Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На мінулым тыдні Дзяржаўная выбарчая камісія ў Варшаве зарэгістравала 17 камітэтаў на датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары пасьля трагічнай сьмерці прэзыдэнта Польшчы Леха Качынскага ў авіякатастрофе пад Смаленскам. Каб зарэгістраваць свайго кандыдата, кожны камітэт павінен сабраць ня менш за 100 тысяч подпісаў у яго падтрымку і падаць іх у камісію не пазьней за 6 траўня.

Шмат хто ў Польшчы зьвярнуў увагу, што выбарчае заканадаўства краіны ня надта добрае на выпадак такой незвычайнай сытуацыі, як нечаканая сьмерць прэзыдэнта. Бо яно дае камітэтам усяго 9-10 дзён на зьбіраньне подпісаў у падтрымку свайго кандыдата.

Для кандыдатаў, якіх падтрымліваюць моцныя партыйныя структуры, сабраць 100 тысяч подпісаў у краіне з 38 мільёнамі жыхароў за тыдзень часу — не праблема. Горай з тымі, хто ніякіх партый за сабою ня мае, а хацеў бы паўдзельнічаць у выбарах проста ад камітэту сваіх прыхільнікаў. Ім, зразумела, спатрэбілася б значна больш часу на зьбіраньне подпісаў. Дэмакратыя ёсьць дэмакратыя, і яна нават беспартыйным павінна даваць больш-менш роўныя шанцы з партыйнымі ў палітыцы. У Польшчы заканадаўцы ўсур’ёз не прадбачвалі такой незвычайнай сытуацыі, як сьмерць прэзыдэнта ў катастрофе, а таму і не зьвярталі асаблівай увагі на тыя артыкулы выбарчага закону, якія пісаліся якраз дзеля такой сытуацыі. Безумоўна, пасьля выбараў будзе ўведзеная адпаведная папраўка ў выбарчы закон.

Іначай кажучы, трэба чакаць, што зь дзясятак выбарчых камітэтаў так і не зьбярэ патрэбную колькасьць подпісаў, каб зарэгістраваць свайго кандыдата.

З тых шасьці-сямі кандыдатаў, якія зарэгіструюцца, для агулу выбаршчыкаў сапраўдную цікавасьць прадстаўляюць толькі два: кандыдат ад "Грамадзянскай плятформы" Браніслаў Камароўскі і кандыдат ад "Права і справядлівасьці" Яраслаў Качынскі, брат-блізьнюк загінулага прэзыдэнта. Як усе спадзяюцца, усе іншыя кандыдаты будуць адно тлом для паядынку гэтых палітыкаў.

Маршалак Сэйму Браніслаў Камароўскі — так склалася ягоная палітычная доля — у гэтай кампаніі выконвае, паводле канстытуцыі, яшчэ і ролю тымчасовага прэзыдэнта. Хоць выбарчую прапаганду ў СМІ зарэгістраваным кандыдатам можна будзе пачаць не раней за 5 чэрвеня, усе разумеюць, што тое, як Камароўскі падае сябе публіцы цяпер, як кіраўнік парлямэнту і галава дзяржавы, мае калясальнае значэньне для ягоных шанцаў у дзень галасаваньня 20 чэрвеня.

Іміджмэйкеры, якія працуюць на "Грамадзянскую плятформу", параілі Камароўскаму прыняць у гэтай кампаніі імідж "заклапочанага і запрацаванага". Маўляў, у яго на дзьвюх галоўных дзяржаўных пасадах цяпер столькі клопату, што няма часу выступаць у тэлевізары і адказваць журналістам на розныя каверзныя пытаньні пра кампанію. Суродзічы павінны зразумець, што калі выберуць прэзыдэнтам Камароўскага, ён будзе працаваць не пакладаючы рук.

А што параілі Качынскаму ягоныя іміджмэйкеры? Выглядае на тое, што галоўным рухавіком сваёй кампаніі "Права і справядлівасьць" зрабіла эмацыянальны шок, які перажыла Польшча пасьля трагічнай сьмерці амаль 100 чалавек у смаленскай катастрофе. Яраслаў Качынскі заявіў, што, шануючы памяць свайго брата і смуткуючы па яго сьмерці, ён абмяжуе свае публічныя выступы. У кожным разе — у першай палове траўня выбаршчыкі наўрад ці пабачаць яго ў нейкай палітычнай акцыі.

Тым ня менш, усё дакладна пралічана. Масавая польская бульварная газэта, "Super Express", апублікавала нядаўна здымкі са шпацыру Качынскага з дачкой і ўнучкай загінулага брата. Дачка загінулага прэзыдэнта заявіла, што возьме ўдзел у выбарчай кампаніі дзядзькі. У якой ролі — не сказала. Журналісты мяркуюць, што яна патрэбная, каб паказаць палякам, што Яраслаў Качынскі пасьля сьмерці брата пераняў апеку над яго дачкой і ўнучкай. Што ні кажы, а карцінка для выбарцы — проста выдатная. Яраслаў Качынскі нежанаты. Калі ён выйграе выбары, у Польшчы ня будзе асобы, якую ўсе называюць першай лэдзі. А ці дачка трагічна загінулага брата — благая кандыдатка на першую лэдзі?

Акрамя гэткіх чульлівых сямейных партрэтаў Качынскіх у жалобе, па польскім інтэрнэце гуляюць і партрэты яго апанэнтаў. Але ўжо ў менш чульлівай танальнасьці. На адным з такіх партрэтаў паказаны прэм’ер-міністар Дональд Туск і ўся вярхушка "Грамадзянскай плятформы", разам з Камароўскім, як крывавая шайка бальшавіцкіх камісараў. POlszewiki — называецца гэты партрэт. PO — абрэвіятура ад "Platforma Obywatelska" ("Грамадзянская плятформа").

Прэзыдэнцкая кампанія ў Польшчы толькі пачынае набіраць абароты.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG