Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына дапускае, што прэзыдэнцкія выбары пройдуць увосень


Як заявіла ў інтэрвію БелаПАН кіраўнік Цэнтрвыбаркаму Беларусі Лідзія Ярмошына, яна не выключае правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў восеньню 2010 году.


У адпаведнасьці з заканадаўствам, прэзыдэнцкія выбары павінны быць прызначаныя не пазьней, чым за пяць месяцаў, і праводзяцца ў нядзелю не пазьней, чым за два месяцы да заканчэньня тэрміну паўнамоцтваў папярэдняга прэзыдэнта. Такім чынам, крайні тэрмін правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў – 6 лютага 2011 году.

«Вядома, выбары было б зручней правесьці да Новага году. Быў бы іншы настрой у грамадзтве», – лічыць Лідзія Ярмошына.

Ярмошына таксама адзначыла, што прэзыдэнцкія выбары прызначае парлямэнт. Па словах кіраўніка ЦВК, калі не праводзіць пазачарговых парлямэнцкіх сэсій, то дата выбараў ня можа быць прызначаная раней за кастрычнік (па законе 2 кастрычніка пачынаюць працу восеньскія сэсіі парлямэнту).

На думку аналітыкаў, прызначэньне прэзыдэнцкіх выбараў восеньню выгаднае ўладам, бо можа зблытаць карты палітычным апанэнтам Аляксандра Лукашэнкі. Апазыцыя цяпер разьяднаная, а таму датэрміновы старт выбарчай кампаніі можа даць істотную перавагу дзейнаму кіраўніку дзяржавы, лічаць палітолягі.

Акрамя таго, аналітыкі не выключаюць ўплыву эканамічных фактараў пры прызначэньні даты прэзыдэнцкіх выбараў. На іх думку, пагаршэньне супрацоўніцтва з Расеяй можа прывесьці да рэзкага падаражэньня энэрганосьбітаў, а значыць, і росту коштаў у пачатку 2011 году. У такіх умовах рэйтынг Лукашэнкі можа істотна зьнізіцца.

Прэцэдэнт з прызначэньнем прэзыдэнцкіх выбараў раней належнага тэрміну адбыўся ў 2006 годзе. Тады прэзыдэнцкія выбары павінны былі адбыцца летам, аднак іх дату перамясьцілі на сакавік. Гэта стала нечаканасьцю для апазыцыі, прадстаўнікі якой заяўлялі, што ім не хапіла часу на раскрутку свайго кандыдата.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG