скарыстаўся сваім натуральным правам на супраціў прыгнёту і гвалту.

Падчас правядзеньня народных курултаяў, арганізаваных Цэнтральным выканаўчым камітэтам Народнага Курултаю, у Бішкеку 7 красавіка 2010 года, зь ведама і згоды К. Бакіева, адбыўся расстрэл, у тым ліку снайпэрамі, мірных грамадзян асабліва жорсткім, зьверскім спосабам з адначасовым ужываньнем сьлезацечнага газу, гумовых куляў і аўтаматычнай зброі.

На падставе вышэйвыкладзенага, у адпаведнасьці з Дэкрэтам Часовага Ўраду Кіргізскай Рэспублікі № 1 ад 7 красавіка 2010 Часовы Ўрад Кіргіскай Рэспублікі прымае гэты Дэкрэт:

1. Пацвердзіць, што 7 красавіка 2010 народ Кіргізстану, карыстаючыся сваім статусам носьбіта сувэрэнітэту і адзінай крыніцы дзяржаўнай улады ў Кіргіскай Рэспубліцы, выгнаў К. Бакіева з пасады Прэзыдэнта Кіргізскай Рэспублікі і пазбавіў яго паўнамоцтваў.

2. Устанавіць, што шляхам асабліва цяжкога злачынства, якое увасобілася ва ўжываньні агнястрэльнай баявой зброі супраць мірнага насельніцтва, якое прывяло да шматлікіх ахвяр, К. Бакіеў выйшаў за рамкі законнасьці, пазбавіўшы сябе статусу экс-прэзыдэнта Кіргіскай Рэспублікі і недатыкальнасьці.

3. Генэральнай пракуратуры Кіргіскай Рэспублікі ў рамках заканадаўства Кіргіскай Рэспублікі прыняць неабходныя захады па прыцягненьні да крымінальнай адказнасьці К. Бакіева, а таксама па яго экстрадыцыі ў Кіргіскую Рэспубліку.

4. Гэты Дэкрэт уступае ў сілу з дня падпісаньня.

Старшыня
Часовага Ураду
Кіргіскай Рэспублікі
Р. Атунбаева
XS
SM
MD
LG