Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму кіргіскі ўрад не дасылае запыт на экстрадыцыю Бакіева?


Якая сытуацыя цяпер у Кіргізстане? Ці зьмянілася эканамічнае становішча насельніцтва? Калі Часовы урад накіруе ў Менск запыт аб экстрадыцыі Курманбека Бакіева?

Часовы ўрад Кіргізіі прыняў дэкрэт аб пазбаўленьні Курманбека Бакіева статусу экс-прэзыдэнта і недатыкальнасьці.

Генпракуратуры рэспубліцы даручана прыняць меры па экстрадыцыі К.Бакіева на радзіму, паведамілі "Інтэрфаксу" ў прэс-службе часовага ўраду.

Суразмоўца агенцтва сказаў, што прыняты дэкрэт складаецца з трох пунктаў, першы зь якіх пацьвярджае, што "народ зрынуў К.Бакіева".

"У другім пункце зазначана, што К.Бакіеў дапусьціў расстрэл мірных грамадзян, чым пазбавіў сябе статусу экс-прэзыдэнта і недатыкальнасьці", – паведамілі ў прэс-службе.

Трэцім пунктам дэкрэту Генэральнай пракуратуры даручана "прыцягнуць К. Бакіева да крымінальнай адказнасьці і забясьпечыць яго экстрадыцыю ў Кіргізію".

У Кіргізіі ў дачыненьні да К.Бакіева ўзбуджаная крымінальная справа па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу, сярод якіх "масавае забойства", дапушчанае 7 красавіка пры сутыкненьнях апазыцыі з сілавымі структурамі.

Цяпер К.Бакіеў знаходзіцца ў Беларусі.

Якая сытуацыя ў Кіргізстане? Ці зьмянілася эканамічнае становішча насельніцтва? Калі Часовы урад накіруе ў Менск запыт аб экстрадыцыі Курманбэка Бакіева? З гэтымі пытаньнямі мы зьвярнуліся ў Бішкек, да аглядальніка кіргіскай службы нашага радыё Атынбэка Таймэнбаева.

Ці працягваюцца ў Кіргізстане забурэньні, рабаваньні, захопы зямлі?

Таймэнбаеў: Цяпер хваляваньняў, як такіх, няма. Сёньня тых, хто захоплівалі зямлю пад Бішкекам, у паселішчы Маёўка, міліцыя выгнала з захопленай зямлі. Была ў Бішкеку маніфэстацыя некалькіх сотняў прыхільнікаў былога кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Каныбэка Джароева, яны патрабавалі, каб яго вызвалілі. Таксама некалькі сотняў чалавек мітынгавалі на ягонай "малой радзіме", ў Баткенскай вобласьці. Вось, уласна, і ўсё. У народзе ходзяць чуткі, што 17 траўня людзі будуць выходзіць на вуліцу. Але хто, калі – невядома.

А якая сытуацыя на поўдні, ў Джалал-Абадзе, адкуль родам Курманбек Бакіеў? Пасьля зьмены ўлады там былі масавыя выступы, нават з захопам адміністрацыйных будынкаў.

Таймэнбаеў: Зараз Джалал-Абад – самы спакойны рэгіён краіны, там нічога не адбываецца. Я нядаўна размаўляў з губэрнатарам вобласьці: ён кажа, што кантралюе вобласьць, што новыя абласныя ўлады абвясьцілі вайну крыміналу і выгналі іх з тэрыторыі вобласьці.

Ці зьмянілася неяк эканамічнае становішча ў краіне за месяц пасьля зьмены ўлады?

Таймэнбаеў: У эканоміцы складаецца вельмі кепская сытуацыя. Мяжа з Казахстанам зачыненая, а гэта наш асноўны гандлёвы партнэр, праз Казахстан ідзе дарога ў Расею. Нашы "чаўнакі", нашы бізнэсоўцы ня могуць гандляваць ні з Казахстанам, ні з Расеяй. Нашы прадпрымальнікі нясуць вялікія страты.

Абвешчана, што новыя ўлады пазбавілі былога прэзыдэнта К.Бакіева недатыкальнасьці, абвінавацілі ў крымінальных злачынствах і рыхтуюць запыт у Менск на яго экстрадыцыю. Але, паводле нашай інфармацыі, адпаведны запыт у Менск яшчэ не прайшоў. Чаму? Часовы ўрад ня так ужо і зацікаўлены атрымаць Бакіева?

Таймэнбаеў: Кажуць, што ёсьць дакумэнты на экстрадыцыю Бакіева, але нам невядома, ці накіраваныя яны ў Менск. Прыцягнуць Бакіева да адказнасьці хацелі людзі, чые сваякі былі расстраляныя снайпэрамі падчас падзеяў 6-7 красавіка. Яны дамагаліся і дамагаюцца таго, каб Бакіева прывезьлі ў Кіргізстан і пакаралі. А часовы ўрад хацеў, каб Бакіеў сышоў, і тут не было грамадзянскай вайны. Калі Бакіеў пачаў рабіць правакацыйныя заявы, што ён, маўляў, усё яшчэ прэзыдэнт, часовы ўрад у адказ заявіў, што пачаў працэдуру экстрадыцыі.
Пасьля гэтай дуэлі бакі маўчаць. Калі праз 40 дзён пасьля гібелі людзей будуць гучныя патрабаваньні пакараць Бакіева, урад магчыма актывізуе дзеяньні па вяртаньні Бакіева.
XS
SM
MD
LG