Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вэнэсуэльская нафта цячэ ў Беларусь, з эфэктыўнасьцю высьвятляюць


Стварэньне супольнага беларуска-вэнэсуэльскага прадпрыемства па пастаўках нафты з Вэнэсуэлы ў Беларусь плянуецца завяршыць да 30 чэрвеня сёлета.

Такую дату назвала прэсавая служба беларускага ўраду, інфармуючы аб выніках сёньняшняй рабочай паездкі прэм'ер-міністра Сяргея Сідорскага на Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод.

На гэты завод цяпер па чыгунцы з порту Адэса паступае для перапрацоўкі першая партыя вэнэсуэльскай нафты. Як адзначыў Сідорскі, рэалізацыя праекту па пастаўках вэнэсуэльскай нафты ў Беларусь ідзе паводле графіку. Да раніцы сёньняшняга дня на Мазырскі НПЗ прыбылі першыя два эшалёны - 117 цыстэрнаў. На першым этапе рэалізацыі праекту аб'ём нафты, якая пастаўляецца з Вэнэсуэлы, складзе каля 4 млн тон, пасьля ён можа падвоіцца.

Паводле кіраўніка беларускага ўраду, вэнэсуэльская нафта мае нізкаe ўтрыманьне серы, што забясьпечыць высокі ўзровень выхаду сьветлых нафтапрадуктаў. "Атрыманую прадукцыю мы рэалізуем супольна з вэнэсуэльскімі партнэрамі на экспарт", - паведаміў Сідорскі.

У сваю чаргу генэральны дырэктар "Беларускай нафтавай кампаніі" Уладзімір Зубкоў распавёў, што пытаньне эфэктыўнасьці паставак вэнэсуэльскай нафты ў Беларусь высьветліцца да сярэдзіны траўня.
XS
SM
MD
LG