Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мілінкевіч асацыюецца з паразай і бляклай кампаніяй”


Ці можна сказаць, што Аляксандар Мілінкевіч — першы цяжкавагавік з беларускіх палітыкаў, што вылучыўся на прэзыдэнцкія выбары? Ці можа ягоная асоба аб’яднаць усю беларускую апазыцыю? Якія яшчэ фігуры могуць скласьці яму канкурэнцыю? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць шэф-рэдактар часопіса «Архэ» Валер Булгакаў і публіцыст Вадзім Казначэеў, які скептычна ставіцца да палітычных пэрспэктываў Аляксандра Мілінкевіча.


Валер Булгакаў
Вадзім Казначэеў
Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Ці можна казаць, што вылучэньне Аляксандра Мілінкевіча надае новую якасьць прэзыдэнцкай кампаніі? Маўляў, тыя кандыдаты, якія вылучаліся да гэтага, не былі «цяжкавагавікамі» ў прэзыдэнцкай палітыцы — а вось цяпер кампанія пачынаецца па-сапраўднаму. Якія іншыя кандыдаты могуць скласьці канкурэнцыю Мілінкевічу на апазыцыйным флянгу?

«Але я маю вялікія сумневы, ці стане Мілінкевіч асноўным канкурэнтам Лукашэнкі на выбарах»


Булгакаў: Безумоўна, палітычная вага Мілінкевіча значна пераўзыходзіць вагу тых палітыкаў, што ўжо заявілі пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі. За Мілінкевічам стаіць вялікі палітычны капітал, яго ведаюць у Эўропе, запрашаюць у эўрапейскія сталіцы. Ён зарэкамэндаваў сябе і ўнутры краіны, зарэкамэндаваўшы сябе стабільным гульцом на палітычнай сцэне цягам апошніх 5 гадоў.

Але я маю вялікія сумневы, ці стане Мілінкевіч асноўным канкурэнтам Лукашэнкі на выбарах. Мушу спрагназаваць, што яму наўрад ці ўдасца дасягнуць таго бліскучага выніку, які быў на выбарах 2006 году. Перш за ўсё дзякуючы абавязковаму палітычнаму закону, паводле якога палітык, які прымільгаўся і адначасова не дасягнуў нейкіх істотных палітычных вяршыняў унутры краіны — губляе палітычную вагу.

Вяртаючыся да вашага пытаньня наконт канкурэнтаў, то хачу сказаць, што нэрвовасьць Лукашэнкі, ягоныя пасьпешлівыя палітычныя дзеяньні сьведчаць, што ён рэальна асьцерагаецца старту ў гэтай кампаніі нейкага прарасейскага кандыдата.

І ёсьць яшчэ адзін пэрсанаж, за якім стаяць людзі, рэсурсы, які заявіў ужо цяпер пра свае палітычныя амбіцыі ў такім маштабе, пра які мы раней ня чулі, — я маю на ўвазе вядомага беларускага грамадзкага і культурнага дзеяча Ўладзімера Някляева.

«Мілінкевіч асацыюецца з паразай і бляклай кампаніяй»


Цыганкоў: АДС даволі доўга выпрацоўвалі сцэнар працэдуры «праймэрыз», паводле якога мусіў быць абраны адзіны кандыдат. Ці можна сказаць, што вылучэньне Мілінкевіча пахавала гэты сцэнар? Ці магчыма пры нейкіх умовах, што суб’екты АДС будуць працаваць на Мілінкевіча?

Казначэеў: АДС пахавалі гэты сцэнар не з-за вылучэньня Мілінкевіча, а з-за таго, што самі АДС ня дужа гэта адстойвалі. Я лічу, што АДС мусілі рэалізоўваць гэты сцэнар незалежна ад таго, ці ўдзельнічае ў ім Мілінкевіч. Яны гэтага рабіць ня сталі, і тут збольшага няма віны Мілінкевіча.

Аднак я катэгарычна не магу пагадзіцца з спадаром Булгакавым наконт таго, што Мілінкевіч буйная палітычная фігура, а кампанія 2006 году была «бліскучая». Кампанія 2006 году была бляклая, я не магу прыпомніць аніводнага крэатыўнага ходу.

Я паглядзеў у інтэрнэце водгукі на вылучэньне Мілінкевіча. Вядома, гэта ня вельмі рэпрэзэнтатыўна, але ўсё ж «голас народу». Чырвонай ніткай там праходзіць, што «ён не разьлічвае на перамогу, ён вырашае свае праблемы». І паводле ўласнага ўражаньня, я з гэтым цалкам згодны.

Я ня думаю, што Мілінкевіч, які асацыюецца з паразай і бляклай кампаніяй, — мае шанцы на нейкі посьпех.

Цыганкоў: То бок вы ня згодныя з тым сьцьвярджэньнем, што Мілінкевіч — цяжкавагавік, палітык з вышэйшай лігі, а іншыя ягоныя канкурэнты на апазыцыйным полі — зь іншай, троху ніжэйшай?

Казначэеў: Не, ніякім чынам. Я лічу, што Мілінкевіч — адзін з кагорты многіх беларускіх палітыкаў. А ўвогуле я лічыў, што працэдура «праймэрыз» якраз і вылучыць нейкія новыя імёны, ня тых, якія намулялі вочы ў гэтай абойме.

«Эўрапейскі выбар Мілінкевіча апраўданы і мае пэўную стратэгічную пэрспэктыву».


Цыганкоў: Ці ўдасца Мілінкевічу аб’яднаць вакол сябе апазыцыю? Ці магчыма гэта пры тым стаўленьні, якое існуе да яго ў апазыцыйных колах, пра якое казаў спадар Казачэеў? Ці апазыцыя пойдзе на выбары рознымі калёнамі і дазволіць уладзе самой выбіраць сябе кандыдата?

Булгакаў: Апошнія некалькі гадоў спадар Мілінкевіч ня робіць стаўку на аб’яднаньне апазыцыі. У тым ліку дзякуючы той акалічнасьці, што апазыцыя ўсё болей становіцца маргінальнай структурай у маштабах краіны і аб’яднаньне перастае быць стратэгічна важнай задачай для посьпеху ў палітычнай кампаніі.

Спадар Мілінкевіч — і ў гэтым я яго ўсяляк падтрымліваю — робіць стаўку на крышталізацыю каштоўнасных арыенціраў беларускага грамадзтва. Фактычна цяпер Мілінкевіч увасабляе прагу досыць істотнага сэгмэнту беларускага грамадзтва ў эўрапейскім выбары Беларусі і адстойваньні нацыянальных каштоўнасьцяў. Зроблена гэта вельмі гучна, непараўнальна з тымі дэклярацыямі, што мы чулі ад Мілінкевіча яшчэ 5 гадоў таму. На маю думку, гэта вялікі прарыў. Мне здаецца, такі выбар Мілінкевіча апраўданы і мае пэўную стратэгічную пэрспэктыву.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG