Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму зноў Мілінкевіч?


Аляксандар Мілінкевіч
Аляксандар Мілінкевіч

Экс-кандыдат на выбарах прэзыдэнта 2006 году Аляксандар Мілінкевіч агучыў сваё рашэньне пра ўдзел у наступных прэзыдэнцкіх выбарах. Зь першай, па сутнасьці, кандыдацкай прамовай спадар Мілінкевіч сёньня выступіў у менскім гатэлі "Эўропа":


Перад прэзэнтацыяй тэзісаў сваёй перадвыбарчай праграмы Аляксандар Мілінкевіч разам з жонкай Інай Кулей пабываў у менскай Петрапаўлаўскай праваслаўнай царкве і ў катэдральным каталіцкім касьцёле.

Ягоная заява аб вылучэньні на будучых выбарах прэзыдэнта прагучала ва ўрачыстых абставінах у перапоўненай залі аднаго з найлепшых менскіх гатэляў. Паслухаць патэнцыйнага кандыдата прыйшло шмат палітыкаў, грамадзкіх дзеячаў, журналістаў. Рашэньне Аляксандра Мілінкевіча зноў удзельнічаць у выбарах прэзыдэнта падтрымала ў пятніцу Рада руху "За свабоду". Адзін зь лідэраў гэтага руху Віктар Карняенка адказаў на пытаньне: "Чаму зноў Мілінкевіч?"

Віктар Карняенка
"Аляксандар Мілінкевіч, у адрозьненьне ад сваіх папярэднікаў, і пасьля прэзыдэнцкіх выбараў застаўся ў палітыцы, прычым не ганаровым сябрам, а практычным, дзейным палітыкам. За гэты час ён правёў больш за 150 зьмястоўных сустрэч больш чым у 70 гарадах нашай краіны… Сустрэчы Мілінкевіча на высокім узроўні за мяжой, у тым ліку зь лідэрамі вядучых краін, сыстэмная праца з Эўрапарлямэнтам і Эўракамісіяй прывялі да таго, што сёньня аб'яднаная Эўропа мае сваю стратэгію па Беларусі".

Сам Аляксандар Мілінкевіч заявіў, што йдзе на выбары, бо адчувае пэрсанальную адказнасьць і перад сваімі продкамі, якія змагаліся за Беларусь і былі за гэта рэпрэсаваныя ў часы паўстаньня Каліноўскага і ў міжваеннай Польшчы, і перад сваімі дзецьмі, якія цярпяць ад рэпрэсій цяперашняй улады — супраць іх заведзеныя крымінальныя справы:
самая большая матывацыя для мяне, — гэта мая ўнучка Машанька ...

"І гэта ўсё робіцца для таго, каб прыпыніць маю дзейнасьць. Ня спыняць. Яшчэ больш буду мужным, буду моцным, таму што хачу, каб жыцьцё было іншым. І, можа, самая большая матывацыя для мяне, — гэта мая ўнучка Машанька. Я не хачу, каб аднойчы Маша прыйшла да мяне і сказала: "Дзядуля, я хачу зьехаць на Захад, таму што я ня бачу для сябе ў гэтай краіне пэрспэктывы". Дзеля гэтага ўсяго, абсалютна шчыра вам кажу, я іду ў кампанію і буду змагацца да перамогі".

Мілінкевіч заявіў, што мае сур'ёзную каманду, разьлічвае на падтрымку суб'ектаў Беларускага незалежніцкага блёку, грамадзкай супольнасьці і актыўнай моладзі. Спадар Мілінкевіч мае стратэгію ня толькі на перадвыбарчую кампанію, але і на вулічны пратэст:
калі няма дэмакратыі на ўчастках для галасаваньня, то дэмакратыя рэалізуецца на вуліцы ...

"Улада мусіць лічыць галасы разам з намі. Лічыце галасы — мы пачынаем прызнаваць выбары, якія вы арганізоўваеце. Ня лічыце — мы заклікаем людзей на вулічны мірны пратэст, які не прывядзе да хаосу і крывавых рэвалюцый. Але калі няма дэмакратыі на ўчастках для галасаваньня, то дэмакратыя рэалізуецца на вуліцы".

Перадвыбарчая праграма Мілінкевіча ўяўляе сабой у палітычным пляне правацэнтрысцкі погляд на разьвіцьцё краіны, у эканамічным пляне — лібэральны. Мілінкевіч выступае, у прыватнасьці, за вяртаньне да Канстытуцыі 1994 году, за далучэньне Беларусі да Эўрапейскага Зьвязу, за захаваньне нэўтральнага статусу краіны, за магчымасьць продажу зямлі, свабоду СМІ, заяўны прынцып рэгістрацыі партый і іх бюджэтнае фінансаваньне, за выбарнасьць судзьдзяў, за прыярытэт прыватнаму бізнэсу, дзяржаўныя гарантыі годнага жыцьця настаўнікаў, мэдыкаў, падтрымку пэнсіянэраў:

"Колькі часу трэба на тое, каб правесьці зьмены на Беларусі? У нас ёсьць канкрэтны плян, які дазваляе верыць у тое, што за 5 гадоў мы ў стане правесьці найбольш важныя пераўтварэньні ў нашай краіне і празь 5 гадоў быць вельмі блізкімі да ўзроўню эўрапейскага жыцьця".

Аляксандар Мілінкевіч заявіў пра эрозію і непакой у цяперашняй уладзе, пра рост пратэстных настрояў у грамадзтве. Галоўным лёзунгам сваёй кампаніі Аляксандар Мілінкевіч абраў словы: "Эўрапейская Беларусь".

ВІДЭА

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG