Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Клімаў: “Без амністый не было б куды саджаць”


У Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ўнесены законапраект аб амністыі ў сувязі з 65-годзьдзем перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Чаму ў Беларусі гэтак часта праходзіць амністыя і як чарговая зь іх адаб’ецца на лёсе беларускіх палітвязьняў?


Будучая амністыя, паводле праекту, прынясе волю 2230 вязьням калёній і 900 асуджаным на адбыцьцё пакараньня ва ўстановах адкрытага тыпу. На волю выйдуць найперш непаўналетнія, цяжарныя жанчыны, асобы пэнсійнага веку, інваліды, хворыя на сухоты і ВІЧ-інфікававаныя. Таксама вызваленьня варта чакаць ліквідатарам чарнобыльскай катастрофы і вэтэранам баявых дзеяньняў. Прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч, якога зараз судзяць за падрыхтоўку да тэракту, — вэтэран вайны ў Аўганістане, мае дзяржаўныя ўзнагароды. Калі Аўтуховіча прызнаюць вінаватым, ці адаб’ецца на ягоным лёсе амністыя?

«Яго, хутчэй за ўсё, амністыя ня будзе датычыць. Найперш таму, што ў склад злачынства ўваходзіць тэрарыстычны акт», — мяркуе адвакат Павал Сапелка.

Павал Сапелка
Адвакат Арцёма Дубскага Тамара Сідарэнка мяркуе, што яе падабароннага амністыя не закране таму, што не пасьпее — 26 траўня маладафронтавец Дубскі мае выйсьці на волю, адбыўшы ўвесь тэрмін пакараньня.

Амаль 10 тысяч зьняволеных, якія не падпадуць пад вызваленьне, атрымаюць зьніжэньне тэрміну пакараньня на год. Але гэта ня будзе тычыцца парушальнікаў турэмных парадкаў, небясьпечных рэцыдывістаў, пакараных пажыцьцёва за забойства ды некаторых іншых злачынцаў, у тым ліку карупцыянэраў. Пра што гэта сьведчыць? — пытаюся ў адваката Паўла Сапелкі.

«Пра што сьведчыць? Пра барацьбу з карупцыяй. Адзначу, што і папярэдняя амністыя не распаўсюджвалася на карупцыянэраў. Аднак у чалавека ў няволі павінен быць стымул для таго, каб не парушаць турэмны парадак ды імкнуцца на волю. Гэта было жалезнае правіла на ўсе часы».

Папярэдняя амністыя скончылася нядаўна — у лістападзе мінулага году. Як падсумавалі ў Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў МУС, паводле амністыі вышлі на волю 2136 чалавек, тэрмін пакараньня быў скарочаны на год для 9345 вязьняў. Агульная колькасьць непаўналетніх, цяжарных жанчын, хворых на сухоты ці анкалёгію — 383 вязьні. У міліцыі не даюць зьвестак, колькі вязьняў той ці іншай катэгорыі вызвалена. Між тым удалося знайсьці такую лічбу: з калёній для непаўналетніх злачынцаў летась па амністыі выйшлі на волю 159 чалавек.

Андрэй Клімаў
Якія шанцы ў іх зноў не апынуцца за кратамі? Былы дэпутат і апазыцыянэр Андрэй Клімаў тройчы адбываў пакараньне ў беларускіх турмах, у тым ліку паводле абвінавачаньня ў паклёпе на Аляксандра Лукашэнку. Як кажа Андрэй Клімаў, амністыя выкліканая тым, што турмы перапоўненыя: там сядзіць шмат людзей, якія ў краіне з адпрацаванай сыстэмай законаў не лічыліся б злачынцамі:

«Гэта ўсё наступствы недасканалай сыстэмы: падатковай, фінансавай. Сама дзяржава стварае ўмовы для тых жа эканамічных злачынстваў некарэктнымі заканадаўчымі актамі. У нас жа да дагэтуль спрачаюцца, што такое ўказ прэзыдэнта. Хоць гэта ўсяго толькі падзаконны акт, але любы кантрольны, праваахоўны, судовы орган будзе кіравацца тым, што ўказ прэзыдэнта ня пад, а над законам».

Амністыі ў Беларусі праходзяць фактычна штогод. Звычайна паводле амністыі выходзяць на волю каля 3 тысяч асуджаных, ад 5 да 10 тысяч атрымліваюць зьмяншэньне тэрміну зьняволеньня. Як паведаміла «Свабодзе» праваабаронца Кацярына Садоўская, зьмяншэньне тэрміну па амністыі шмат каму зь вязьняў адкрывае шлях да датэрміновага вызваленьня. Такім чынам станоўчы эфэкт амністыі
У руках адміністрацыі гэта дадатковая пуга супроць вязьняў.
павялічваецца. Пры гэтым праваабаронца адзначае і адмоўны бок амністыі. «Амністыі чакаюць усе, але ня ўсе яе дачакаюцца. У руках адміністрацыі гэта дадатковая пуга супроць вязьняў. Шмат каго за сумленныя паводзіны, за адстойваньне сваіх правоў незаконна караюць, нібыта парушылі дысцыпліну, а ў выніку пазбаўляюць права на амністыю», — зазначыла праваабаронца Кацярына Садоўская, якая адбыла 8 месяцаў у жаночай калёніі ў Гомелі паводле абвінавачаньня ў паклёпе на чыноўнікаў.

Паводле дадзеных Вярхоўнага суду, у Беларусі ў 2009 годзе адбывалі пакараньне зьняволеньнем 36,7 тысяч чалавек. Сярэдні тэрмін зьняволеньня быў 6,3 года. Тады Беларусь была на 3-4 месцы ў сьвеце па колькасьці зьняволеных на тысячу чалавек.
XS
SM
MD
LG