Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Горб хутчэй нажывеш, чым на малацэ заробіш”


Фота Аліны Жук.

Фота Аліны Жук.

У Беларусі за апошні год агульная колькасьць кароў на прыватных падворках скарацілася амаль на 400 тысяч галоў. Многія вяскоўцы, якія пакуль трымаюць кароў, неахвотна прадаюць малако дзяржаўным прадпрыемствам.




ВІЦЕБШЧЫНА


Насельніцтва старэе, а дзяржаўнай дапамогі няма

65-гадовая спадарыня Вольга, пэнсіянэрка зь вёскі Хлусава Аршанскага раёну, трымае на падворку толькі дзясятак курэй. Тры гады таму яна збыла карову, бо ганяць яе на пашу далёка і нязручна, а малако на бліжэйшы малаказавод здаваць з кожным годам усё менш выгадна.

Спадарыня Вольга пэўная: ёсьць дзьве галоўныя прычыны таго, што пагалоўе кароў у вясковых статках скарачаецца.

«Старэе насельніцтва, пусьцеюць вёскі. І ў тых гаспадарках, дзе не дапамагаюць нічым, дужа істотна скарачаецца, бо і сена накасіць — праблема, і на пашу выгнаць...»

На думку аршанскай пэнсіянэркі, трымаць карову можа толькі адносна малады чалавек, і добра каб з прадпрымальніцкімі здольнасьцямі. Толькі такі гаспадар зможа выгадней збыць малако, і пажадана не на малаказавод, а ў бліжэйшы горад. А яшчэ лепей — у суседнюю Расею, як робяць на Дубровеншчыне.

«Хто ўскараскаўся на машыну, той возіць у горад. А хто ў руках, ды працуе ў сельскай гаспадарцы, дык ім няма калі. І яны не павязуць. І бабка тая старая ў горад не панясе. Трымаюць кароў толькі там, дзе з гэтага ёсьць выгада. Да прыкладу, вёска Ляды Дубровенскага раёну, на мяжы з Расеяй. Яны могуць малако ня тут здаваць, а занесьці ці завезьці празь мяжу. Таму там 210–220 двароў, і кароў у іх 211».

«Трохлітровік малака — 4 тысячы. А крамнага я вам піць увогуле ня раю»

Настаўнік Георгі Станкевіч жыве далёка ад мяжы — у вёсцы Старыя Ранчыцы Бешанковіцкага раёну. Каб сям’я неяк магла выжыць, ён трымае нават не адну, а тры каровы. Уласнага аўто ня мае, таму штораніцы вешае на руль свайго ровара дзьве сумкі — у кожнай па два трохлітровікі малака — ды вязе сваім сталым ужо пакупнікам:

«Слоік малака трохлітровы каштуе 4 тысячы рублёў. За месяц зьбіраецца тысяч 350 — 400. Горб хутчэй нажывеш, чымсьці прыбытак атрымаеш. Вось у мяне 3 каровы. Праўда, дояцца толькі дзьве, адна яшчэ не цялілася. Бывае, што адна добрая кароўка дае 25 літраў малака, а ў мяне столькі даюць дзьве — такая ў іх парода, такое кармленьне. Але ж за добрай каровай догляд трэба і харчаваньне збалянсаванае. А маім сена даў — яна зьела, вады наліў — папіла, і бывай здарова!»

Георгі Станкевіч распавядае, што дзесяць год таму ў ягоных Старых Ранчыцах быў статак у 75 кароў. Год таму — толькі 15, а сёлета, кажа вясковы настаўнік, увогуле будзе хіба што 10. Толькі ён ды яшчэ адна спадарыня прадаюць малако прыватным чынам. Астатнія — пераважна вясковыя бабулі — вымушаны здаваць малако дзяржаве, а гэта ня выгадна. Перш за ўсё таму, што кошт не адпавядае ўкладзеным высілкам:

Здаеш нармальнае тлустае малако, а плацяць, нібы ты ваду здаў.
«Кошт гэтага малака ў два разы меншы, чым я прадаю. І той, хто яго зьбірае, робіць такія махінацыі з тлустасьцю, што жах! Здаеш нармальнае тлустае малако, а плацяць, нібы ты ваду здаў. Сваім людзям тлустасьць падвышаюць, астатнім зьніжаюць. І ніхто ня хоча трымаць тую карову, бо вакол яе столькі клопату!»

Калі каровы на прыватных падворках зьнікнуць, беларусам застанецца разьлічваць хіба што на малако ад калгаснага статку. І нічога добрага ў гэтым Георгі Станкевіч ня бачыць:

«Я вам ня раю калгаснае малако купляць і піць. Бо бачыў, ведаю, як дояцца калгасныя каровы. Яны ўсе ў гнаі, у брудзе. Бывае, што даярка прыйдзе п’яная, падсуне той апарат, а ён зваліцца і смокча той гной проста ў малако... Потым гэта ўсё пастэрызуецца і выдаецца нам за вышэйшы гатунак!»

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Найбольш недагледжаныя фэрмы — у Бялыніцкім і Круглянскім раёнах

На Магілёўшчыне 15 працэнтаў малака, якое пастаўляецца на перапрацоўчыя заводы, — нізкай якасьці. У сельгаспрадпрыемствах парушаюцца санітарныя патрабаваньні да вырабу малака, а таксама догляду жывёлы.

Праблемы ў малочнай галіне афіцыйныя крыніцы прызналі пасьля праверак сельгаскаапэратываў чатырох раёнаў Магілёўшчыны. Выяўленыя дзяржкантролем парушэньні на фэрмах пералічвае галоўны спэцыяліст дзяржкантролю па Магілёўскай вобласьці Антаніна Ланская:

«Не хапае нават вёдзер. У адным і тым жа вядры даяркі носяць малако, патаку для кароў, пояць цялят. У кароўніках у сувязі з адсутнасьцю вэнтыляцыі вільгаць. Выгульныя пляцоўкі для дойнага статку заплылі гноем. Каровы стаяць у гнаі й жыжы».

У сьпісе найбольш недагледжаных фэрмаў называюцца гаспадаркі Бялыніцкага й Круглянскага раёнаў. Даведацца аб прычынах занядбаньня фэрмаў не ўдалося. Кіраўнікі гаспадарак выслухоўвалі пытаньне, прызнавалі, што ёсьць цяжкасьці, і клалі слухаўку.

«Улетку трэба чакаць яшчэ горшага малака...»

Спэцыяліст сельскай гаспадаркі Андрэй Юркоў тлумачыць занядбаньне фэрмаў нястачай фінансаваньня:

«То бок там няма ніякіх сродкаў і ніякай матывацыі, каб сачыць за станам гэтых фэрмаў. Але гэта ўсё ўмоўна. Гэтыя адсоткі малююць абсалютна са столі. Зараз во былі цэны высокія, пакуль была зіма, на малочную прадукцыю на вонкавых рынках, дык пісалі — 10–15 працэнтаў кепскага малака. Улетку цэны ўпадуць, будуць пісаць — 80–85 кепскага малака. На новых комплексах малако можа быць яшчэ горшае, чым на старых фэрмах, дзе ўсё ў гнаі».

Пакуль дзяржкантроль выяўляе хібы на малочнатаварных фэрмах, перапрацоўчыя прадпрыемствы рэгіёну падлічваюць страты. Пастаўнікі сыравіны на малаказаводы скарачаюцца. Так, адно з самых буйных перапрацоўчых прадпрыемстваў Беларусі «Бабушкина крынка» недаатрымала ў першым квартале пяць тысяч тон малака. Страты ацэньваюцца ў мільярдах рублёў.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Фэрмэр заяўляе, што без свабоды гаспадараньня ня будзе і малака

За апошнія два гады кароў у вёсках на Гарадзеншчыне паменела ў тры разы. Вяскоўцы скардзяцца, што здаваць малако цяпер стратна.

Фэрмэр Яўген з Івейскага раёну распавядае, што зараз трымае дзьве каровы і бачыць, што гэта яму нявыгадна. Найперш узгадвае, што дзяржава ў часе так званай малочнай вайны з Расеяй зьнізіла кошты закупу на 10% і за 1 літар малака плаціла ўсяго 600 рублёў.

Сёлета закупачныя цэны вярнулі назад, але, высьветлілася, што год страчаны — аб’ёмы здачы малака ад насельніцтва зьнізіліся. Іншым разам фэрмэр ня ведае, куды збыць 20 літраў малака ў дзень.

Крыўдуюць гаспадары на малочны завод

Спадар: «Цяпер нявыгадна трымаць на вёсцы кароў, хаця раней з гэтага толькі і жылі. Малаказавод не заўсёды бярэ малако, і невядома чаму: можа, у іх нейкія пляны, ці што... Зрэшты, прычыну яны заўсёды знойдуць...»

Карэспандэнт: «А куды людзі тады дзяюць малако, калі не бярэ малаказавод?»

Спадар: «Мы сьвіней маем, а людзі ня ведаю, куды дзяюць. Вось таму найперш нявыгадна трымаць кароў, бо ня ведаеш, ці здасі тое малако. У каналізацыю ня выльеш, бо душа будзе балець. Раней у вёсцы было каля 100 кароў. А зараз насельніцтва павялічваецца, а колькасьць статку ў некалькі разоў зьменшылася».

Калі будзе падтрымка, то фэрмэры хутка кампэнсуюць страту кароў у насельніцтва.
Другі фэрмэр, спадар Мікалай з Ваўкавыскага раёну, кажа, што ўва ўсім сёньня павінна быць пралічана эканамічная мэтазгоднасьць.

Палітыка дзяржавы, зь яго слоў, скіраваная зараз на падтрымку буйных сельгаспрадпрыемстваў, якія часта нерэнтабэльныя і неэфэктыўныя і ад якіх не вяртаюцца ўкладзеныя грошы.

Што тычыцца фэрмэрскіх гаспадарак, то на іх, са слоў спадара Мікалая, дзяржава ўвагі не зьвяртае, хаця для іх разьвіцьця таксама неабходныя крэдыты, новая тэхніка і іншыя эканамічныя стымулы. Павінна быць свабода і роўныя ўмовы для вытворцаў — кажа фэрмэр.

Ён лічыць: калі б дзяржава падтрымлівала фэрмэра, як гэта робіцца ў Эўропе і Амэрыцы, то ніякіх праблемаў з той самай малочнатаварнай вытворчасьцю ў Беларусі не было б.

Спадар: «Калі б зьявілася фінансаваньне, то фэрмэры здольныя хутка кампэнсаваць страту кароў у насельніцтва. І само жыцьцё гэтага патрабуе. Чаму? Таму што сёньня цёгаць за цыцкі карову ўжо ніхто з маладых ня хоча, і не акупляецца гэта. А калі ўвесь працэс мэханізаваць, то чаму не зарабляць на гэтым грошы?...»
XS
SM
MD
LG