Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Такое меркаваньне выказвае ў артыкуле, апублікаваным у газэце Moscow Times, расейскі палітоляг Уладзімер Фралоў.

Крэмль атрымлівае асалоду ад вынікаў сваіх палітычных заваёваў ва Ўкраіне і стварае шмат падставаў для занепакоенасьці даўняму стратэгічнаму саюзьніку Масквы – прэзыдэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку. Беларусь робіцца важным полем бітвы ў новай стратэгіі Крамля ў былых савецкіх рэспубліках.

Лукашэнка зрабіў вялікую памылку, спрабуючы супрацьстаяць крокам Расеі ў Кіргізстане. Мала таго, што ён даў прытулак зрынутаму прэзыдэнту Кіргізстану Курманбеку Бакіеву, Лукашэнка таксама імкнецца падарваць высілкі Масквы па перадачы ўлады ад Бакіева новым уладам у Бішкеку, якія прыхільна ставяцца да Расеі. Зь Менску Бакіеў запатрабаваў умяшаньня ў кіргіскі палітычны канфлікт сілаў АДКБ, каб вярнуць яго на пасаду прэзыдэнта.

Лукашэнка тады назваў дапамогу часоваму ўраду Кіргізстану з боку Масквы “здрадай старым сябрам” і прыгразіў сарваць саміт АДКБ у траўні, назваўшы яе “пустой арганізацыяй”.

Цяжка не пашкадаваць Лукашэнку. Яму, відаць, ніколі не прыходзіла ў галаву, што Крэмль можа падтрымаць дэмакратычныя зьмены рэжымаў у постсавецкіх краінах, зьмены, якія прыбяруць карумпаванага лідэра, які да таго ж парушаў свае абяцаньні Маскве. Лукашэнка раззлаваны, убачыўшы занадта шмат аналёгіяў паміж Бакіевым і ягонымі ўласнымі стасункамі з уладным тандэмам у Маскве.

Лукашэнка цяпер падае сваю кандыдатуру на выбарах як гарантыю супраць спансараванай расейцамі рэвалюцыі ў Беларусі. Але менавіта яго стратэгія барацьбы супраць расейскіх інтрыгаў можа прывесьці да ягонай гібелі.

Расейскія варыянты дзеяньняў у Беларусі ўскладненыя тым, што беларуская апазыцыя расьцярушаная, дэзарганізаваная і антырасейская. У Масквы няма цяпер рэальнага кандыдата на прэзыдэнцкія выбары і няма часу, каб яго знайсьці. Пераабраньне Лукашэнкі гарантаванае. Але цярпеньне Крамля ў стасунках з Лукашэнкам канчаецца. Пасьля ягоных практыкаваньняў у антырасейскай рыторыцы цяжка сабе ўявіць, што Масква прызнае легітымнасьць выбараў, на якіх Лукашэнка, хутчэй за ўсё, пераможа.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG