Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Мінкульт ня лічыць патрэбным уносіць бел-чырвона-белы сьцяг у сьпіс каштоўнасьцяў


Статус герба Вялікага княства Літоўскага «Пагоня» замацаваны гістарычна і афіцыйна. Пра гэта заявіў 3 траўня на прэс-канфэрэнцыі ў Менску намесьнік старшыні Геральдычнага савету пры прэзыдэнце, дырэктар дэпартамэнту па архівах і справаводзтве Міністэрства юстыцыі Уладзімер Адамушка, адказваючы на пытаньне БелаПАН.


Ён адзначыў, што ў краіне дзейнічаюць афіцыйныя дзяржаўныя знакі, зацьверджаныя заканадаўствам Беларусі. «Статус жа былых дзяржаўных знакаў не зацьверджаны айчынным заканадаўствам», — сказаў Адамушка.

Герб ВКЛ «Пагоня» ўнесены ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, адзначыў ён. «Акрамя таго, гэты геральдычны знак знайшоў сваё месца на гербах гарадоў Віцебск, Верхнядзьвінск і Лепель (Віцебская вобласьць), а таксама Рэчыца (Гомельская вобласьць). Такім чынам, выява гэтага герба замацавана гістарычна і афіцыйна», — падкрэсьліў Адамушка.

Паводле слоў сакратара Геральдычнага савету пры прэзыдэнце Марыны Ялінскай, Міністэрства культуры не палічыла неабходным уносіць бел-чырвона-белы сьцяг у Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, бо ён стаў знакам Беларускай Народнай Рэспублікі па прапанове дзяржаўнага сакратара БНР Клаўдзія Дуж-Душэўскага толькі ў пачатку 1919 года. «Іншая справа, што само спалучэньне белага і чырвонага колераў гістарычна ўласьцівае беларусам», — сказала Ялінская.

Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч прытрымліваецца іншага пункту гледжаньня. У інтэрвію БелаПАН ён заявіў, што «ўдзельнікі прэс-канфэрэнцыі, відаць, забыліся, што бел-чырвона-белы сьцяг зьяўляўся дзяржаўным знакам Рэспублікі Беларусь з 1991 па 1995 гады, і пад гэтым сьцягам адбывалася станаўленьне сучаснай незалежнай беларускай дзяржавы». Вось чаму бел-чырвона-белы сьцяг «цалкам» адпавядае крытэрыям, што прад’яўляюцца да гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, падкрэсьліў Астаповіч.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG